Галоўнае — адкрыць з вучнем “гарачую лінію”

- 16:47Апошнія запісы, Рознае, Суразмоўца

Навукова-даследчая дзейнасць па-сапраўднаму здольная захапіць яшчэ са школьнай лаўкі. У гэтым пераконваюць многія школьнікі, якія апошнім часам прывозяць усё больш перамог з міжнародных конкурсаў. Асабліва шмат прыемных навін было за апошні час у галіне біялогіі і экалогіі: літаральна ўсе школьнікі, якія прадстаўлялі Беларусь на міжнародным узроўні, заваявалі медалі. Відавочна, што галоўны складнік перамог — зацікаўленасць не толькі вучня, але і педагога. З чаго яшчэ складаецца поспех? Пра гэта гутарым з Алесяй Аляксандраўнай Шавялёвай, асістэнтам кафедры батанікі біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Навучэнцы, у якіх яна была навуковым кіраўніком, не раз станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. За апошнія два гады 2 яе выхаванцы атрымалі 4 залатыя медалі на міжнародных конкурсах экалагічных праектаў. Сама Алеся Аляксандраўна нядаўна стала лаўрэатам прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Алеся Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, якім быў ваш асабісты шлях да батанікі?
— Я вучылася ў сярэдняй школе № 2 Талочына, што ў Віцебскай вобласці. Да 10 класа была ўпэўнена, што стану гісторыкам (былі поспехі ў гэтай галіне), і я марыла пра гістарычны факультэт. Але пасля таго, як у 10 класе трапіла ў спецыялізаваны хіміка-біялагічны клас, кардынальна памяняла прыярытэты, захапілася біялогіяй і хіміяй і ні разу не пашкадавала: ні калі скончыла кафедру экалогіі і трапіла на кафедру батанікі, ні тады, калі пачала кіраваць летняй вучэбнай практыкай і выкладаць ва ўніверсітэце курсы па фармакагнозіі, альгалогіі, мікалогіі, асновах батанікі. Калі ты ў душы біёлаг — гэтая работа вельмі цікавая, тым больш калі твае інтарэсы падзяляе столькі студэнтаў: біяфак — адзін з самых запатрабаваных факультэтаў, адзін з нямногіх, дзе кожны год павялічваецца набор. І ўжо восем гадоў я працую тут.

— Раскажыце, з чаго пачалася ваша навукова-даследчая работа са школьнікамі?
— Пачалося ўсё са “Школы юнага біёлага”, якую мы праводзім для старшакласнікаў навучальных устаноў краіны. Сярод слухачоў была Хрысціна Мядзведзева з сярэдняй школы № 12 Мінска. І неяк мы разгаварыліся, яна цікавілася, чым я займаюся. Я тады якраз працавала над сваёй дысертацыяй па даследаванні водарасцей, і Хрысціна хацела разам са мной заняцца навукай. І мы распачалі праект “Карта сапробнасцi забруджвання навакольнага асяроддзя на прыкладзе антрапагеннай нагрузкі для ракі Свіслач”. Па пэўных відах індыкатараў водарасцей мы вызначалі экалагічны стан ракі ў межах горада. У 2010 годзе гэтая карта заняла 1 месца на рэспубліканскім конкурсе, а з Азербайджана, дзе праходзіў Міжнародны конкурс INEPO-Eurоasia, яна прывезла “бронзу”. Да гэтага года Беларусь ні разу не прымала ўдзел у гэтым конкурсе, і менавіта Хрысціна адкрыла яго для нашых суайчыннікаў. Пасля гэтага мяне запрасілі ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Тры гады я там працую кіраўніком навуковага аб’яднання навучэнцаў “Батаніка”.
Хрысціна была першай сярод маіх выхаванцаў, хто быў проста апантаны батанікай. Цяпер яна вучыцца ў медыцынскім універсітэце, мы падтрымліваем сувязь, часта сустракаемся. Дзяўчына і зараз актыўна займаецца навуковай дзейнасцю, праўда, у студэнтаў магчымасцей менш, у прыватнасці, многія праекты яна рэалізуе за ўласныя грошы.

