Галоўнае — адказнасць перад дзецьмі

Беларускі дзіцячы фонд і Рэспубліканскі цэнтр рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў збліжае многае. Абедзве арганізацыі, і грамадская, і дзяржаўная, дапамагаюць дзецям і іх бацькам, апекунам. Абедзве працуюць ужо шмат гадоў: дзіцячы фонд — больш за 30, рэабілітацыйны цэнтр — 20. І тая, і другая ўстанова з’яўляюцца лаўрэатамі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Цяпер у іх з’явілася яшчэ адна важкая падстава для збліжэння: у снежні дырэктар Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў Людміла Мікалаеўна КАНДРАШОВА стала старшынёй праўлення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”.

— Людміла Мікалаеўна, мы сустракаемся ў рэабілітацыйным цэнтры, вакол людзі ў белых халатах, як, дарэчы, і вы. Мяркую, што і адукацыя ў вас медыцынская, і вопыт работы ў сферы медыцыны немаленькі.

— Усё так. Сама пра сябе я гавару: “Чалавек, які любіць дзяцей”. Гэта не пафас, не штосьці іншае, гэта тое, што ёсць на самай справе. А ў рэабілітацыйны цэнтр, і праўда, прыйшла з практычнай медыцыны. Я педыятр, скончыла Адэскі медыцынскі інстытут імя М.І.Пірагова і ў 1987 годзе разам з мужам-мінчанінам прыехала ў Беларусь. Праз паўтара года дэкрэтнага водпуску прайшла інтэрнатуру, працавала ў гарадской дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Праз 25 гадоў работы мне прапанавалі ўзначаліць цэнтр рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў. Але скажу так: хоць я ўжо шэсць гадоў дырэктар, па сваёй сутнасці застаюся доктарам.

Прыход у цэнтр быў вызначаны, лічу, лёсам, мяне падтрымалі і родныя, і знаёмыя, тым больш што ў адной знаёмай пары былі дзеці-інваліды. Мне сказалі: “Ты патрэбна дзецям”. Я параілася з сынам, ён падтрымаў, нават абрадаваўся, бо, як і я, думаў, што цяпер я часцей буду з’яўляцца дома. Як вы разумееце, гэтага не адбылося, а сын (ён не ўрач, бізнесмен) падтрымлівае і мяне, і цэнтр, і наогул дзяцей і зараз, аж да таго, што выступае на нашых ёлках у ролі Дзеда Мароза, далучае сваіх сяброў да валанцёрскай работы, дапамогі цэнтру.

— Наколькі лёгка або, наадварот, цяжка адбыўся гэты пераход, з чаго вы пачыналі работу ў цэнтры?

— Прымусіць мяне плакаць у пяцьдзясят гадоў было не так проста, але тут я плакала з-за таго, што ўбачыла. Было зразумела, што ў цэнтры выкарыстоўвалі далёка не ўсе магчымасці, у тым ліку магчымасці медыцыны, якія можна было. У дзіцячай інфекцыйнай бальніцы, дзе загадвала аддзяленнем, уся мая работа была пабудавана на тым, што я ніколі не пакідала ні аднаго цяжкага дзіцяці, не адыходзіла ні ад адной цяжкай сітуацыі. Рабіла, як паказвалі сваім прыкладам мае настаўнікі: Анатоль Архіпавіч Астапаў, Галіна Міхайлаўна Лагір, прафесар Валерый Міхайлавіч Сямёнаў — уся служба інфекталогіі, на пачатку станаўлення якой я працавала.

