Сёння мы працягваем знаёміць чытачоў “Настаўніцкай” з вядомымі асобамі Беларусі. Для кагосьці вобраз гэтай спявачкі асацыіруецца з песняй “Ангелы”(“Такая скромная любовь”), нехта памятае “Чай с ромашкой” ці “Триста лет”. Шмат хто сочыць за яе сцэнічнай творчасцю, а хтосьці захапляецца дызайнерскімі ўпрыгажэннямі і аксесуарамі, якія яна вырабляе сваімі рукамі. Сёння ў гасцях праекта “Мая школа” спявачка, тэлевядучая, актрыса і адмысловы дызайнер Галіна ШЫШКОВА.
— Галіна, пра вас у інтэрнэце няма амаль ніякай інфармацыі. Давайце раскрыем для нашых чытачоў некаторыя старонкі вашай біяграфіі.
— Я ні ад каго не хаваюся, проста не люблю сябе выстаўляць напаказ. Калі пытаюцца аб нечым — адказваю.
— Вы нарадзіліся ў Выбаргу, пэўны час жылі ў Германіі, потым у Гродне, і толькі пасля гэтага пераехалі ў Мінск.
— Справа ў тым, што я нарадзілася ў сям’і ваеннага, таму ўсе гэтыя пераезды вельмі лагічна тлумачацца. У Выбаргу я з бацькамі пражыла першыя 4 гады майго жыцця, а пасля мы пераехалі ў Германію, куды перавялі бацьку — ваеннага лётчыка і баявога афіцэра. Там нарадзіўся мой малодшы брат Міхаіл і менавіта там я пайшла ў школу. Новае месца службы бацька мог выбраць. Прапанавалі некалькі варыянтаў, сярод якіх былі Ленінград і Гродна. З-за маіх праблем са здароўем бацькі вырашылі адмовіцца ад сырога балтыйскага клімату і выбралі Беларусь.
Зразумела, што мы ўвесь час жылі ў гарнізонах, якія мелі закрытую тэрыторыю, асаблівы кантынгент і адметныя зносіны. З дзяцінства і да заканчэння школы я была ўпэнена, што сапраўдныя мужчыны — гэта абавязкова ваенныя, а ўсе астатнія — алкаголікі і дармаеды.
— Што памятаеце з першых школьных гадоў?
— У 1 клас я пайшла ў гарнізонную школу ў Германіі. З гэтага першага года я мала што памятаю, бо шмат хварэла і ляжала ў бальніцы. Аднак адзін яркі ўспамін застаўся: я разразала чырвоную стужку на ўваходзе школы падчас урачыстай лінейкі.
Мае праблемы з ныркамі лячылі нямецкія ўрачы (паклалі ў звычайную дзіцячую нямецкую клініку). Абследаванне і лячэнне працягвалася некалькі месяцаў. Спачатку я адчувала сябе няёмка, бо з усіх дзяцей толькі адна я не гаварыла па-нямецку, ведала некалькі слоў — bitte schön і vielen Dank і шэраг бытавых выразаў. Аднак праз некалькі месяцаў я загаварыла па-нямецку. Маці ўспамінала, што калі яна з бацькам прыязджалі мяне наведваць і запытвалі пра нешта па-руску, я ім адказвала ўжо па-нямецку. Так што ў 8 гадоў я настолькі авалодала размоўнай нямецкай мовай, што нават часам перакладала бацькам фільмы, што ішлі па тэлевізары. На жаль, пасля пераезду без практыкі нямецкая мова таксама хутка забылася, як і прыйшла да мяне.
Апошнім часам некалькі разоў была ў Германіі. Атрымлівалася так, што за суткі мянялі 4 краіны: Беларусь, Літву, Польшчу і Германію. Цягніком ехалі ў Вільнюс (там моўных праблем ніколі не ўзнікала, бо ў Вільнюсе шмат хто размаўляе па-руску). З Вільнюса самалётам да Варшавы, што таксама не рабіла асаблівых нязручнасцей, бо я няблага ведаю польскую мову. Потым зноў самалётам у Мюнхен.
