Гадзіна паэзіі ў Дзень роднай мовы

- 16:38Нам пішуць

21 лютага ў гімназіі № 2 Ваўкавыска для вучняў 5—6 класаў зладзілі адкрыты агляд літаратуры “Кніжка — наш найлепшы сябар”, а 2—4 класы ўдзельнічалі ў конкурсе “Гучныя чытанні беларускіх смяшынак”. Пераможцай прызнана Соф’я Качук (4 “В”), якая з такой інтанацыяй прачытала сваю смяшынку, што заслухаліся ўсе. Некаторым вучням настолькі спадабаліся смяшынкі А.М.Якімовіча з кнігі “Каб мама ўсміхалася”, што яны чыталі іх безупынна.

Вучні старэйшых класаў разглядалі кніжную выставу “Які ж гэта цуд — мова беларуская, жывая”, дзе былі прадстаўлены кнігі пра беларускіх асветнікаў, знакамітых пісьменнікаў Беларусі, якія змагаліся за родную мову. А цытатай былі словы Івана Мележа: “Мова — гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ”.

Гадзіна паэзіі прайшла ў 4 “А” класе і была прымеркавана не толькі да свята роднай мовы, але і да 105-годдзя Кастуся Цвіркі. Настаўніца Таццяна Міхайлаўна Купраш загадзя дала дзецям заданне прачытаць кнігу “Птушыны ранак” і выбраць для конкурсу самы лепшы верш. Бібліятэкар Наталля Міхайлаўна Рачок расказала цікавыя звесткі з біяграфіі Кастуся Цвіркі. Потым вучні чыталі вершы К.Цвіркі і выбіралі лепшага чытальніка. Гэта аказалася няпроста: усе чыталі вершы прыгожа (вучні з гэтага класа займаюцца ў тэатральным гуртку пад кіраўніцтвам В.М.Макуця). Перамогу атрымаў Максім Друк з вершам-казкай “Пра цара Камара, палахлівых звяроў і бясстрашных арлоў”. Яшчэ вельмі спадабаліся журы выступленні Ксеніі Аскірка з вершам “На Поўначы” і Арцёма Сакалоўскага (“Добрыя суседзі”).

Т.Л.Кавальчук,
загадчык біблітэкі гімназіі № 2 Ваўкавыска Гродзенскай вобласці.