Галоўнае на свеце — нашы дзеці

- 14:17Адукацыйная прастора

У Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі прайшоў гала-канцэрт абласнога этапу XII Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” для выхаванцаў дзіцячых дамоў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, спецыяльных агульнаадукацыйных і дапаможных школ-інтэрнатаў.

Старт фестывалю на Віцебшчыне быў дадзены ў лістападзе мінулага года. За некалькі месяцаў да “Вясёлкавага карагода” далучыліся звыш за 500 артыстаў і 850 мастакоў ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў з устаноў адукацыі вобласці і Багушэўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Заключныя акорды вясёлкавай феерыі прагучалі ў Віцебску 4 мая. На выставе мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўдзельнікі фестывалю ярка і непасрэдна прэзентавалі свае малюнкі і арыгінальныя экспазіцыі работ, па-майстэрску выкананых у розных тэхніках і з розных матэрыялаў.


— Віцебская вобласць славіцца сваімі мастацкімі традыцыямі, на выставе гэта выразна адчуваецца, — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Альбіна Давідовіч. — Шчырае захапленне выклікаюць талент і майстэрства нашых дзяцей, іх фантазія і ўменне ўвасобіць творчую задуму на палатне, у саломцы, вышыўцы ці дрэве. Наша грамадства імкнецца да стварэння адзінай інклюзіўнай прасторы, і такія фестывалі важныя для развіцця і станаўлення дзяцей з асаблівасцямі развіцця.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце 
№ 52, 14 мая 2019 года.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.