Г.Катулін: “II Еўрапейскія гульні — магчымасць для кожнага беларуса стаць часткай маштабнай падзеі”

II Еўрапейскія гульні — магчымасць для кожнага беларуса стаць часткай маштабнай падзеі кантынентальнага ўзроўню. Пра гэта сказаў 13 сакавіка дырэктар фонду “II Еўрапейскія гульні 2019 года” Георгій Катулін у прывітальным слове за 100 дзён да старту мультыспартыўнага форуму, паведамілі ў прэс-службе фонду.

“Да пачатку адной з самых грандыёзных падзей у сусветным спартыўным календары 2019 года — II Еўрапейскіх гульняў — засталося роўна 100 дзён. Гэты праект мае сапраўды агульнана­цыянальны характар, паколькі па сваім маштабе старты, што хутка адбудуцца, стануць найбуйнейшымі ў сучаснай гісторыі Беларусі”, — адзначыў Георгій Катулін.

II Еўрапейскія гульні — гэта 10 спаборніцкіх дзён па 15 відах спорту, на ­працягу якіх будзе разыграна 199 кам­плектаў узнагарод. Еўрапейскія гульні — гэта 50 краін Старога Свету, звыш 4000 атлетаў, больш за 1000 акрэдытаваных журналістаў і больш за 200 тэлевізійных камер для арганізацыі міжнародных трансляцый. Агульны аб’ём вяшчання са спартыўных арэн перасягне 500 гадзін.

Як адзначыў Георгій Катулін, неацэнны ўклад у рэалізацыю такога праекта, як Еўрапейскія гульні, унясуць больш за 8000 валанцёраў з усяго свету, пры гэтым сваё жаданне мець дачыненне да каманды добраахвотнікаў выказала больш за 24 000 за­цікаўленых. Гульні — гэта дзясяткі тысяч замежных гасцей, якія прые­дуць у Мінск атры­маць асалоду не толькі ад спартыўнай, але і культурнай праграмы форуму, пазнаёміцца з Беларуссю або нанава адкрыць яе для сябе.

“II Еўрапейскія гульні — гэта магчымасць для кожнага беларуса стаць часткай маштабнай падзеі кантынентальнага ўзроўню, што яшчэ больш важна. Гэта магчымасць расказаць пра нашу краіну не толькі Еўропе, але і ўсяму свету, паколькі мільёны балельшчыкаў на планеце будуць з цікавасцю назіраць за баталіямі, якія разгорнуцца ў Мінску ў чэрвені 2019 года.

Мы ўступаем у новы этап падрыхтоўкі да мультыспартыўнага форуму. Сотні прафесіяналаў з розных галін правялі ўжо каласальны аб’ём работы па падрыхтоўцы да гульняў. І важна, што гэты праект не пройдзе бясследна, будзе сфарміравана значная матэрыяльная і нематэрыяльная спадчына: мадэрнізавана вулічна-дарожная і транспартная сеткі, абноўлены рухомы састаў, палепшаны спартыўная і гарадская інфраструктура, палепшана сістэма аказання хуткай медыцынскай дапамогі, узмоцнены кадравы патэнцыял, наладжана ўзаемадзеянне на ўсіх узроўнях улады, што можа быць у далейшым выкарыстана пры рэалізацыі іншых маштабных праектаў. Мы плануем прыцягнуць грамадскую ўвагу да стварэння безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, развіцця валанцёрскага руху ў Беларусі, а таксама да пытанняў экалогіі, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця. Нам пад сілу зрабіць гэты час часам сапраўды яркіх перамог не толькі для шматлікіх спартсменаў, якія прыбу­дуць у нашу краіну, але і для кожнага яе жыхара”, — адзначыў Георгій Катулін.