Францыя — Віцебшчына: дыялог і супрацоўніцтва

У ходзе рабочай паездкі ў Паўночны рэгіён Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канес сустрэўся з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, Віцебскага гарвыканкама, прадстаўнікамі бізнес-колаў, а таксама наведаў Дом-музей Марка Шагала на Пакроўскай, Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, ВДУ імя П.М.Машэрава і гімназію № 9 абласнога цэнтра. Паездка насіла азнаямленчы характар.

Падчас сустрэчы ў аблвыканкаме кіраўнік французскай дыпламатычнай місіі асобны акцэнт зрабіў на супрацоўніцтве паміж Францыяй і Віцебшчынай у сферы культуры і адукацыі. Адной са знакавых падзей культурнага жыцця Парыжа сёлета стала экспазіцыя “Шагал, Лісіцкі, Малевіч. Рускі авангард у Віцебску (1918—1922)”, прымеркаваная да 100-гадовага юбілею заснаванага Маркам Шагалам народнага мастацкага вучылішча. У экспазіцыі былі прадстаўлены больш за 180 твораў з усяго свету, вялікая частка з фондаў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу, а таксама 23 работы з фондаў Віцебскага мастацкага музея. Абмяркоўваліся пытанні ўдзелу французскага боку ў знакавых культурных праектах Віцебшчыны, сярод якіх Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, фестывалі сучаснай харэаграфіі і арганнай музыкі “Званы Сафіі” і сумесныя выставачныя праекты, прысвечаныя творчасці Марка Шагала, Казіміра Малевіча. Віцебск гатовы выступіць з ініцыятывай аб уключэнні ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА звязаных з імем Марка Шагала аб’ектаў — дома-музея мастака, будынка народнага мастацкага вучылішча — і спадзяецца на падтрымку Францыі па гэтых пытаннях. Дзідзье Канес падкрэсліў зацікаўленасць Францыі ў рознабаковым супрацоўніцтве з Беларуссю і Віцебскай вобласцю ў прыватнасці, у тым ліку ў праектах, накіраваных на вывучэнне французскай мовы.

Візіт у ВДУ імя П.М.Машэрава быў арганізаваны па ініцыятыве абласнога выканаўчага камітэта. Рэктар універсітэта Аляксей Ягораў і першы прарэктар Валянціна Багатырова прадставілі высокаму замежнаму госцю факультэты ВДУ, яго дасягненні, абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі Францыі, арганізацыю сумесных студэнцкіх маладзёжных праектаў, акадэмічнага абмену, практык і стажыровак студэнтаў і выкладчыкаў, якія вывучаюць французскую мову і валодаюць ёй. Студэнты філалагічнага факультэта падрыхтавалі прэзентацыю альма-матар, універсітэцкіх заняткаў па французскай мове і прапанавалі паглядзець зняты студэнцкім тэлебачаннем відэаролік, героі якога адказвалі, чаму на вышэйшай ступені адукацыі яны выбралі менавіта французскую мову.

На жаль, па назіраннях дыпламата, на фоне росту прэстыжнасці франкаадукацыі за мяжой назіраецца пэўнае зніжэнне цікавасці беларускіх школьнікаў да вывучэння французскай мовы. А між тым каля 270 мільёнаў людзей на пяці кантынентах называюць яе роднай, па папулярнасці ў свеце яна займае трэцяе месца як бізнес-мова і чацвёртае месца па распаўсюджанасці ў інтэрнэце.

— Мы імкнёмся падтрымліваць навучанне французскай мове ў Беларусі, арганізуем педагагічныя стажыроўкі для настаўнікаў, прадстаўляем кнігі, вучэбныя матэрыялы, накіроўваем асістэнтаў французскай мовы — выкладчыкаў з Францыі, — нагадаў Дзідзье Канес. — Створана сетка двухмоўных франкафонных секцый, адна з якіх функцыянуе ў гімназіі № 9 Віцебска.

