Фотаздымкі з дзядулевага альбома

- 12:16Культура

Адказна і крэатыўна паставіліся да правядзення ІІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” у беларускай сталіцы. На працягу практычна ўсёй восені 2014 і студзеня 2015 года навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі ўсіх раёнаў Мінска творча спаборнічалі паміж сабой за права выйсці ў гарадскі фінал. Па выніках адборачных выступленняў былі вызначаны ўладальнікі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступені і дыпломаў за ўдзел у конкурсе: 22 асобныя выканаўцы і творчыя калектывы ў намінацыі “Мастацкае слова”, 3 канферанс-групы ў намінацыі “Канферанс”, 10 харавых калектываў у намінацыі “Харавая творчасць”, 59 вакалістаў і вакальных груп у самай папулярнай намінацыі “Вакальная творчасць” і 56 ансамбляў і тэатраў танца ў намінацыі “Харэаграфічная творчасць” (народны танец, народна-сцэнічны танец, эстрадны танец, бальны танец, сучасны танец). А 26 лютага на сцэне Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі адбыўся гала-канцэрт прызёраў, які ў той жа час меў функцыі конкурснай праграмы Мінска ў рамках Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.

Як паведаміла загадчыца сектара конкурсна-фестывальных і тэатральна-відовішчных мерапрыемстваў Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Дар’я Пружаноўская, да ўдзелу ў гала-канцэрце амаль на сто працэнтаў былі запрошаны ўладальнікі дыпломаў І ступені на гарадскім этапе конкурсу. “Фактычна вы тут бачыце самых яркіх дзяцей сталіцы. Я нават не вазьмуся сказаць, які з жанраў мастацкай творчасці прадстаўлены на гала-канцэрце найбольш таленавіта і арыгінальна. Мне здаецца, што цудоўныя яны ўсе — і танцавальныя ансамблі, і харавыя калектывы, і вакалісты, і інструменталісты, і акцёры, і тэатры моды… Нам сапраўды было з чаго выбіраць нумары для гала-канцэрта”, — адзначыла Дар’я Віктараўна.
А пра крэатыў у самым пачатку гэтых нататак я згадаў невыпадкова. Гэтым самым крэатывам і арыгінальнасцю арганізатары сталічнага гала-канцэрта здзівілі ўжо з самых першых яго хвілін, калі на сцэне Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі выйшлі вядучыя (Марыя Саковіч з гімназіі № 192 і Валерыя Юргелевіч, Антон Худзякоў, Мікіта Кляшчоў, Васіль Бурэйка з тэатральнага калектыву “Штучка” МДПДіМ) і пачалі абмяркоўваць, як напоўніць ім іх уласны інтэрнэтаўскі сайт, які яны вырашылі стварыць для сябе і для наступных пакаленняў. Урэшце высветлілася, што на гэтым сайце знойдзецца месца ўсяму, чым жыве (ці павінна была б жыць на добры лад) сённяшняя моладзь: і нацыянальнай культуры (сваёй і іншых народаў), і класічнаму мастацтву, і розным сучасным маладзёжным субкультурам, і, безумоўна, памяці пра гісторыю сваёй краіны, пра Вялікую Перамогу, здабытую дзядулямі і прадзядулямі сённяшніх дзяцей.
Канцэртная праграма сталічных удзельнікаў конкурсу “Прывітанне, свет!” стала адмысловым метафарычным увасабленнем працэсу напаўнення вышэйзгаданага сайта. Канцэртныя нумары адзін за адным як бы запампоўваліся ў пэўную віртуальную прастору, а перадусім — у свядомасць гледачоў і слухачоў. Нічога не скажаш — канцэптуальна, сучасна, арыгінальна.
Пры гэтым гала-канцэрт быў выразна падзелены на тры блокі. У першым, які сімвалічна называўся “Народныя ўзоры”, сваё майстэрства ў харэаграфічнай і вакальнай творчасці народнага кірунку прадэманстравалі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Чабарок” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, узорны вакальна-харэаграфічны ансамбль “Жалейка” Цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна, узорны харэаграфічны ансамбль “Сузор’е” сярэдняй школы № 121, народны ансамбль дзіцячай вакальнай студыі “Мікс” сярэдняй школы № 161 і асобна салісткі гэтага калектыву Дар’я Толкач і Дар’я Каваленка, харэаграфічны калектыў “Карусель” сярэдняй школы № 162. Адмысловую калекцыю адзення “Малочныя рэкі, пернікавыя гарады” паказаў народны калектыў “Дзіцячая мода” МДПДіМ. У праграмцы канцэрта, якую далі аўтару гэтых радкоў, насупраць кожнага з нумароў стаяць паметкі: “Хораша”, “Цудоўна”, “Магутна”, “Выбітна”, “З запалам”, “Прыгожа”, “Сапраўдны фальклорны голас”