Пры гэтым ніколі не адмаўлялася ад грамадскай работы, была, напрыклад, старшынёй прафкама ў бальніцы, таму цяжкасцей не баялася і не баюся.  Жыву па прынцыпе: “Калі працуеш, то працуй добра, калі робіш, то рабі на выдатна”. Нагрузкі заўсёды былі вялікія, а радасць дае падтрымка калектыву, сумесныя справы, яднанне. Вось і тут працую па тых жа прынцыпах. Складана было толькі змяніць стаўленне да таго, што хуткага выніку ў цэнтры не атрымаеш. Усё жыццё да гэтага я бачыла дзяцей у вострым стане, якія траплялі ў бальніцу, і мы іх хутка вылечвалі. Тут, канечне, не так: першыя часы было некамфортна ад таго, што не бачу хуткага эфекту — раней жа я не сутыкалася з тым, як жыве дзіця і як жыве сям’я пасля таго, як малога выратавалі ад цяжкай хваробы. Першае дзіця, якім я займалася, прыехала сюды пасля менінгаэнцэфаліту, а гэта хвароба, развіццё якой немагчыма спрагназаваць. Было цяжка, і ў той жа час гэта вялікае шчасце, калі ты бачыш працяг работы ўрача з дзіцем у вострым стане па яго аднаўленні.

— Рэабілітацыйны цэнтр, як вядома, — гэта не толькі ўстанова, дзе дзеці атрымліваюць медыцынскую дапамогу. Тут аказваюць значна больш шырокую падтрымку. Раскажыце, калі ласка, пра гэта.

— Адначасова ў нашым цэнтры могуць знаходзіцца 120 дзяцей па 4 або 6 тыдняў, а ўсяго мы працуем прыкладна з 3 тысячамі пацыентаў. І так з імі працуюць не толькі медыкі (у тым ліку і я як урач-педыятр). Пачаць варта, бадай, з таго, што цэнтр падпарадкоўваецца Міністэрству працы і сацыяльнай абароны. Дзеці прахо­дзяць у нас медыцынскую і медыка-псіхалагічную рэабілітацыю, у нас ёсць абсталяванне сусветнага ўзроўню, у падыходах да лячэння і рэабілітацыі выкарыстоўваем найноўшыя методыкі. Да таго ж у нас унікальны будынак, пабудаваны па праграме “Дзеці Беларусі”, у якім упершыню ў Беларусі было створана безбар’ернае асяроддзе.

 Акрамя таго, да школьнікаў любога ўзросту прыходзяць педагогі, так што дзеці яшчэ і вучацца тут па любой праграме, бо ў нас ёсць і настаўнікі-дэфектолагі. Таксама ў нас адкрыты кабінет прафесійнага тэсціравання і навучання навыкам прафесіі, ёсць гасцініца для баць­коў тых дзяцей, якім патрэбна пастаянная дапамога ў абслугоўванні, і шмат чаго яшчэ. Вельмі важна, што мы стараемся максімальна сацыялізаваць дзяцей, а нядаўна ўвялі праграму дыстанцыйнага навучання. Далучаем органы ўлады, бізнес, валанцёраў, проста нераўнадушных людзей. Любы жадаючы можа прыйсці і дапамагчы.

Рэспубліканскі цэнтр рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў вядомы не толькі ў Беларусі, не баюся так гаварыць. Да нас прыязджала Аміна Махамед, першы намеснік Генеральнага сакратара ААН, мы супрацоўнічаем з ЮНІСЕФ, з Міжнароднай дабрачыннай арганізацыяй UNIHELP, іншымі міжнароднымі арганізацыямі. Цэнтр нямала робіць па выкананні 17-й Мэты ўстойлівага развіцця — гэта партнёрства. Напрыклад, на базе рэабілітацыйнага цэнтра рэалізоўваецца супрацоўніцтва трох міністэрстваў: Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі.

— Такім чынам, у вас ужо ёсць шматгадовы вопыт работы з дабрачыннымі арганізацыямі. Напэўна, вы ўжо маеце пэўнае бачанне таго, як варта далей развівацца Беларускаму дзіцячаму фонду. Гэта так?

— Безумоўна, мая мэта — захаваць традыцыі, якія закладзены фондам, бо добра ведаю, што няма будучыні без мінулага. Я пазнаёмілася з цудоўнымі людзь­мі, якія працуюць у цэнтральным офісе. Гэта людзі з вялікім сэрцам, якія прысвяцілі жыццё грамадскаму аб’яднанню. Працаваць збіраюся, звяртаючыся да тых, хто ствараў фонд, хто тут працуе, збіраюся захоўваць прынцыпы работы аб’яднання, развіваць яго праграмы. Захаваць тое, што ёсць, развіўшы так, як я гэта бачу.