— Але самыя галоўныя перамогі на рахунку школьнікаў з Лунінца. Якім чынам вы сталі кіраўніком навуковых работ навучэнцаў з рэгіёнаў?
— З імі мяне звяла ўсё тая ж “Школа юнага біёлага”. Дзесяцікласніца Хрысціна Неўдах прыязджала да мяне з Лунінецкага ліцэя рыхтавацца да алімпіяды па біялогіі. Літаральна з самага знаёмства я ўбачыла, што дзяўчына мае велізарны патэнцыял, і галоўнае, яна гарэла жаданнем перайсці ад тэорыі да практыкі. Пра тое, чым заняцца, мы доўга не думалі: Лунінецкі раён адносіцца да радыяцыйна забруджаных тэрыторый, і таму тэма вызначылася сама па сабе. Мы пачалі з невялікай работы, мэта якой была паказаць, што адбываецца з арганізмам чалавека цяпер, калі ўжо мінула пасля выбуху амаль два дзесяцігоддзі; высветліць, якую дозу ўнутранага выпраменьвання атрымліваюць жыхары Лунінецкага раёна сёння, ужываючы ягады, грыбы, малако. І на міжнародных алімпіядах экалагічных праектаў INEPO-Eurоasia (Баку, Азербайджан) і ISPrO — 2013 (Джакарта, -Інданезія) гэтая работа атрымала найвышэйшую адзнаку.
Хрысціна настолькі ўразілася, настолькі яе закранула сама праблема, што яна і ў 11 класе стала працягваць работу над ёй. Работа выклікала вялікі рэзананс. У яе працягу было зацікаўлена і само насельніцтва раёна. Работы было вельмі шмат, і да нас далучыўся дзесяцікласнік Уладзіслаў Барысевіч. Усе разам мы высвятлялі, як можна зменшыць узровень радыяцыі ў прадуктах харчавання. Нашай задачай было прывучыць людзей, якія назбіралі грыбоў і ягад, зрабіць лішні крок у бок спецыялізаваных устаноў і вымераць у іх узровень радыяцыі. А калі ягады забруджаныя і шкада выкідваць, іх трэба правільна прыгатаваць. І высвятленне таго, якім шляхам можна максімальна панізіць узровень радыяцыі, — гэта другая частка работы. У яе межах мы распрацавалі цэлую сістэму вывядзення радыенуклідаў, якая складаецца з пяці блокаў, і ўкаранялі яе сярод жыхароў Лунінецкага раёна. Работа была настолькі маштабнай, што ўпершыню за гісторыю Міжнароднай праектнай алімпіяды маладых вучоных YIYPO — 2014, якая праходзіла ў Грузіі, сваё “золата” атрымалі абодва аўтары аднаго праекта.

— Вашы ўласныя поспехі пачыналіся з невялікай школы. Сёння вы таксама робіце стаўку на дзяцей з глыбінкі. Гэта выпадкова?
— Мне давялося працаваць і з навучэнцамі з Мінска, і з дзецьмі, якія прыязджаюць да мяне вучыцца з аддаленых гарадоў. Сапраўды, розніца велізарная. Калі казаць у цэлым, то дзеці з глыбінкі больш зацікаўленыя, як я кажу, зубастыя. Калі яны ўжо ўхапіліся за справу, ні за што не адпусцяць. Не таму, што ім настаўніца сказала, што перамога будзе прэстыжнай для іх школы, а таму, што ім асабіста гэта трэба. У іх вачах ёсць нейкая сталасць, ім верыш, запальваешся, і хочацца ўключыцца, сваім дарослым, прафесійным розумам пабудаваць работу так, каб яна была цікавай для навучэнца.

— Алеся Аляксандраўна, як вы можаце ацаніць сістэму навукова-даследчай работы са школьнікамі ў цэлым? Ці ёсць у гэтым кірунку складанасці?
— Мы, выкладчыкі, гатовы працаваць з дзецьмі, рыхтаваць іх да алімпіяд, займацца з імі навукова-даследчай дзейнасцю. У краіне (у прыватнасці, на базе ўніверсітэтаў) створана шмат баз, лабараторый, дзе можна праводзіць сур’ёзныя даследаванні. Ці будуць яны запатрабаваны, залежыць ад таго, ці знойдзем мы тых навучэнцаў, якія па-сапраўднаму гэтым зацікавяцца.
А для гэтага трэба знаходзіць новыя падыходы да выяўлення таленавітых дзяцей. Часам да мяне прысылаюць цэлы клас “запісацца ў навуковае аб’яднанне”. А я бачу, што гэтым дзецям навука не патрэбна, і добра, калі з некалькіх такіх класаў знойдзецца адно дзіця, якое зацікавіцца батанікай.
Я вельмі спадзяюся, што дыстанцыйнае навучанне, якое толькі пачынае развівацца, набудзе папулярнасць у навучэнцаў. Гэта першы крок да іх зацікаўленасці навукай, спосаб для іх саміх праверыць, ці будзе ім гэта цікава. Нехта знойдзе сябе, а тыя, хто згубіць інтарэс, магчыма, знойдуць сябе ў іншай галіне.
Штуршок развіццю дзяцей могуць надаць настаўнікі, якія працуюць з імі штодзень. Калі настаўнік бачыць дзіця, якое мае шырокі кругагляд, схільнасць да аналізу і скрупулёзнасць, ён павінен дапамагчы яму знайсці тых, хто будзе прафесійна працаваць з гэтым навучэнцам. Канечне, сёння кожны школьнік можа сам знайсці патрэбную інфармацыю, але дзеці бываюць рознымі па тэмпераменце. Хтосьці можа быць меланхолікам, не любіць публічнасці, можа саромецца, а з-за сарамлівасці можна згубіць і талент.
Вялікая ўдача знайсці такое дзіця, якому праз тыдзень-другі не прыйдзецца абрываць тэлефон і ўгаворваць прыйсці на заняткі. Мне пашчасціла з дзяўчатамі: у нас узаемная “гарачая лінія”. І мне падабаецца, нягледзячы на тое, што мой працоўны час закончыўся або ўвогуле выхадныя, мой тэлефон не змаўкае: новыя ідэі, атрыманыя вынікі не могуць чакаць.