Неяк здарылася смешная гісторыя, як на наступны дзень пасля пералётаў мы з сынам Іванам вырашылі пайсці ў рэстаран фастфуда. Ведаючы адносіны еўрапейцаў да рускіх, для сябе вырашыла, што буду гаварыць па-польску ці па-англійску. А калі падышлі да прылаўка, крыху разгубілася (немцы гавораць вельмі хутка, і я нічога не магла зразумець, а па-англійску магу гаварыць, калі субяседнік гаворыць размерана, а яшчэ лепш, калі мае такі самы ўзровень, як у мяне). (Смяецца.) У галаве перамяшаліся ўсе мовы, і я, не зважаючы на этыкет, проста паказала, якое начынне мне трэба ў тую булку пакласці. У выніку наш з сынам гамбургер каштаваў аж 10 еўра — нармальную булачку купілі. (Смяецца.)
— Другой і апошняй школай стала школа ў Гродне?
— Пераехаўшы ў Беларусь, бацькі тут і засталіся — жывуць у Гродне да гэтага часу. А я пайшла ў 2 клас школы № 20.
Недарма ў песні спяваецца, што “школьные годы чудесные”. У мяне было абсалютна звычайнае цудоўнае дзяцінства: шмат сяброў і гульняў. Сярод любімых былі казакі-разбойнікі і гумка. На гумцы скакалі ўсюды: каля дома, у школьным двары і на калідорах, як толькі выдаваўся вольны час. Зараз і дзеці іншыя, і гульні ў іх таксама іншыя. Сённяшнім дзецям цікавыя гаджэты, а нам было цікава, напрыклад, пагуляць у класікі. У школе тады праходзіла шмат мерапрыемстваў. Сапраўды цікавых, на якія мы з радасцю хадзілі самі, а не пад прымусам.
— Якімі талентамі ў школе вызначыліся?
— Я добра малюю, і таму ў школе на ўроках малявання заўсёды мела ўласнае творчае заданне. Мне выдавалі вялікі аркуш паперы — ватман, і я на працягу некалькіх урокаў малявала карціну. У гэты час усе аднакласнікі малявалі яблыкі, грушы, вазы і інш. Я нікуды не спяшалася і паспявала ўсім дапамагчы. Аднакласнікі ціхенька пад партамі перадавалі свае аркушы, і я хуценька кожнаму алоўкам рабіла накід, і яны потым толькі расфарбоўвалі контурны малюнак.
Дзякуючы гэтаму таленту, афармляла насценгазеты, і таму часам мела нейкія “індульгенцыі”.
— Каго з настаўнікаў памятаеце?
— Памятаю ўсіх, а асабліва вялікую любоў адчуваю да настаўніка гісторыі Васіля Уладзіміравіча Луферава. Гэта чалавек з незвычайным пачуццём гумару і адметным характарам. Ён быў невысокага росту і вельмі хутка гаварыў. Запомніўся ён мне чамусьці з доўгай указкай. Калі ў нас былі кантрольныя, ён заўсёды казаў: “Фігушкі вы ў мяне спішаце!”, ставіў на стол крэсла і, седзячы на ім, назіраў за намі зверху. Ён не дазваляў дзяўчатам карыстацца касметыкай (ды тады асабліва гэтага ніхто і не рабіў). Найперш урок пачынаўся з абыходу: тых дзяўчат, у каго былі падведзены вочы ці пафарбаваны вусны, адпраўляў умывацца. А пра пазногці казаў так: “Калі дзесяць пазногцяў пафарбавана — адразу да дошкі, і ўвесь клас задае табе дзесяць пытанняў па гісторыі”. Але мы не ўспрымалі гэта як настаўніцкі тэрарызм — гэты было для нас забаўкай, бо манерамі паводзін Васіль Уладзіміравіч быў падобны да французскага акцёра Луі дэ Фюнэса.
І аднойчы я прыйшла з пафарбаванымі серабрыстым лакам пазногцямі… Ну і, канечне, я выйшла да дошкі і атрымала сваю заслужаную двойку. Чаму заслужаную? — мы не прывыклі вучыць гісторыю. І да прыходу ў наш клас Васіля Уладзіміравіча на ўроках толькі запаўнялі контурныя карты. За апошнія 3 гады ў школе мы палюбілі гісторыю — настаўнік расказваў настолькі цікава, што мы ледзь не глядзелі яму ў рот. Думаю, калі б ён выкладаў у нас прадмет з самага пачатку, мы б усе былі гісторыкамі — урокі праходзілі вельмі цікава, і ён нам шмат расказваў.
