Галінкі сямейнага дрэва

- 14:21Людзі адукацыі

16 гадоў працуюць бацькамі-выхавальнікамі ў Кобрынскай дзіцячай вёсцы Інга Уладзіміраўна і Андрэй Міхайлавіч Нарваткіны. За гэты час яны сталі мамай і татам для 5 хлопчыкаў і 17 дзяўчынак.

— Чаму вырашылі стаць бацькамі-выхавальнікамі, адказаць сёння ўжо цяжка, — прызнаецца сямейная пара. — Пэўна, так сышліся зоркі на небе. Выхоўваючы дзвюх уласных дачок, адчувалі, што нашай энергіі і бацькоўскай любові хопіць яшчэ не на адно дзіця. І не памыліліся. Калі ўбачылі ў газеце аб’яву пра набор бацькоў-выхавальнікаў у Кобрынскую дзіцячую вёску, вырашылі паспрабаваць. Прайшлі некалькі этапаў дасканалага адбору і неўзабаве пераехалі ў адзін з трох новых дамоў.

Інга Уладзіміраўна і Андрэй Міхайлавіч маюць педагагічную адукацыю. Да пераезду ў Кобрын жанчына выкладала гісторыю ў Арабаўшчынскай базавай школе Баранавіцкага раёна, а мужчына працаваў трэнерам па боксе ў Палацы дзіцячай творчасці Баранавіч. Інга Уладзіміраўна стала настаўніцай дзякуючы маці Галіне Іванаўне Ломскай, якая аддала педагогіцы больш за 40 гадоў, прычым 37 з іх адпрацавала ў Арабаўшчынскай базавай школе, дзе прайшла шлях ад настаўніцы да дырэктара.

— Першымі нашымі выхаванцамі былі Руслан, Надзея і Маша Філонавы, Насця і Тоня Паляковы, — расказвае Інга Уладзіміраўна. — Машы тады было ўсяго 3 гады, На-дзеі — 5, Руслану — 10. Руслан, Насця і Тоня ўжо працуюць, Надзея заканчвае БДЭУ, Маша вучыцца на фармацэўта ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы. Пра кожнага з 22 дзяцей, якіх мы выхоўвалі на працягу 16 гадоў, можам расказваць гадзінамі. Кожнае дзіця непаўторнае. Насця адрознівалася выключнай працаздольнасцю, Тоня — артыстычнымі здольнасцямі, адзін Руслан вельмі любіў матэматыку, другі — жывёл. У 10-гадовым узросце Каця Нарваткіна ўжо стала галоўнай мамінай памочніцай у клопатах пра малодшых. Застаецца ёй і сёння. Юля Нарваткіна — будучы юрыст, майстар па “разрульванні” праблемных дамашніх сітуацый. Суперадказная Надзея — універсітэцкая стараста. Юля — надзвычай камунікабельная. Маша і Дзіма, якіх давялося вучыць размаўляць, — паспяховыя студэнты. Оля — добрая жонка і клапатлівая мама. Ксюша — вясёлая рагатушка, другая Насця — гіперактыўная і цікаўная, Каця — спакойная і разважлівая. Міраслаў заўсёды гатовы ўсім дапамагчы. Алеся, Наташа, Дзяніс, Даша, Ангеліна і Караліна толькі раскрываюць свае лепшыя якасці. Маргошка самая малодшая, таму, пэўна, асабліва любімая.

— Ва ўсіх выхаванцаў — незайздросны лёс, — гаворыць Андрэй Міхайлавіч. — З кожным трэба выстройваць адносіны з улікам індывідуальных асаблівасцей і па-рознаму. Дзеці, адарваныя ад родных сем’яў, доўгі час чакаюць, што вернуцца назад, асабліва калі чуюць абяцанні ад біялагічных бацькоў. На жаль, у большасці выпадкаў гэтыя словы застаюцца няспраўджанымі, таму дзеці, якія шчыра спадзяюцца на вяртанне, расчароўваюцца. І заваяваць іх давер зноў бывае вельмі цяжка.

— Выхаваўчая сістэма ў нас даволі простая, — адзначае Інга Уладзіміраўна. — Па-першае, вучым дзяцей адносіцца да іншых так, як хацелі б, каб адносіліся да іх. Па-другое, наш дом — агульны для ўсіх. Кожны павінен працаваць у ім і клапаціцца пра іншых па меры сваіх магчымасцей. Па-трэцяе, ніякай хлусні ў зносінах.

Інга Уладзіміраўна і Андрэй Міхайлавіч лічаць, што самай важнай якасцю бацькоў-выхавальнікаў, як і звычайных бацькоў, з’яўляецца цярпенне. Толькі ў выхаванні дзяцей са скалечаным лёсам яго патрабуецца значна больш. А яшчэ бацькам-выхавальнікам неабходны такія чалавечыя якасці, як любоў, спагада, пачуццё гумару, добразычлівасць, уменне слухаць іншых людзей. Вядома, не абысціся і без спецыяльных ведаў, бо фізічны і псіхічны стан дзяцей бывае розным.

— Што падабаецца ў рабоце больш за ўсё і што выклікае найбольшыя цяжкасці? — задумваюцца бацькі-выхавальнікі. — Падабаецца выхоўваць, дапамагаць і бачыць вынікі гэтага. А цяжкасці выклікае сам працэс. Поспехі і перамогі дзяцей, іх праблемы і няўдачы — усё гэта наша жыццё, штодзень, 24 гадзіны ў суткі.

— Усе нашы дзеці, нават пасля выпуску, застаюцца нашымі на ўсё жыццё, — прызнаецца Інга Уладзіміраўна. — З некаторымі бачымся часцей, з некаторымі радзей, але за лёсам кожнага сочым уважліва. Калі можам, дапамагаем матэрыяльна. Калі неабходна — парадай. Даволі часта дастаткова, але не менш важна проста выслухаць. Так, 27-гадовая Насця атрымала дзве вышэйшыя адукацыі, жыве ў Мінску, шмат працуе і, на жаль, не можа часта прыязджаць дадому, але мы гадзінамі размаўляем па тэлефоне. Гэтым летам выдалі замуж Тоню. Абыходзячы з абразом і жытам вясельны картэж, шчыра радаваліся шчасцю нашай дачкі. Да кожнага дзіцяці, як кажуць, прыкіпелі ўсім сэрцам. Нават да тых, хто вярнуўся ў родную сям’ю.

Кожнае з іх, дзе сёння ні знаходзілася б, застаецца галінкай сямейнага дрэва дома № 15 у Кобрынскай дзіцячай вёсцы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.