— Поспех работы ў многім залежыць ад яе тэмы. Раскажыце, як выбраць тэму, каб яна была цікавай і для навучэнца, і для шырокага кола людзей, актуальнай і на міжнародным узроўні?
— Са студэнтамі ў гэтым плане прасцей. У запасе ў іх ёсць час да канца другога курса: толькі тады яны вызначаюцца з кірункам і ідуць мэтанакіравана на канкрэтную кафедру пісаць дыплом. А вызначыцца з тэматыкай са школьнікамі — адно з самых складаных пытанняў. Тут важна не прагадаць з тэмай, каб даследаванне было па сілах дзіцяці, было цікавым. Не трэба забывацца, што гэта школьныя конкурсы, а не конкурсы навуковых дысертацый. Можна ўзяць, здавалася б, простую тэму, але зрабіць яе на высокім прафесійным узроўні, на ўзроўні ўніверсітэцкай школы.
Што тычыцца прадстаўлення на міжнародным узроўні, то за апошнія тры гады я заўважыла тэндэнцыю: многія едуць з даследаваннямі па вырашэнні рэгіянальных праблем. Напрыклад, высока адзначана была работа навучэнцаў з Афрыкі, якія даказалі, што чыстку зубоў зубной пастай могуць з поспехам замяніць місвак — палачкі і карэньчыкі з распаўсюджанага ў рэгіёне дрэва арак, ці Сальвадоры персідскай. “Золата” ўдастоены інданезійскія школьнікі за праект па павышэнні якасці кавы “Арабіка” праз працэс ферментацыі з дапамогай бактэрый.
Сустракаюцца і тыя работы, якія, відавочна, зроблены педагогамі. Напрыклад, сёлета была работа па даследаванні Філадэльфійскай храмасомы, якая адказвае за наяўнасць міелоіднага лейкозу. Дзіцяці нават было складана выгаварыць назву сваёй работы, не кажучы ўжо пра нейкія падрабязнасці па даследаванні. Гэта нам не паграджае: як толькі нашым дзецям пачынаюць задаваць пытанні, яны ўспрымаюць гэта як магчымасць выказацца. І апантанасць сваёй работай, іх зацікаўленасць у яе поспеху ім не схаваць ад журы. Як вынік — высокія вынікі.

— Перамога на міжнародных алімпіядах — гэта залічэнне на адпаведныя спецыяльнасці ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ці стымулюе гэта старшакласнікаў заняцца навуковай дзейнасцю?
— Так, шанс стаць студэнтам яшчэ не пакінуўшы школьнай лаўкі — часта вызначальны фактар. Тым больш, што зараз змяніліся правілы залічэння. Раней такой магчымасцю можна было скарыстацца толькі ў год атрымання ўзнагароды, а зараз скарыстацца магчымасцю залічэння без экзаменаў можна на працягу двух гадоў пасля яе атрымання. Але мне асабліва прыемна, што Хрысціна Неўдах яшчэ пасля першага міжнароднага “золата” атрымала магчымасць стаць студэнткай, але тым не менш яна працягнула сваю работу. У яе была зусім іншая матывацыя, і цікавіла яе непасрэдна сама работа. Ды і для дзяцей гэта яшчэ магчымасць падарожнічаць. Арганізацыя праходзіць на вышэйшым узроўні, вельмі насычаная культурная праграма. Мы з дзецьмі былі нядаўна ў Грузіі, падарожнічалі па Інданезіі, Азербайджане. Гэта незабыўныя ўражанні, асабліва ў дзіцячым узросце. Дзеці разумеюць, што імкненне быць разумным узнагароджваецца.

— Алеся Аляксандраўна, падзяліцеся сваімі планамі. Ці ёсць на прыкмеце ў вас новыя зоркі ў экалагічнай навуцы?
— Падчас “Школы юнага біёлага” мы ўжо рабілі наметкі наконт нашай будучай сумеснай працы з Дар’яй Вырко з гімназіі № 1 Дзятлава Гродзенскай вобласці. Вялікія надзеі падае Ганна Ізуіт са Смалявіч Мінскай вобласці. Зараз мы з ёй рыхтуемся да алімпіяды, а пасля таксама будзем абмяркоўваць, чым цікавым можна заняцца. Думаю, можна было б прапанаваць камусьці з гэтых дзяўчат паспрабаваць сябе ў аэра-біялогіі, якая сёння набірае абароты.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.