Гадуюць патрыётаў

Далучэнне да нацыянальнай культуры неабходна пачынаць змалку. У гэтым перакананы педагогі Касцюковіцкага раёна. Выхоўваць патрыятызм тут пачынаюць з дашкольнага ўзросту. Малышам прывіваюць любоў да малой радзімы, роднай мовы, народнай культуры. У гэтай важнай справе ўстановы дашкольнай адукацыі маюць надзейных партнёраў — установы культуры. Усебаковае ўзаемадзеянне прыносіць значны плён.

— Адным са шляхоў далучэння дзяцей да беларускасці з’яўляецца ўстанаўленне трывалых сувязей з дзіцячай бібліятэкай, краязнаўчым музеем, Домам рамёстваў, школай мастацтваў, музычнай школай і іншымі ўстановамі культуры раёна. Работа ў гэтым напрамку носіць комплексны характар. Напрыклад, узаемадзеянне з мясцовымі этнаграфічнымі і краязнаўчым музеямі грунтуецца на фарміраванні ў дашкольнікаў пачуццяў нацыянальнай прыналежнасці, павагі да Айчыны, любові да малой радзімы, далучэння да нашай спадчыны. Работнікi музеяў разам з выхавальнікамі праводзяць тэматычныя заняткі, збіраюць і афармляюць метадычныя матэрыялы, якія пасля актыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе. Агульнымі намаганнямі ва ўсіх дзіцячых садках створаны этнаграфічныя пакоі “Беларуская хатка”, куткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія знаёмяць выхаванцаў з жыццём і побытам продкаў, — расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Дзянісава.

Важкі вынік прынесла ўзаемадзеянне супрацоўнікаў музеяў і педагагічнага калектыву ясляў-сада № 2 райцэнтра. У рамках адпаведнага інавацыйнага праекта ў дашкольнай установе быў створаны рэгіянальны віртуальны музей, зместам якога з’яўляюцца аўтарскія матэрыялы. Гэта і электронны рэсурс “Беларуская народная цацка”, дыдактычныя матэрыялы “Прадметныя мадэлі”, “Мова продкаў”, дыдактычныя гульні “Беларускія народныя цацкі”, “Беларускі касцюм — наш здабытак” і іншыя.

— Віртуальны музей вельмі спрыяе фарміраванню ў выхаванцаў уяўленняў аб цацках з гліны, саломкі, дрэва, ільну, развіццю мастацкага ўспрымання і выхавання каштоўнаснага стаўлення да прадуктаў творчай дзейнасці народных майстроў, у тым ліку і майстроў свайго роднага горада, — адзначыла Валянціна Іванаўна.

Па яе словах, яшчэ адной традыцыяй па прывіцці дзецям любові да Бацькаўшчыны стала штогадовае правядзенне ва ўстановах дашкольнай адукацыi разам з дзіцячай бібліятэкай Дня беларускага пісьменства ў верасні, Міжнароднага дня роднай мовы ў лютым, Тыдня дзіцячай кнігі ў сакавіку, а таксама разнастайных акцый, прысвечаных памятным датам. І ўсе мерапрыемствы маюць свой вынік. Так, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 райцэнтра пасля правядзення акцыі “Гэтыя кнігі чыталі нашы таты і мамы” з’явілася выдатная калекцыя савецкай дзіцячай літаратуры. А ў Новасаматэвіцкім яслях-садзе, дзякуючы дапамозе мясцовай бібліятэкі, быў абсталяваны музейны пакой, дзе сабрана шмат матэрыялаў аб жыцці і творчасці паэта-земляка Аркадзя Куляшова, гісторыі вёскі Саматэвічы, развіцці аграгарадка Новыя Саматэвічы, летапісе дашкольнай установы.

— Сваю выніковасць мае і наша ўзаемадзеянне з раённым Домам рамёстваў. Найбольш адметная распрацоўка — вэб-праект “Алесю ў госці міласці просім”, які знаёміць малых з традыцыямі беларускага народа, светам прафесій. Народныя майстры праводзяць для дзяцей творчыя заняткі, на якіх вучаць выхаванцаў бачыць прыгожае ў звычайным, далучаюць іх да народнага мастацтва, — паведаміла Валянціна Дзянісава.

Далучэнню дзяцей да беларускіх нацыянальных традыцый спрыяе таксама супрацоўніцтва дашкольных устаноў з музычнай школай і сельскімі дамамі культуры. У раёне стала добрай традыцыяй праводзіць сумесныя фальклорныя святы, кірмашы, тэатралізаваныя паказы, разам удзельнічаць у разнастайных конкурсах, выставах народна-прыкладной творчасці, святах. Падчас такіх сумесных мерапрыемстваў малышы ўзбагачаюцца ведамі аб гісторыі Беларусі, маюць магчымасць прыняць непасрэдны ўдзел у народных абрадах. Такім чынам, у дзяцей фарміруецца пачуццё дачынення да падзей, якія адбываюцца ў вёсцы, выхоўваецца любоў і павага да блізкіх людзей і малой радзімы.

Цеснае ўзаемадзеянне дазваляе выкарыстоўваць максімум магчымасцей для развіцця інтарэсаў дзяцей і іх індывідуальных здольнасцей. Агульныя намаганні ўстаноў дашкольнай адукацыі, сям’і і ўстаноў культуры — грунтоўны падмурак у далучэнні падрастаючага пакалення да беларускасці. Касцюковіцкая дзетвара добра ведае гісторыю сваёй краіны і народа, з павагай і шанаваннем ставіцца да роднага краю, умее і не цураецца размаўляць па-беларуску. Адным словам, малышы тут растуць сапраўднымі патрыётамі.

Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.