Футбол як педагагічны поспех

- 13:34Актуально, Апошнія запісы

Днямі ў Мінску на базе сярэдняй школы № 61 былі падведзены вынікі фінальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “Урок (гадзіна) футбола”. Пераможцаў віншавалі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, старшыня асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Сяргей Румас, намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Баляба, старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык і інш.

Ідэя арганізаваць падобны конкурс узнікла ў Рэспубліканскім цэнтры фізічнага выхавання навучэнцаў і студэнтаў два гады назад, яе падтрымала Міністэрства адукацыі і асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола”. З таго часу гэта паспяховы праект, які выявіў нямала педагагічных талентаў, эфектыўных форм работы па фізічным выхаванні і ўлюбіў у футбол не адну сотню дзяцей. Яго ўдзельнікі і арганізатары спадзяюцца, што ён стане адной з самых яркіх традыцый міжгаліновага супрацоўніцтва.
Сёлетні конкурс набыў яшчэ большую колькасць прыхільнікаў. Калі ў мінулым годзе на абласных і Мінскім гарадскім этапах было прадстаўлена 200 праектаў, то ў гэтым годзе — больш за 250 аўтарскіх работ настаўнікаў фізічнай культуры.
Галоўнымі крытэрыямі ацэнкі праектаў сталі вынікі педагогаў па навучанні навыкам футбола на ўроках фізічнай культуры, работа на базе ўстаноў адукацыі секцый, аб’яднанняў па інтарэсах пад іх кіраўніцтвам, а таксама арганізацыя футбольнага адпачынку падчас летняй аздараўленчай кампаніі. Вынікі Рэспубліканскага конкурсу “Урок (гадзіна) футбола” падведзены ў трох катэгорыях: у першую катэгорыю ўвайшлі праекты, якія адлюстроўваюць работу ва ўсіх трох вышэйпазначаных кірунках, у другую — у двух з кірункаў і ў трэцюю — якія адлюстроўваюць толькі адзін кірунак работы.
Па рашэнні журы, пераможцамі фінальнага этапу прызнаны 60 педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны. Таксама ўзнагароды атрымалі трэнеры дзіцячых спартыўных школ, выхаванцы якіх дасягнулі найлепшых вынікаў у футболе ў 2014 годзе.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.