Фундамент значных перамог закладваецца ў юным узросце

- 12:01Інфармацыйная гадзіна

У Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі адбылася 10-я цырымонія ўручэння імянных пасведчанняў стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У якасці стыпендыятаў на 2016 год вызначаны 176 маладых спартсменаў, спартсменаў-параалімпійцаў і 28 трэнераў-выкладчыкаў.

Як адзначыў старшыня цэнтральнага савета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Прэзідэнцкі спартыўны клуб” Дзмітрый Лукашэнка, фундамент значных перамог закладваецца ў юным узросце. “Узняўшыся на верхні паверх Нацыянальнага алімпійскага камітэта, у Залу алімпійскай славы, мы апынуліся сярод чэмпіёнаў, якія пабывалі ўжо на подыумах найбуйнейшых спаборніцтваў і ажыццявілі сваю спартыўную мару. Цяпер ваша чарга! Амаль 80 працэнтаў цяперашніх стыпендыятаў з’яўляюцца прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розных узростах, а больш за трэць з вас прыходзяць на цырымонію не першы раз. Традыцыйна большым прадстаўніцтвам вызначаюцца віды спорту, дзе сцяг Беларусі з’яўляецца пастаянным удзельнікам цырымоній узнагароджання найбуйнейшых спартыўных форумаў”, — сказаў Дзмітрый Лукашэнка.
Захоўваючы традыцыі, клуб стараецца прытрымлівацца сучасных тэндэнцый развіцця сусветнага спорту. “У апошнія гады сярод стыпендыятаў з’яўляюцца прадстаўнікі новых відаў спорту, якія паспелі ўжо набыць папулярнасць. Трымаючы ў галаве іх алімпійскія перспектывы, а таксама захапленні моладзі, клуб уважліва сочыць за вектарам развіцця сусветнага спорту”, — адзначыў старшыня цэнтральнага савета клуба.
Паводле яго слоў, пераемнасць і традыцыі — важныя элементы поспеху ў спорце. Стыпендыі клуба на 2016 год удастоены 28 трэнераў. “Прыемна бачыць, як былыя стыпендыяты Прэзідэнцкага спартыўнага клуба цяпер прысутнічаюць у якасці маладых перспектыўных трэнераў”, — падкрэсліў Дзмітрый Лукашэнка.
Стыпендыі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба будуць выплачвацца спартсменам і трэнерам-выкладчыкам са студзеня 2016 года.