Цудоўным чалавекам была Ганна Аляксандраўна — дырэктар школы. З Васілём Уладзіміравічам яна была ў сяброўскіх адносінах, чым я неяк удала скарысталася. У наступны раз ён падлавіў мяне з бледна-ружовым лакам. На яго пытанне я знайшла што адказаць: “А мне Ганна Аляксандраўна дазволіла…”, і хуценька пабегла да дырэктара (я была актывісткай культурна-масавай дзейнасці і мела падыход да яе): “Ганна Аляксандраўна, ратуйце! Калі ласка, скажыце, што вы дазволілі фарбаваць пазногці ружовым лакам!” Сітуацыя вырашылася на маю карысць, а пасля таго здарэння настаўнік дазволіў усім бледна-ружовы лак. (Смяецца.)
Увогуле, мне пашанцавала на настаўнікаў — яны былі ўсе вельмі добрыя.
— Што з прадметаў больш падабалася і лягчэй давалася?
— Я любіла англійскую мову. Настаўнік Міхаіл Іосіфавіч Фрыдман таксама быў цудоўны: прафесіянал з велізарным пачуццём гумару. Ён выкладаў у нас англійскую да 9 класа. На ўроках будаваліся нефармальныя зносіны, мы не завучвалі тэксты і правілы, а засвойвалі ўсё вельмі арганічна, і таму, відаць, я цудоўна ведала мову. Потым выкладчык памяняўся, і ўсё паступова пазабывалася… Я не цярплю, калі мяне прымушаюць нешта рабіць. І калі ад нас сталі патрабаваць зубрыць тэксты, цікавасць да прадмета знікла.
Мне здаецца, для таго, каб любіць прадмет, трэба мець павагу і любоў да настаўніка. Калі педагог знаходзіць кантакт з дзецьмі, дзеці любяць яго прадмет. Таму я любіла англійскую мову, фізкультуру, урокі працы і матэматыку.
Школу я скончыла на “4” і “5”, але матэматыкам ніколі не была. Я і да гэтага часу грошы лічыць не ўмею. (Смяецца.) Я ўмею іх зарабляць. Пры тым, што скончыла гандлёва-эканамічны тэхнікум, дзе самай нелюбімай дысцыплінай быў бухгалтарскі ўлік.
Неяк у класе 6—7 адхапіла “3” за чвэрць па матэматыцы. Каб не засмучаць бацькоў, я абсалютна бяздарна выцерла яе ў дзённіку і намалявала “4”. Зразумела, гэта заўважылі, і я мела непрыемную размову з татам. Маме мы не сказалі, але мне было вельмі сорамна за гэты ўчынак. Гадоў праз 5 пасля заканчэння школы я сустрэла настаўніцу матэматыкі, якая была вельмі рада майму кар’ернаму поспеху і сказала: “Каб я ведала, што ты станеш спявачкай і матэматыка табе не будзе патрэбна, я б табе адны пяцёркі ставіла!” (Смяецца.)
У прынцыпе, у школе мне ўсё давалася досыць лёгка, я асабліва нічога спецыяльна не вучыла. Бывала, прагульвала ўрокі, але заўсёды ўдавалася выкручвацца.
— Ці падтрымліваеце сувязі з аднакласнікамі?
— Не магу пахваліцца, што наш клас быў дружным. Відаць таму амаль усе кантакты пагубляліся. Тыя, з кім я падтрымліваю стасункі, — гэта не столькі аднакласнікі, а па большасці тыя, хто вучыўся ў паралельных класах ці на пару гадоў старэйшыя ці малодшыя. І ў асноўным гэта людзі, якія жывуць за межамі Беларусі.
— Бацькам часта прыходзілася бываць у школе?
— Я не сказала б, што часта. Звычайна ўсё ішло ў штатным рэжыме. У школу хадзіла мама. Той выпадак з тройкай па матэматыцы быў ледзь не адзіным, калі тата, каб вывесці мяне на чыстую ваду, пайшоў у школу. Мая маці Галіна Міхайлаўна па адукацыі педагог, выкладчыца рускай мовы і літаратуры. Але ў гарнізонных школах у яе не было магчымасці працаваць па спецыяльнасці (па першае, не было вакансій, а па-другое, я шмат хварэла — у 4-гадовым узросце мне зрабілі аперацыю на сэрцы), і яна пайшла працаваць выхавальніцай у дзіцячы сад. Потым ёй спадабалася гэтая работа, і яна так і засталася выхавальніцай.
І мама, і тата — педагогі па жыцці, і зараз мяне і брата вучаць жыццю. “Нам усё роўна, колькі вам гадоў: вы для нас заўсёды будзеце маленькімі дзецьмі”, — нядаўна сказала маці. Да гэтага часу мы як мінімум два разы на дзень сазвоньваемся.
