Дынаміку прыросту насельніцтва ў Беларусі неабходна павялічыць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, заслухоўваючы даклад аб дэмаграфічнай сітуацыі і садзейнічанні занятасці насельніцтва.
“Наша галоўнае багацце — гэта чалавечы капітал. Апошнія гады была дадатная дынаміка прыросту насельніцтва. Неабходна гэтую дынаміку не проста захаваць, яе трэба павялічыць. Беларусь можа пракарміць 20 млн чалавек. А самая галоўная наша задача, якую калі не мы, то нашы дзеці павінны вырашыць, — 15 млн насельніцтва. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны, моц нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым, падкрэсліў прэзідэнт, у такім пытанні дзяржава абавязана дзейнічаць на апярэджанне, прагназаваць будучыя працэсы і своечасова на іх рэагаваць.
“Стварэнне ўмоў для стымулявання нараджальнасці, забеспячэнне людзей работай, рост іх дабрабыту — асноўныя ўрадавыя задачы, задачы мясцовых органаў улады, якія трэба вырашаць. За вырашэнне гэтых сацыяльных пытанняў спагнанне самае жорсткае з любога чыноўніка”, — заявіў ён.
Як далажыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, на 1 студзеня 2017 года колькасць насельніцтва ў Беларусі склала больш як 9,5 млн чалавек і павялічылася за мінулы год больш як на 6 тысяч.
Аднак па выніках першага паўгоддзя насельніцтва краіны знізілася ў параўнанні з пачаткам года больш як на 9 тысяч чалавек. “Узровень нараджальнасці знізіўся на 13 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, узровень смяротнасці павялічыўся на 0,8 працэнта. Сітуацыя па зніжэнні ўзроўню нараджальнасці адпавядае дэмаграфічным прагнозам. Гэта звязана перш за ўсё са стабільным зніжэннем колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту”, — растлумачыла міністр.
Паводле яе слоў, урад, разумеючы прагназуемую сітуацыю, прыняў пэўныя меры. Так, выраслі дзіцячыя дапамогі, уведзена з 2015 года праграма сямейнага капіталу, прыняты меры па развіцці жыллёва-крэдытнай палітыкі, пашыраны спектр сацыяльных паслуг для сем’яў з дзецьмі.
“Насельніцтва адгукнулася на гэтыя меры: павялічылася колькасць дзяцей, народжаных другімі і наступнымі. У структуры агульнай колькасці народжаных доля другіх і наступных дзяцей у 2016 годзе ўжо 60 працэнтаў, у той час як у 2010 годзе — толькі 47 працэнтаў. Задачы бягучай пяцігодкі — стабілізацыя колькасці насельніцтва на ўзроўні 9,5 млн чалавек. Таму ўрад прадоўжыць работу па ўдасканаленні дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей”, — падкрэсліла Ірына Касцевіч.
Заслухоўваючы даклад аб дэмаграфічнай сітуацыі і садзейнічанні занятасці насельніцтва, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу да 1 кастрычніка абнавіць дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што праблему непрацуючых і нежадаючых працаваць утойваць нельга. “Грамадства павінна ведаць, што ніякай адмены дэкрэта № 3 быць не можа. Я ўжо матываваў гэтае пытанне: як мінімум паўмільёна ў нас непрацуючых людзей. З іх 200 тысяч мы можам вызваліць: мнагадзетных, хворых, інвалідаў, людзей, якія, можа, і хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца з-за жыццёвых абставін. Але 300 тысяч дзе? Таму дэкрэт № 3 — гэта 300 тысяч тых, хто павінен працаваць, але не працуе. І мы іх павінны прымусіць працаваць. Вось і ўся ідэалогія. Утойваць тут ад народа нічога не трэба”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Што тычыцца новай рэдакцыі дакумента, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аб сваіх перавагах і канцэптуальных думках на гэтую тэму ён ужо не раз выказваўся. “Яшчэ раз паўтаруся: мясцовыя органы ўлады, якія непасрэдна кантралююць рынак працы і бачаць кожнага чалавека, і выканаўчыя органы ўлады на месцах павінны мець усе паўнамоцтвы і рычагі ўздзеяння на гэтых людзей для вырашэння такой праблемы. Вось што мы павінны зрабіць і прапісаць у новай рэдакцыі дэкрэта, — лічыць прэзідэнт. — Я спадзяюся, што, акрамя ўрада, гэтым пытаннем сур’ёзна зоймуцца дэпутаты. Гэта іх хлеб. Устараняцца ад гэтай праблемы дэпутату нельга”.