і г.д. Насупраць самага першага нумара канцэрта — харэаграфічнай кампазіцыі па матывах народных гулянняў у выкананні ансамбля “Чабарок” — пазначана: “Не забыць гэты надзвычай кранальны момант! Старэйшы хлопец проста падчас танца на сцэне паспявае яшчэ і пагладзіць свайго малодшага калегу-хлопчыка па галаве!”
Безумоўна, самым напружаным атрымаўся другі блок канцэрта “Дзядулеў альбом”, прысвечаны непасрэдна 70-годдзю Вялікай Перамогі. Агульны тон пранікнёнага прызнання ва ўдзячнасці героям Вялікай Айчыннай вайны задала ўжо ў першым нумары блока Марыя Саковіч з гімназіі № 192. Гэты нумар называўся “Мае фотаздымкі”. Перад яго пачаткам, убачыўшы ў руках Марыі нейкі фотаальбом, вядучы ў яе запытаўся: “Маша, ну чаму ты так носішся з гэтымі папяровымі фоткамі? Усе даўно ўжо захоўваюць фотаздымкі на флэшках!” І яна, гартаючы той альбом, адказала, чаму: “Гэтыя фотаздымкі няпростыя… З іх глядзіць мой родны дзядуля, які, будучы ў гады вайны амаль такім маладым, як мы, змагаўся за мір, за свабоду, за тое, каб мы з табой сёння маглі спакойна жыць. Гэтыя фотаздымкі — сапраўдны скарб…” А потым, гартаючы фотаальбом, Марыя Саковіч у тэатральнай форме распавяла гісторыю свайго дзядулі, героя Вялікай Айчыннай. Так сайт, пра які мы гаварылі вышэй, стаў запаўняцца яшчэ і ўнікальным архіўным чорна-белым фотаматэрыялам… Сваю мастацкую даніну Вялікай Перамозе таксама аддалі ансамбль “Лялькі” сярэдняй школы № 194, спявачкі Аляксандра Кандрашэнка з сярэдняй школы № 116 і Дар’я Сінюк з мінскай сярэдняй школы № 208, узорны харэаграфічны ансамбль “Данс-авеню” гімназіі № 5, студыя эстраднага танца “Асарці” сярэдняй школы № 191, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь хор “Крынічка” МДПДіМ, народная студыя дызайну адзення “Свой стыль” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк”, чытальнікі Уладзімір Чуклай з ЦДАДіМ “Вікторыя” і Аляксей Півавараў з гімназіі № 174.
Нарэшце, трэці блок канцэртнай праграмы “Гэта — мы!”, па задуме яе аўтараў, павінен быў паказаць, як “спалучаецца ў разуменні сённяшняй моладзі класіка і сучаснасць і што з гэтага ў канчатковым выніку атрымліваецца” (са слоў вядучых). А ў выніку атрымалася сапраўдная феерыя бліскучых харэаграфічных, музычных і тэатральных нумароў. Успомніць хоць бы таго ж Уладзіслава Бялова з гімназіі № 17, які выканаў на фартэпіяна напісаную ім кампазіцыю “Вясёлы дэльфін”. Або ўзорны ансамбль старадаўняй і сучаснай музыкі Brevis з сярэдняй школы № 13. Пералік усіх выканаўцаў, якія выступілі ў трэцім, самым працяглым блоку, быў бы занадта доўгі…
Без каліва так званага сталічнага патрыятызму хочацца канстатаваць, што сёлета на аглядзе-конкурсе “Прывітанне, свет!” Мінск паказаў свой высокі, сапраўды сталічны ўзровень. І ў гэтым са мной пагадзіліся члены рэспубліканскага журы, напрыклад, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву ансамбля танца “Белая Русь” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Анатоль Карповіч, які адзначыў сур’ёзную харэаграфічную падрыхтоўку выступоўцаў. Дарэчы, старшыня журы — кампазітар кіраўнік народнага вакальна-інструментальнага ансамбля “Чырвоныя зоркі” НЦМТДіМ Генадзь Маркевіч — таксама звярнуў увагу ў першую чаргу на харэаграфію: “Я вельмі ўражаны, асабліва харэаграфічнымі нумарамі. Харэаграфія, якую паказалі ў Мінску… я не буду адкрыта гаварыць, што яна лепшая, чым у абласцях, але яна проста нейкая іншая. Тут мы пабачылі ўжо не проста танцавальныя выступленні, а, калі хочаце, цэлыя харэаграфічныя перформансы, калі можна так сказаць. Сучасныя і вельмі-вельмі яркія”.
Многіх з герояў конкурснай праграмы Мінска мы, безумоўна, убачым яшчэ на заключным гала-канцэрце пераможцаў і прызёраў ІІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, які адбудзецца 24 сакавіка на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.