Гімназію № 9 Віцебска звязвае з Францыяй даўняе сяброўства. Як паведаміла першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч, навучэнцы білінгвістычнай секцыі гэтай установы адукацыі штогод пацвярджаюць высокі ўзровень сваёй падрыхтоўкі. Толькі за тры апошнія гады прадстаўнікі гімназіі заваявалі 29 дыпломаў на трэцім і 7 — на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па французскай мове, двое гімназістаў атрымалі запрашэнне паехаць на стажыроўку ў Францыю. Плённымі з’яўляюцца і выступленні на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў па французскай мове. За азначаны вышэй час скарбонку дасягненняў гімназіі папоўнілі 6 дыпломаў Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка” (якая з’яўляецца абласным этапам конкурсу) і 4 дыпломы, атрыманыя на заключным этапе. Гонар установы адукацыі — франкафонны тэатр “Аванцюрын”. З 2006 года тэатральны калектыў пад кіраўніцтвам педагогаў Веры Карнялюк і Валянціны Перастаронінай штогод удзельнічае ў рэспубліканскім фестывалі франкафонных тэатраў у Мінску. Неаднаразова артысты тэатра “Аванцюрын” былі адзначаны ўзнагародамі фестывалю ў розных намінацыях, а ў 2011 годзе за лепшае выкананне мужчынскай ролі Андрэй Куліеў узнагароджаны падарожжам у Францыю.

— Білінгвістычныя франкафонныя групы былі адкрыты ў нас у верасні 2006 года на падставе пагаднення ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, аддзела адукацыі гарвыканкама і Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь, — праінфармавала дырэктар гімназіі Ала Аненкава. — Да гэтай інавацыі мы далучыліся трэцімі ў краіне. У лістападзе 2015 года ўступіла ў сілу пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і міністрам замежных спраў і міжнароднага развіцця Францыі аб адкрыцці і функцыянаванні двухмоўных франкафонных секцый у нашай краіне. Такая секцыя ў гімназіі працуе не толькі на павышэнне прэстыжу французскай мовы і прадастаўленне навучэнцам магчымасці атрымання сярэдняй адукацыі еўрапейскага ўзроўню, але і пашырэнне сферы прымянення замежных методык яе выкладання, укараненне новых элементаў у айчынную методыку. У нас дзейнічае двухмоўная мадэль навучання, пры якой дзве мовы з’яўляюцца мовамі выкладання і выконваюць як вучэбную, так і камунікатыўную функцыю, таму што замежная мова — гэта не толькі аб’ект вывучэння, але і сродак атрымання ведаў, пазнання. Такім чынам, дасягаецца двайны эфект: набываюцца новыя веды і ўдасканальваюцца навыкі, развіваюцца ўменні валодання французскай мовай.

Білінгвістычныя франкафонныя групы ў гімназіі фарміруюцца з улікам пажаданняў навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў на падставе іх заяў і вынікаў уступных іспытаў па 4 асноўных відах дзейнасці (разуменне мовы на слых, разуменне прачытанага, інтэрактыўныя зносіны, пісьмовае выказванне). Такі экзамен арганізуецца сярод навучэнцаў, якія скончылі 7 класаў, на ўзроўні А1 згодна з патрабаваннямі Еўрапейскага моўнага партфеля. У канцы навучальнага года праводзяцца перавадныя выпрабаванні, якія пацвярджаюць узровень валодання замежнай мовай у адпаведнасці са стандартамі Еўрапейскага моўнага партфеля. Поўны курс навучання ў білінгвістычнай секцыі разлічаны на 4 гады. Ён уключае таксама вывучэнне нелінгвістычных дысцыплін (“Гісторыя Францыі”, “Літаратура Францыі”, “Уводзіны ў сацыяльна-эканамічныя навукі”) і заканчваецца атрыманнем дыплома з указаннем дасягнутага ўзроўню валодання французскай мовай. Атрыманая падрыхтоўка дазваляе навучэнцам працягнуць адукацыю ў беларускіх установах вышэйшай адукацыі, сумяшчаючы яе з вучобай у франка-беларускім цэнтры ў Мінску або ў франкамоўных універсітэтах Еўропы. За час работы білінгвістычнай секцыі з 2006 года дыпломы аб яе заканчэнні атрымалі 100 навучэнцаў са 147 выпускнікоў.

Да сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Францыі ў Рэспубліцы Беларусь навучэнцы падрыхтавалі прэзентацыю сацыяльнага агульнагімназічнага праекта “Імідж жыхара культурнай сталіцы”. Педагогі — удзельнікі метадычнага аб’яднання настаўнікаў французскай мовы азнаёмілі госця з франкафоннай адукацыяй у гімназіі. Свабодны мікрафон “Актыўнае камунікатыўнае навучанне ў фарміраванні гатоўнасці навучэнцаў да міжкультурнага дыялогу” правяла кіраўнік білінгвістычнай секцыі — настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Пальмавых галін Рэспублікі Францыя Вера Карнялюк.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.