— Ці выкарыстоўваеце сямейныя традыцыі ў выхаванні свайго сына?
— Хутчэй не. Я лічу, што выхаванне павінна быць заснавана на даверы. Трэба і па галоўцы пагладзіць, і пакараць. Мы з сынам — сябры. Але, безумоўна, бываюць сітуацыі, калі трэба быць мамай-монстрам (неяк на цэлы месяц забараніла яму карыстацца камп’ютарам). Цікава, што ў Вані няма камп’ютарнай залежнасці, як у многіх сённяшніх дзяцей — ён амаль не гуляе ў камп’ютарныя гульні і выкарыстоўвае гаджэты выключна для работы. Неяк з гарачкі на дзень забараніла яму карыстацца тэлефонам. Але як зараз без яго.
— Але ж раней неяк абыходзіліся без мабільнікаў…
— Абыходзіліся. Хадзілі ў госці адзін да аднаго, тэлефанавалі з аўтаматаў, кідаючы манетку… Без гэтага ўсяго было прасцей жыць, і жыццё было цікавейшым.
Бясспрэчна, сёння мабільны тэлефон — гэта і сродак зносін, і напамінанні, і фотаздымкі… Мяне раздражняюць зносіны ў сацыяльных сетках, аднак мне як публічнаму чалавеку прыходзіцца гэтым займацца — без сацыяльных сетак зараз ніяк. Адна мая сяброўка сказала, што яна не можа, калі ёй ніхто не піша — ёй сумна без такіх зносін. А для мяне адказваць на паведамленні і каментарыі проста неабходна.
— У школе вы, вядома, займаліся не толькі культмасавай работай?
— Акрамя ўдзелу ва ўсялякіх мерапрыемствах, я актыўна займалася спортам: спартыўным арыентаваннем, валейболам, скачкамі ў вышыню… Нават на каратэ хадзіла — праўда, толькі на 2 трэніроўкі. (Смяецца.) Усё гэта было без фанатызму — звычайныя секцыі пры школе.
— Галіна, як вы пачалі прафесійна спяваць?
— Калі паўстала пытанне, куды паступаць, выбар быў невялікі. У тыя часы, каб паступіць на прэстыжную спецыяльнасць, трэба было заплаціць. У маіх бацькоў шалёных грошай не было, і таму я выбрала Гродзенскі кааператыўны тэхнікум, дзе спачатку атрымала прафесіі прадаўца і тавараведа, а потым — менеджара-эканаміста. Да гэтага ў той час тата звольніўся з Узброеных Сіл і заняўся аўтамабільным бізнесам. І я, баявая дзяўчынка, яму актыўна дапамагала.
У маіх бацькоў да гэтага часу захоўваецца касета з запісам, на якім мы з братам спяваем песню групы “Камбінацыя”. Бацька, служачы ў Афганістане, прывёз вялікі магнітафон Sony (які, дарэчы, да гэтага часу працуе), а ў мяне быў маленькі Sanyo. Мы ставілі касету з “Камбінацыяй” на маленькі магнітафон, да вялікага падключалі мікрафон, уключалі яго ў рэжым запісу і спявалі: American boy, аmerican joy, american boy for always time…
У старэйшай школе я ведала амаль увесь рэпертуар Уітні Х’юстан. Я, не маючы аніякай музычнай адукацыі, проста капіравала яе стыль выканання. Спявала для сябе дома. Таксама ведала шмат песень Патрысіі Каас і польскай спявачкі Эдзіты Гурняк.
Аднойчы ў актавай зале тэхнікума я падышла да мікрафона і заспявала: Mon mec à moi il me parle d’aventures… Мікрафон… Эха пустога зала… Без музыкі… І мяне выпадкова нехта пачуў. “Ага, папалася, — сказалі мне. — Вось ты і будзеш прадстаўляць нашу навучальную ўстанову на гарадскім фестывалі”. На праслухоўванні маю кандыдатуру зацвердзілі і выдалі на касеце песню, якую я павінна была вывучыць. Але я на конкурс не пайшла, лічачы, што мне гэта не патрэбна. На той момант такая кар’ера мяне зусім не цікавіла.