Кожны, хто хоча працаваць, павінен мець такую магчымасць, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Таму органам улады трэба аказваць дапамогу ўсім, хто ў гэтым мае патрэбу. Актыўна наладжваць перанавучанне грамадзян, садзейнічаць ім у арганізацыі сваёй справы. “На гэтую тэму вельмі шмат разважанняў у нашым грамадстве. Таму я хацеў бы расставіць усе кропкі над “і” — камусьці спадабаецца гэта, камусьці не. Яшчэ раз падкрэсліваю: кожны, хто хоча працаваць, павінен мець работу. І ён у нашай краіне яе мае. І не трэба вакол гэтага нагнятаць нейкія мудрагелістыя працэсы і пакутаваць, што нам трэба некага перавучваць, таму што многія хочуць працаваць, але не працуюць. Тыя, хто хоча працаваць, у нас працуюць”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым, дадаў прэзідэнт, ёсць і тая катэгорыя насельніцтва, якая зусім не жадае працаваць. “Вось гэтых спадароў трэба прымусіць. Яны не хочуць працаваць. Пакуль толькі размовы аб жаданні працаваць. Таму больш за ўсё трэба акцэнтаваць увагу на тых, хто сёння не працуе і працаваць не хоча, але павінен”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што да кастрычніка неабходна падрыхтаваць і шэраг іншых прынцыповых дакументаў, у тым ліку па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і аблягчэнні ўмоў вядзення бізнесу.
Як патлумачыла па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, дэкрэт № 3 не адмяняецца, пры гэтым урад прапануе новыя падыходы па стымуляванні занятасці насельніцтва. Акцэнт робіцца на органах выканаўчай улады на месцах. “Усім, хто хоча і можа працаваць, органы выканаўчай улады павінны прадаставіць гэтую магчымасць і аказаць садзейнічанне ў працаўладкаванні”, — сказала Ірына Касцевіч.
Урад таксама прапануе рэалізаваць прынцып “не працуеш — плаціш за паслугі”. “Гэта паслугі, якія сёння субсідзіруюцца з дзяржаўнага бюджэту. Пералік будзе вызначаць урад, цяпер ён працуе ў гэтым напрамку”, — адзначыла міністр.
Інакш кажучы, плануецца, што працаздольныя грамадзяне, якія не заняты ў эканоміцы, будуць аплачваць субсідзіруемыя за кошт дзяржбюджэту паслугі па кошце, які забяспечвае кампенсацыю за іх аказанне. Аднак усе варыянты, як будзе будавацца работа ў гэтым напрамку, яшчэ вывучаюцца.
Да распрацоўкі гэтага пераліку паслуг падключацца і мясцовыя органы ўлады. Магчыма, яны канкрэтызуюць агульны пералік, прапанаваны ўрадам, для сваіх рэгіёнаў.
Для рэалізацыі такога падыходу да стымулявання занятасці насельніцтва будуць стварацца базы даных з інфармацыяй аб родзе дзейнасці кожнага грамадзяніна. “Вы ведаеце, што да канца 2018 года стаіць задача стварыць Беларускую інтэграваную сэрвісна-разліковую сістэму — ID-картку. Атрыманне гэтай ID-карткі і спалучэнне праз агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму з ведамаснымі базамі даных дасць магчымасць убачыць чалавека: працуе ён сёння ці не. Калі не працуе, то дзяржава будзе ўжо зусім інакш прадастаўляць паслугі”, — растлумачыла яна.
Прэзідэнт падтрымаў магчымасць разгляду такой канцэпцыі дэкрэта, аднак даручыў дапрацаваць новую рэдакцыю дакумента. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што рэалізацыя яго норм павінна пайсці з цэнтра на месцы — у кампетэнцыю мясцовых органаў улады. Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу як мага хутчэй распрацаваць у Беларусі інтэграваную сэрвісна-разліковую сістэму, паколькі яна будзе задзейнічана ў розных сферах жыцця грамадства.
Акрамя таго, была звернута ўвага, што ў новай рэдакцыі дэкрэта неабходна захаваць норму, у адпаведнасці з якой палажэнні дакумента не будуць распаўсюджвацца на грамадзян, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
На нарадзе ўзнімаліся таксама тэмы дэкларавання даходаў і маёмасці, ухілення ад выплаты падаткаў. Прынята рашэнне ўдзяліць ім большую ўвагу.