Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выразна адчувае настрой у грамадстве і не можа заставацца ўбаку ад выбараў. Аб гэтым заявіў яе старшыня Міхаіл Орда на сустрэчы з папярэдняй місіяй Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.
“Федэрацыя прафсаюзаў — арганізацыя, якая выразна адчувае настрой у грамадстве, паколькі мы прадстаўлены ва ўсіх сектарах эканомікі нашай дзяржавы. Безумоўна, мы не можам заставацца ўбаку ад таго, што адбываецца ў краіне, і, адпаведна, ад выбараў, паколькі менавіта ад іх залежыць яе далейшы лёс”, — сказаў Міхаіл Орда.
Старшыня ФПБ звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі сацыяльныя пытанні кантралююцца на найвышэйшым узроўні — акцэнт робіцца на захаванні рабочых месцаў і працоўных калектываў, своечасовай выплаце заработнай платы, распаўсюджванні сацыяльных гарантый на ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу. Акрамя таго, не дапускаецца рэзкае расслаенне грамадства па даходах. “Прафсаюзы лічаць, што рэзкае расслаенне грамадства па даходах, карупцыя якраз садзейнічаюць узнікненню сацыяльных узрушэнняў, напружання”, — адзначыў Міхаіл Орда.
Паводле яго слоў, ФПБ знаходзіцца ў пастаянным кантакце з беларускім урадам, Рэспубліканскім саюзам наймальнікаў, дзякуючы чаму рэгулярна абмяркоўваюцца існуючыя ў эканоміцы праблемы. “Часта спрачаемся, ёсць пытанні, па якіх бяром тайм-аўт, але самае галоўнае, мы заўсёды стараемся знайсці кампрамісы”, — запэўніў старшыня ФПБ.
Ён таксама дадаў, што ў Беларусі існуе генеральнае пагадненне паміж урадам і рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў — гэты дакумент уяўляе сабой своеасаблівыя правілы гульні, якія прапісваюцца тэрмінам на два гады.
У сваю чаргу турэцкі дэпутат Рэха Дэнемеч, які ўзначальвае місію ПАСЕ, адзначыў, што гэтая місія з’яўляецца папярэдняй, аднак ён спадзяецца, што ў яе будзе магчымасць прысутнічаць у Беларусі непасрэдна ў дзень правядзення прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка.
Папярэдняя місія (дэлегацыя) ПАСЕ знаходзілася ў Беларусі з візітам 8—9 верасня. За час візіту адбыліся сустрэчы са спікерамі абедзвюх палат беларускага парламента — Міхаілам Мясніковічам і Уладзімірам Андрэйчанкам, кіраўніком ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.