Праз год, калі мне было 19, бацькі настаялі, каб я ўсё ж узяла ўдзел у тым конкурсе. Мне далі песню Алены Сауленайтэ. Усё было жахліва: у сяброўкі ўзялі прыхожую сукенку, зрабілі нейкую дзікунскую прычоску… І вось, памятаю, стаю я на сцэне драмтэатра і спяваю: “Патухла ў вышыні сярод густых аблок зорка, што заўсёды мне свяціла…”, нешта дырыжырую сабе адной рукой (бо бачыла, што ўсе так робяць) і думаю сабе: “Калі ж гэтыя тры з паловай мінуты кашмару скончацца…” — карацей, задавальнення ад выступлення я не атрымала. (Смяецца.)
Праз год мая суседка і сяброўка Ірына Міклашэвіч, якая тады працавала ў аддзеле культуры гарвыканкама, ледзь не сілком прыцягнула на праслухоўванне конкурсу “Зорная ростань”. Яна патэлефанавала мне і сказала, што ў Гродна прыязджае творчая брыгада тэлеконкурсу і мне трэба выступіць. Бацькі былі толькі “за”. Паддаўшыся на ўгаворы, я пайшла на праслухоўванне, і, да свайго здзіўлення, прайшла. З Гродна бралі толькі 6 чалавек: чацвёра пераможцаў гарадскога конкурсу і дваіх з 60 прэтэндэнтаў. Я трапіла ў лік гэтых двух шчасліўчыкаў. Так пачаліся мае мучэнні.
Вельмі шмат добрых слоў магу сказаць пра Таццяну Касмачову. Гэта дзякуючы ёй я спяваю на эстрадзе. Менавіта яна разам з гукарэжысёрам Грабенкам, згаварыўшыся з маімі бацькамі, цягнулі за вушы і давалі кухталёў. Мы пазнаёміліся з Таццянай Мікалаеўнай на “Зорнай ростані” больш за 20 гадоў назад. Яна вельмі сябруе з маімі бацькамі. Часта называла мяне сваёй дачкой. Неяк на “Славянскім базары”, прадстаўляючы мяне і сваю дачку Юлю, сказала: “Гэта дзве мае дачкі. Адной я была цяжарная, калі былі дрэнныя часы (Юля была меншая за мяне па росце), а калі другой — ела вітаміны, таму яна такая высокая і прыгожая”. (Смяецца.)
Бацькі вельмі падтрымлівалі мяне, тата, калі было трэба, вазіў па канцэртах. Я не чакала, але атрымалася так, што спеўная кар’ера вельмі хутка пайшла ўгору. Я лічу, што ў тыя часы стаць артыстам было лягчэй — трэба было мець талент. Зараз чамусьці многія лічаць, што ўсё вырашаюць толькі грошы. Канечне, песні зараз па большасці не настолькі вакальныя, як раней. Аднак калі ў чалавека абсалютна няма голасу, паспяховым спеваком ён не стане нават пры астранамічных фінансавых укладаннях.
— У педагагічнай дзейнасці сябе спрабавалі?
— У мяне няма спецыяльнай адукацыі, а гэтым павінны займацца прафесіяналы. Тым больш, што, як я разумею, гэта не маё. Дзякуючы дастаткова вялікаму вопыту, я магу нешта падказаць спеваку падчас работы, напрыклад, у студыі.
Вакалам я займалася нямнога. Мне больш падабаецца вучыцца па слыху. Я капіравала спевакоў: іх інтанацыі і манеру выканання, а потым выпрацавала свой унікальны стыль.
Калі мне было крыху больш за 20, у Іспаніі на пляжы я пачула цудоўную песню, якую спяваў жаночы голас. Я была ў шоку! Кінуўшыся да адміністратара, высветліла, што гэта была Лара Фабіян, якую ў нас яшчэ ніхто не ведаў, з вядомых “Адажыа”. Канечне, потым я вывучыла гэтую песню і, дзякуючы ёй, перамагла на некалькіх конкурсах.
— Нейкі час вы працавалі ў якасці тэлевядучай. Ці спадабалася вам гэтая работа або на сцэне вы адчуваеце сябе больш камфортна?
— Усюды цікава па-свойму. Тады я была нявопытная, не разумела, як трэба было гэта рабіць. Можна сказаць, што ўсё атрымлівалася неўсвядомлена, і сёння я рабіла б усё інакш: і гаварыла, і рыхтавалася да здымак. Зараз я нашмат больш ведаю і магу… Для мяне, творчага чалавека, было вельмі цяжка кожны панядзелак цэлы дзень праводзіць на тэлебачанні на запісе праграм, вучыць цяжкія тэксты (якія, з сённяшняга пункту погляду, проста элементарныя). А сёння я лавіла б кайф ад гэтага працэсу. Можа, пайшла б працаваць радыё- ці тэлевядучай, але пакуль не клічуць. (Смяецца.)