Задачы ў рэабілітацыйнага цэнтра, які я даўно ўзначальваю, і задачы Беларускага дзіцячага фонду ў пэўнай ступені адрозніваюцца, але ў многім пераклікаюцца — гэта абарона правоў дзіцяці. Кожнае дзіця мае права на мірнае, здаровае, шчаслівае дзяцінства, таму важна і абара­няць правы дзяцей, і дапамагаць тым, каму гэта патрэбна: дзецям-сіротам, дзецям з праблемамі здароўя, тым, у каго цяжкая жыццёвая сітуацыя. Хачу разам з камандай фонду зрабіць яго цэнтрам, комплексам па дапамозе любому, хто сюды звернецца. Для гэтага перш за ўсё важна дасканала структураваць работу фонду, павялічыць яго прысутнасць у інфармацыйнай прасторы, каб кожнае дзіця, бацькі, педагогі ведалі, куды яны могуць звярнуцца.

Канечне, ва ўсіх абласцях Беларусі ёсць прадстаўніцтвы фонду, але я ўсё ж такі хачу дабіцца таго, каб людзі, якія сутыкаюцца з нейкай праблемай, напрыклад, у іх дзіця з рэдкім захворваннем, ведалі, што ёсць Беларускі дзіцячы фонд. Я звярнулася да вопыту Расійскага дзіцячага фонду і ведаю, што там працуе гарачая лінія. Калі чалавеку не змогуць даць грунтоўны адказ адразу, з ім звяжуцца пазней. Магчыма, варта напачатку працаваць у такім фармаце. Думаю, што знойдуцца добраахвотнікі, ІТ-кампаніі, якія дапамогуць выбудаваць гэтую сістэму.

Хачу, каб пра Беларускі дзіцячы фонд ведаў кожны і каб ён кожнаму, хто ў яго звярнуўся, мог дапамагчы. Кожнае дзіця, якое аказалася без апекі бацькоў, павінна ведаць, што ёсць фонд, які заўсёды падтрымае. Дзеці цяпер больш прысутнічаюць у інтэрнэце, таму я гавару менавіта пра іх, яны хутчэй знойдуць патрэбную інфармацыю. З іншага боку, калі пра фонд будзе ведаць кожны, знойдзецца, упэўнена, многа тых, магчыма, не самых актыўных людзей, каго новая інфармацыя падштурхне да работы валанцёрам ці да іншых дзеянняў па падтрымцы дзяцей.

Пакуль я не магу даць глабальных абяцанняў, толькі вывучаю сітуацыю і рыхтую планы, але тое, што перспектывы для развіцця фонду вялікія, бачу ўжо зараз.

— Што ж, планы сур’ёзныя, але і сродкі на гэта патрэбны не маленькія, і памочнікаў многа. Як вырашыць гэтыя пытанні?

— Дзіцячы фонд — дабрачынная арганізацыя, і я ўпэўнена, што аказаць дабрачынную дапамогу можа і хоча кожны. Людзі гатовы дапамагаць, калі ўпэўнены, што іх грошы ідуць на дапамогу дзіцяці.Гэта я зразумела за шэсць гадоў работы ў цэнтры рэабілітацыі. Канечне, эканамічная сітуацыя няпростая, але ўсе разам мы зможам захаваць сацыяльную падтрымку дзяцей праз фонд.

Беларускі дзіцячы фонд павінен быць гарантам таго, што кожная капейка ідзе на дапамогу тым, каму яна неабходна, напрыклад, дзецям з рэдкімі захворваннямі, пра якія я ўжо ўзгадвала. Або яшчэ прыклад: фонд рэалізоўваў цудоўную праграму “Я бачу” сумесна з міністэрствамі аховы здароўя і адукацыі, дапамаглі мноству дзяцей праверыць зрок, атры­маць медыцынскую дапамогу. Думаю, знойдуцца сродкі і магчымасці для рэалізацыі падобных праграм для абследавання дзяцей з парушэннямі слыху. З дапамогай дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, у тым ліку Беларускага саюза жанчын, мы гэта зробім. На Усебеларускім народным сходзе, дэлегатам якога я з’яўляюся, мы з калегамі сустрэнемся і зможам пра гэта пагаварыць. Сумесна з Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам, планую, рэалізуем ініцыятыву “Здаровая ўсмешка” па стаматалагічнай дапамозе дзецям. Такую праграму мы рэалізоўваем у цэнтры рэабілітацыі з кафедрай стаматалогіі БДМУ. Нам актыўна дапамагае прафесар Таццяна Мікалаеўна Манак.

