Галоўнае — ісці

Надоўга запомніцца навучэнцам сярэдняй школы № 12 Мінска сустрэча са спартсменамі-параалімпійцамі, чэмпіёнамі, прызёрамі і ўдзельнікамі зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года ў Пхёнчхане, якая адбылася ў школьным музеі параалімпійскай славы. У гэты дзень у гасцях у школьнікаў пабывалі Юрый Голуб, Дзмітрый Будзіловіч, Дзмітрый Лобан, Лідзія Графеева, Аркадзь Шыкуць. Зімовыя Гульні ў Пхёнчхане сталі самымі паспяховымі для Беларусі: 12 медалёў заваявалі нашы параалімпійцы на галоўных стартах чатырохгоддзя — чатыры залатыя, чатыры сярэбраныя і чатыры бронзавыя. У выніковым медальным заліку зборная Беларусі заняла 8-е месца.

На рахунку Юрыя Голуба чатыры ўзнагароды Пхёнчхана. Спартсмен стаў першым у біятлоннай гонцы на 12,5 км, а таксама заваяваў дзве сярэбраныя ўзнагароды (у спрынце на 7,5 км у біятлоне і ў лыжнай гонцы на 20 км) і аказаўся трэцім у лыжнай гонцы на 10 км. На Гульнях Юрый Голуб выступаў сярод атлетаў, якія слаба бачаць, разам з вядучым (лідарам) Дзмітрыем Будзіловічам. Дзмітрый Лобан — адзін з самых вопытных параалімпійцаў, капітан параалімпійскай зборнай Рэспублікі Беларусь у Пхёнчхане. Ён заваяваў дзве ўзнагароды сярод спартсменаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату і стаў сярэбраным прызёрам у біятлонным спрынце на 7,5 км і ў лыжным спрынце на 1,1 км. Лідзія Графеева заваявала дзве бронзавыя ўзнагароды ў спаборніцтвах сярод атлетаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату ў біятлонным спрынце на 6 км і ў гонцы на 12,5 км у біятлоне. Аркадзь Шыкуць — дэбютант Параалімпійскіх гульняў.

Музейную экспазіцыю прадставілі гасцям навучэнцы 1 “Д” класа разам са сваёй настаўніцай Кацярынай Яўгенаўнай Нагайцавай. Яны расказалі пра гісторыю стварэння выставы, цікавыя экспанаты. Дарэчы, дзеці сталі ўдзельнікамі V гарадскога Lego-фестывалю “О спорт, ты — мір”, на якім абаранялі праект “Музейная экспазіцыя параалімпійскай славы”, сабраны з дэталей канструктара Lego. Абарону праекта дзеці правялі ў форме інтэрв’ю з дэбютанткай зімовых Параалімпійскіх гульняў у Пхёнчхане па лыжных гонках Дар’яй Фядзьковіч.

Першакласнікі пагутарылі са знакамітымі спартсменамі, якія паказалі дзецям свае ўзанагроды, заваяваныя штодзённай стараннай працай, расказалі пра перамогі, дасягнуць якіх было нялёгка. З хваляваннем і гордасцю дзеці трымалі ў руках залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі параалімпійскіх чэмпіёнаў.

Навучэнцы 7-х класаў актыўна адказвалі на пытанні віктарыны пра гісторыю зімовых Параалімпійскіх гульняў, расказалі пра выдатных беларускіх спартсменаў-параалімпійцаў, іх нялёгкі шлях да перамогі. Школьнікі даведаліся, што Юрый Голуб з 6 гадоў стаіць на лыжах, а прафесійна пачаў займацца з 2015 года. Лідзія Графеева актыўныя заняткі лыжным інваспортам пачала пасля траўмы. Некалькі гадоў старанных трэніровак, велізарная сіла волі гэтых мужных людзей не прайшлі дарма. Яны ўпарта ішлі да перамогі і сталі чэмпіёнамі. Па словах спартсменаў, важна не апускаць рукі і заўсёды дабівацца пастаўленых мэт.

Сустрэча была арганізавана сумесна з Параалімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь. Юрый Голуб перадаў музею ў падарунак Пандабі — талісман ХІІ зімовых Параалімпійскіх гульняў. Гэты чорны гімалайскі мядзведзь сімвалізуе моцную волю і мужнасць. “Вы захоўваеце гісторыю параалімпійскага спорту. Дзякуй вам за гэта, — напісаў у кнізе ганаровых наведвальнікаў Юрый і дадаў: — Ніколі не пераставайце марыць! Ідзіце да сваёй мэты да канца, як бы ні было цяжка”.

Ірына КАШЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 12 Мінска.