Я з задавальненнем зноў бы папрацавала ў кіно — такі вопыт у мяне ўжо ёсць. Здымалася ў серыяле “Каманда”, фільмах “Фабрыка мараў” Дзмітрыя Астрахана і “Каменская-3” Юрыя Мароза. Мне пашанцавала працаваць на адной пляцоўцы з Анатолем Васільевым, Дзмітрыем Дзюжавым і іншымі выдатнымі акцёрамі.
Але на ўсё проста не хопіць часу. Калі хочаш рабіць справу добра, трэба рабіць яе адну. Я сёння спалучаю музыку і дызайн, таму што абедзве гэтыя сферы — гэта маё. Распрацоўваю цікавыя аксесуары, якія абсалютна ўсе раблю сама: дэкарыраваныя абручы, вышыўку стразамі, унікальныя сумкі. Адна з апошніх буйных работ — вышыўка на канцэртнай сукенцы, у якой я выходзіла на сцэну падчас сёлетняй “Песні года” ў Мірскім замку. Дарэчы, на сцэне я амаль заўсёды ў “сваім” — вельмі рэдка апранаю ўборы іншых дызайнераў.
— Доўгі час вы з’яўляліся салісткай Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Чым запомніўся гэты час?
— Гэта неверагодны вопыт. Міхаіл Якаўлевіч — вельмі цікавы чалавек, якога я шчыра паважаю. Каб працаваць з такім вялікім калектывам і такой колькасцю творчых людзей, у кожнага з якіх свае амбіцыі, а часам і капрызы, трэба мець жалезны характар і вялікую чалавечнасць. Адзінае, што было складана, — гэта зранку пасля бяссоннай ночы на дыскатэцы прыходзіць на рэпетыцыі. (Смяецца.) Я казала, што не люблю, калі мяне прымушаюць нешта рабіць. Для мяне было вельмі складана выконваць музычны матэрыял, да якога не ляжала душа, аднак прыходзілася вучыць і спяваць тое, што выбіраў Міхаіл Якаўлевіч і што было патрэбна для той ці іншай канцэртнай праграмы.
Папрацаваўшы досыць працяглы час, я звольнілася (у той год, дарэчы, з аркестра пайшоў і Якаў Навуменка). У мяне была сапраўдная свабода: выступала там, дзе хацела, і спявала тое, што хацела (Фінберг не асабліва дазваляе сваім салістам працаваць асобна). І вось праз год пасля майго звальнення — званок ад Фінберга: “Ну што, нагулялася? Можа давай, вяртайся?” Я не змагла яму адмовіць. Але на гэты раз пратрымалася паўгода. Прыйшла да яго з заявай і сказала: “Дрэнна я працаваць не ўмею, а добра не буду.” Канечне, ён пакрыўдзіўся на мяне, але на развітанне сказаў: “Я веру, што ў цябе ўсё атрымаецца”, — паціснуў руку і пажадаў удачы.
А ў хуткім часе я даведалася, што цяжарная.
— Вы нядрэнна ведаеце польскую мову. Вучылі яе таксама ў працэсе зносін?
— Амаль. У Гродне трансліравалася шмат польскіх тэлеканалаў, і польская мова “зайшла” вельмі добра. Вельмі любіла мультфільмы і папулярны ў той час амерыканскі гістарычны серыял “Дынастыя”. У маім рэпертуары ёсць цікавыя песні на польскай мове і я з задавальненнем іх спяваю.
Я шмат перамагала ў конкурсах, у тым ліку у Польшчы. Пасля маёй перамогі на адным з конкурсаў вядомы польскі кампазітар Яраслаў Кукульскі, які быў старшынёй журы, падараваў мне цудоўную песню, якую выконвала яго дачка. Потым Алена Турава напісала беларускі тэкст. Так з’явілася кампазіцыя “Запалі агонь”.
— Як ставіцеся, калі нехта перапявае вашы песні?
— Шчыра кажучы, мне вельмі прыемна пачуць на якім-небудзь конкурсе песню з майго рэпертуру. Гэта значыць, што песня стала вядомай і палюбілася слухачам, і я заўсёды станоўча стаўлюся, калі нехта дае ёй новае жыццё.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Галіны ШЫШКОВАЙ.