Галасы маладых — за ўстойлівае развіццё

5 мая ў гімназіі № 19 Мінска сабраліся людзі, нераўнадушныя да будучыні нашай краіны і свету ўвогуле. На Міжнародным маладзёжным медыяфестывалі “Галасы маладых — за ўстойлівае развіццё” школьнікі разам з настаўнікамі прэзентавалі свае відэаработы і постары, што папулярызуюць ідэі ўстойлівага развіцця.

Фестываль праводзіцца восьмы раз. У 2011 годзе ён прайшоў на рэспубліканскім узроўні, удзел прынялі 16 устаноў адукацыі. Цяпер жа медыяфестываль сабраў 210 удзельнікаў з 23 устаноў адукацыі Беларусі, Расіі, Украіны, Грузіі.

— Фестываль атрымаў новы імпульс у 2015 годзе, калі дзяржавы — члены ААН прынялі Павестку дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, — адзначыў дырэктар гімназіі і выканаўчы дырэктар асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” Анатоль Мураўёў і звярнуўся да настаўнікаў і экспертаў: — Сёння дзеці добра ўмеюць шукаць інфармацыю. І наша задача ўжо не ў тым, каб гэтую інфармацыю перадаць, а ў тым, каб падтрымаць іх імпульс да пазнання, падштурхнуць да развіцця.

Арганізатары фестывалю робяць стаўку на сацыяльную адказнасць і крэатыў. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць ахове прыроды, таму фестываль адкрыўся экалагічнымі акцыямі, аб’яднанымі тэмай “Школа — зона, вольная ад пластыку”. Спачатку начальнік упраўлення па адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска Алена Кісялёва, намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар, кіраўнік асацыяцыі “Адукацыя дзеля будучыні” Аляксандр Хоміч і іншыя высокія госці ўрачыста замацавалі звычайныя пластмасавыя коркі на вялікім экапано. Іншыя ўдзельнікі фестывалю падтрымалі ініцыятыву — да канца свята пано з корак было гатова.

Пра адмаўленне ад пластыку гутарылі і падчас іншай акцыі: у абмен на любую пластыкавую рэч вучні маглі атрымаць зручную палатняную сумку. У ход пайшлі бутэлькі, пакеты і іншыя прадметы. Хутка дзве урны да краёў напоўніліся пластыкам.

Дзякуючы такой “размінцы”, удзельнікі пазнаёміліся і перайшлі да абмеркавання медыяпраектаў у разняволенай, сяброўскай атмасферы. Школьнікі абаранялі свае ідэі перад залай, а эксперты дзяліліся карыснымі парадамі. Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты, а некалькі лепшых работ адзначаны дыпломамі лаўрэатаў. Першых месцаў арганізатары не вызначалі.

— У нас не конкурс, а прастора, дзе можна вучыцца! — пракаменціравала такі падыход кіраўнік фестывалю Соф’я Савелава.

Тэмы для сваіх творчых работ дзеці выбралі вельмі дарослыя: ахова прыроды і энергазберажэнне, дапамога хворым і захаванне міру, прафесійная самарэалізацыя сучаснага чалавека і яго фінансавае жыццё. Так, госці фестывалю з Расіі прэзентавалі сюжэт пра ахову жывёл у Маскоўскім заапарку, дзе любы можа ўзяць пад апякунства малпу ці ляніўца. Яшчэ адна каманда з Масквы паказала пластылінавы мульцік пра канцлагер з заклікам да міру. Удзельнікі фестывалю з Украіны падрыхтавалі сацыяльны ролік пра дыскрымінацыю ў школе.

Кавер на папулярную песню “Тает лёд” зрабілі ўдзельнікі з Ваўкавыска, свой кліп яны прысвяцілі тэме прафесійнага самавызначэння. Брэсцкія школьнікі знялі цэлы міні-фільм пра міласэрнасць да хворых дзяцей. Праблему рабства закранула каманда з Верхнядзвінска, а каманда з 19-й школы Мінска прадэманстравала вобразнае мысленне, адлюстраваўшы паралелі паміж жыццём чалавека і прыродай.

Работы ўсіх удзельнікаў фестывалю размешчаны на YouTube-канале Youth Voices for SD, Belarus. Там жа можна паглядзець відэа з мінулых конкурсаў, каб ацаніць творчы рост яго ўдзельнікаў. А калі вы або вашы вучні хочаце прыняць удзел у наступным медыяфестывалі, варта паглядзець і запіс абмеркавання з экспертамі: трансляцыю ў прамым эфіры арганізавалі для тых каманд, што не змаглі прыехаць у Мінск на фінальны прагляд.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *