Францыя: школьнік у Парыжы дапамагае абараніць прыроду роднага горада

- 13:30Паралелі

Дапамагчы абараніць прыроду і ачысціць галоўную раку французскай сталіцы ад смецця. Такую няпростую мі­сію ўзяў на сябе звычайны 11-гадовы парыжскі школьнік Рафаэль, перадае “Першы канал”.

З дапамогай магніта хлопчык дастае з Сены патоплены металічны лом. За паўтара года яго ўлоў склаў 300 веласіпедаў, 200 самакатаў і 100 калясак з супермаркетаў, ёсць і небяспечныя прадметы (пісталеты, снарад часоў вайны) і яшчэ шмат усякай дробязі.

“Я адчуваю, што раблю нешта для планеты, няхай нават зусім не шмат, але як магу. Прынамсі, хоць нешта. Некаторыя хлопцы ў маім узросце проста сядзяць дома або, напрыклад, у футбол ганяюць. А я вось прыбіраю, калі і не ўсю планету, то хоць маленькі кавалачак”.

У мінулым годзе Рафаэля нават узнагародзілі асаблівым медалём за выдатны ўклад у развіццё горада. А зусім хутка на беразе Сены адкрыецца выстава самых кур’ёзных прадметаў, якія яму ўдалося вывудзіць з ракі.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.