Галасаванне па электроннай пошце павялічыць колькасць грамадзян, якія галасуюць за мяжой

- 10:33Выбары 2015

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына не выключае ў будучым пераходу на галасаванне па электроннай пошце для грамадзян Беларусі, якія пражываюць за межамі краіны.

Як адзначыла Лідзія Ярмошына, рост участкаў для галасавання за мяжой сведчыць аб тым, што колькасць беларускіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой, значна павялічылася. Пры гэтым старшыня ЦВК звярнула ўвагу, што ў Расіі і Польшчы для галасавання на гэтых прэзідэнцкіх выбарах створана аднолькавая колькасць участкаў (па чатыры). “Хоць я лічу, што для Расіі гэтага недастаткова, паколькі грамадзяне Беларусі, якія працуюць, напрыклад, на Поўначы, у выбарах удзельнічаць, на жаль, не змогуць. Яны могуць, вядома, прыехаць у Маскву, але я сумняваюся, што яны гэта зробяць, — заўважыла яна. — Таму менавіта для такіх выпадкаў трэба некалі пераходзіць (і я думаю, што некалі гэта адбудзецца) на галасаванне па электроннай пошце”.
Паводле слоў старшыні Цэнтрвыбаркама, пры галасаванні па электроннай пошце важна, па-першае, ідэнтыфікаваць выбаршчыка, а па-другое, захаваць тайну яго волевыяўлення. “Цяпер актыўна ўкараняецца электронны подпіс, таму я лічу, што ідэнтыфікаваць выбаршчыкаў будзе даволі проста. Адзінае — трэба прадумаць пытанне таемнасці галасавання. Калі гэтая ідэя будзе рэалізавана, лічу, што колькасць грамадзян, якія галасуюць за мяжой, у нас павялічыцца. Пакуль жа іх нязначная колькасць”, — адзначыла Лідзія Ярмошына.
Усяго для гэтых прэзідэнцкіх выбараў створана 6129 участкаў для галасавання, з якіх 49 — за мяжой.