ФПБ актывізуе работу ў сацыяльных сетках

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўзмоцніць інфармацыйную работу. Аб гэтым паведаміў старшыня федэрацыі Міхаіл Орда ў час ІІІ Пленума Савета ФПБ.

“Мы павінны нарасціць сваю прысутнасць у сродках масавай інфармацыі. Для гэтага цяпер ствараецца карэспандэнцкая сетка пазаштатных аўтараў, куды ўвойдуць журналісты, замацаваныя за галіновымі прафсаюзамі і нашымі абласнымі, гарадскімі і раённымі аб’яднаннямі”, — сказаў Міхаіл Орда. Паводле яго слоў, работа ў гэтым напрамку ўжо дае пэўны вынік. Сюжэтаў, артыкулаў і інтэрнэт-публікацый на прафсаюзныя тэмы стала значна больш, што дае магчымасць фарміраваць пазітыўны імідж прафсаюзаў.
У той жа час Міхаіл Орда адзначыў, што ёсць напрамкі, па якіх прафсаюзы аб’ектыўна прайграюць. У першую чаргу гэта прысутнасць у інтэрнэце. “Цяпер актыўна вядзецца работа па стварэнні прафсаюзнага інтэрнэт-партала. Гэта будзе магутны рэсурс з вялікай колькасцю магчымасцей. Гэта інтэрактыўнае тэлебачанне, анлайн-праверка калектыўных дагавораў і юрыдычная кансультацыя, прафсаюзнае радыё, віртуальны музей гісторыі прафсаюзнага руху і шмат іншага. Безумоўна, на гэтым рэсурсе будуць прадстаўлены і ўсе членскія арганізацыі федэрацыі, яе арганізацыйныя структуры, а таксама асацыіраваныя члены. Гэта павінен быць вельмі цікавы і насычаны інфарматыўны партал нацыянальнага ўзроўню”, — сказаў старшыня ФПБ.
Акрамя таго, неабходна актывізаваць работу ў сацыяльных сетках. Сёння гэта адзін з самых эфектыўных механізмаў данясення інфармацыі да кожнага, падкрэсліў Міхаіл Орда.