 Калі гаварыць пра канкрэтныя праграмы, то варта развіваць і правядзенне экскурсійных паездак па Беларусі як для дзяцей, так і для цэлых сем’яў. Ёсць і яшчэ адна канкрэтная задума — ажыццявіць мары мам. Бо мары дзяцей імкнуцца ажыццявіць многія, а хто думае аб марах маці? Ёсць, зразумела, і Дзень маці, і 8 Сакавіка, але важна падтрымліваць мам у любы дзень, нават больш важна, чым у святочны.

Дабрачынная дапамога, дарэчы, бывае рознай: хтосьці папрацуе як валанцёр, іншы — пералічыць грошы. У нас і ў рэабілітацыйным цэнтры ёсць дабрачынны рахунак, а тых, хто хоча дапамагчы, я заўсёды запрашаю ў цэнтр, каб яны добра разумелі, што мы робім і як дапамагаем дзецям. Вось і ў фондзе, думаю, трэба больш актыўна збіраць людзей, якія хо­чуць дапамагчы, але не ведаюць як. Самая дарагая дабрачыннасць і падтрымка — гэта час, які чалавек гатовы патраціць на дапамогу.

— З вашых слоў вынікае, што многае варта рабіць на месцах, шукаць новых валанцёраў, дабрачынцаў, рабіць сацыяльную рэкламу фонду.

— Канечне. І не абавязкова, каб усе абласныя аб’яднанні працавалі аднолькава. Добра, калі кожнае развіваецца індывідуальна, а цэнтральны офіс пры гэтым дае цэнтралізаваныя праграмы на ўсю краіну. А ўжо ў рэгіёнах людзі бачаць, як і што рэалізаваць зыходзячы з тамтэйшых асаблівасцей. Напрыклад, Магілёўскае абласное аддзяленне праводзіла дабрачынныя марафоны па зборы сродкаў на дапамогу дзецям, я бачу вялікую перспектыву развіцця гэтай ініцыятывы. Вельмі добра працуе Віцебскае аддзяленне. Пры гэтым важна, каб паміж усімі абласнымі аб’яднаннямі была сувязь па абмене інфармацыяй і вопытам. Таксама важна, каб ініцыятывы фонду падтрымлівалі ўпраўленні і аддзелы адукацыі, у тым ліку інфармацыйна.

Думаю, што вясной я пазнаёмлюся са старшынямі ўсіх абласных аддзяленняў Беларускага дзіцячага фонду, з кімсьці, магчыма, сустрэнуся і раней. Але спачатку, думаю, правядзём агульную сустрэчу анлайн.

На сённяшні момант я вывучыла тое, як кожнае аддзяленне інфармуе аб сваёй рабоце і як фонд прадстаўлены ў сацыяльных сетках. Спадзяюся, што да 1 чэрвеня, да Дня абароны дзяцей, я ўжо многае, калі не ўсё, буду ведаць аб рабоце рэгіянальнах аддзяленняў. Ну і хацелася б пагутарыць, сустрэцца з замяшчальнымі бацькамі, мнагадзетнымі мамамі і татамі на якіх-небудзь мерапрыемствах, каб даведацца, чаго ім не хапае, чым дапамагчы, як можна зрабіць работу больш эфектыўнай і канкрэтнай па розных кірунках.

У цэлым жа для мяне Беларускі дзіцячы фонд — гэта ў першую чаргу адказнасць перад дзецьмі, а яшчэ — шчырасць. Калі я дапамагаю аднаму дзіцяці, некалькім, многім дзецям і іх жыццё змяняецца, яны становяцца шчаслівымі, я лічу, што жыву паўнацэнным жыццём.

Гутарыла Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.