Гадавы спартыўны марафон

Па ініцыятыве Глускага аддзела адукацыі, спорту і турызму ў раёне перыядычна праводзяцца масавыя турніры, спартакіяды, спаборніцтвы.

Так, у глускай сярэдняй школе № 1 імя С.І.Грахоўскага з пачатку верасня адкрылі гадавы спартыўны марафон. Кожная субота будзе праходзіць у навучальнай установе пад знакам спорту.

— Раней у нас прайшоў агульнашкольны лёгкаатлетычны крос. Вучні розных узроставых катэгорый спаборнічалі на розных дыстанцыях. Усяго на старт выйшла звыш 200 дзяцей з пятага па адзінаццаты клас. Гэта больш за палову нашых навучэнцаў. Лепшыя бегуны атрымалі на фінішы ганаровыя граматы. Але і тыя, хто не ўвайшоў у лік пераможцаў, не сумавалі, бо цікава правялі вольны час, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аляксандра Мікалаеўна Дземідзенка.

Па яе словах, у верасні прайшлі таксама спаборніцтвы па футболе, дзень веласіпедыста. У планах яшчэ шмат цікавых мерапрыемстваў, якія на працягу года будуць прыцягваць вучняў да спорту. Сярод іх калядны турнір па валейболе, спаборніцтвы па хакеі. Перыядычна будуць праводзіцца сямейныя спартакіяды, каб аб’ядноўваць у карыснай справе дзяцей і бацькоў. А самы актыўны клас, па выніках усіх субот навучальнага года, атрымае ў якасці ўзнагароды падарожжа па Беларусі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *