Галоўнае — навучыць працаваць

У Магілёўскім прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага толькі з дзённай формы навучання штогод выпускаецца каля 250 маладых людзей. Усе яны гарантавана атрымліваюць першае працоўнае месца. Больш за тое, навучэнцы пэўных спецыяльнасцей могуць нават выбіраць, куды працаўладкавацца. Выпускнікі гэтай установы адукацыі ў работадаўцаў вельмі запатрабаваныя. І нядзіўна, бо тут рыхтуюць сапраўды прафесійныя кадры.

Унікальны вучэбны стэнд, які ўяўляе сабой трактар “Беларус-3022” у разрэзе, дазваляе навучэнцам разгледзець кожную ўнутраную дэталь энерганасычанай тэхнікі, паназі­раць за яе работай.

Кіраўніцтва агралесатэхнічнага кале­джа прытрымліваецца меркавання, што галоўная задача прафтэхшколы — навучыць вучняў працаваць. Таму галоўным сваім прыярытэтам педагагічны калектыў навучальнай установы лічыць якасць адукацыі з упорам на практыкаарыентаванасць.

— Сучасная вытворчасць ставіць новыя патрабаванні да якасці падрыхтоўкі рабочых. Сёння наш выпускнік павінен валодаць вытворчымі кампетэнцыямі, мець развітое тэхнічнае і творчае мысленне, высокую крэатыўнасць, павінен умець свабодна вырашаць непрадбачаныя працоўныя сітуацыі, праяўляць гатоўнасць да інавацый. Тэарэтычныя веды вельмі патрэбныя, але для прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі значна важней навучыць падлетка праца­ваць рукамі, навучыць выконваць працу якасна і прафесійна. Тады ў далейшым ён будзе атрымліваць не толькі матэрыяльнае, але і маральнае задавальненне ад сваёй дзейнасці, будзе разумець яе значнасць і адчуваць адказнасць за зробленае, — упэўнены дырэктар каледжа Г.М.Маліноўскі.

Па яго словах, атрымаць працоўныя навыкі толькі па тэорыі немагчыма, неабходна практыка. Для гэтага патрэбна база, якая павінна адпавядаць патрабаванням сучаснасці.

— Сумеснымі намаганнямі ўсяго калектыву ў нас атрымалася стварыць у каледжы выдатныя ўмовы для практыка-арыентаванага навучання, — адзначыў Георгій Мікалаевіч.

І насамрэч, матэрыяльна-тэхнічная база ў каледжы самая сучасная. Па кожным напрамку спецыяльнасцей тут створаны адпаведныя вучэбныя лабараторыі, дзе вучні адточваюць практычныя ўменні і навыкі. Маладыя людзі выву­чаюць не толькі стэнды і макеты. Яны дагля­даюць дзікіх жывёл у звыклым для іх асяроддзі, працуюць у сапраўдных лясных угоддзях, дэталёва знаёмяцца з найноўшай сельскагаспадарчай тэхнікай і спрабуюць праца­ваць на зямлі.

Напрыклад, кожны навучэнец з тых, хто набывае прафесію трактарыста-машыніста, за час навучання мае магчымасць на практыцы асвоіць усе віды механізатарскай працы. Абсалютна кожны вучыцца араць, сеяць, уносіць угнаенні, збіраць ураджай, нарыхтоўваць кармы для жывёл.

— Усё гэта стала магчыма дзякуючы наяўнасці ўласнай вучэбнай гаспадаркі. Сёння вучэбныя палі займаюць 300 га і ў поўным аб’ёме дазваляюць будучым механізатарам адтачыць тэарэтычныя веды на практыцы, за рэальнай працай, — паведаміў Г.М.Маліноўскі.

Для ўдасканалення падрыхтоўкі па кваліфікацыі “трактарыст-машыніст” у агралесатэхнічным каледжы ў якасці структурнага падраздзялення дзейнічае рэсурсны цэнтр. Тут сканцэнтраваны ўсе матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы па гэтай спецыяльнасці. Такога абсталявання няма больш нідзе ў вобласці. Калі дакладней, у рэсурсным цэнтры ёсць розныя ма­дэлі трактароў, навяснога абсталявання да іх, камбайн. Але асабліва ганарацца мясцовыя педагогі ўнікальным вучэбным стэндам, які ўяўляе сабой трактар “Беларус-3022” у разрэзе. Для навучэнцаў гэта магчымасць разгледзець кожную ўнутраную дэталь энерганасычанай тэхнікі, паназіраць за яе работай. Такі наглядны спосаб дазваляе замацаваць веды лепш, чым пры дапамозе любога падручніка.

Унікальная вучэбная лабараторыя, дзе навучэнцы праходзяць практыку ва ўмовах, набліжаных да будучай прафесійнай дзейнасці.

— Пры рэсурсным цэнтры ажыццяўляецца падрыхтоўка не толькі нашых навучэнцаў. Мы працуем па дагаворах з рэгіянальнымі цэнтрамі занятасці насельніцтва, прадпрыемствамі. Значны ўпор робім таксама на адукацыю навучэнцаў аднапрофільных навучальных устаноў рэгіёна, — расказаў Георгій Мікалаевіч.

У найбліжэйшы час рэсурсны цэнтр каледжа чакае абнаўленне. Згодна з адпаведнай праграмай развіцця па лініі Міністэрства адукацыі, тут з’явяцца больш новыя ўзоры тэхнікі: трэнажоры, стэнды, дыягнастычнае абсталяванне. Але асабліва чакаюць педагогі пастаўкі лесанарыхтоўчай шматаперацыйнай тэхнікі: харвестара і форвардара, бо ў навучальнай установе плануюць адкрываць новую спецыяльнасць — “Тэхнічнае забеспячэнне лесанарыхтоўчых работ”.

Дарэчы, падрыхтоўку кадраў для лясной гаспадаркі ў агралесатэхнічным кале­джы таксама вядуць на высокім узроўні. Арыентуюцца зноў жа на прывіццё навучэнцам прафесійных навыкаў праз прак­тычную дзейнасць. Будучыя леснікі і егеры працуюць у дэндрапарку на тэрыторыі ўстановы, лясным гадавальніку, паляўнічых угоддзях плошчай звыш 6 тысяч га. Навучэнцы самастойна ства­раюць біятэхнічныя збудаванні, вядуць улік жывёлы, займаюцца арганізацыяй палявання. У гадавальніку яны самі вырошчваюць саджанцы дрэў. У дэндрапарку вучацца даглядаць расліны, знаёмяцца з садова-паркавым будаўніцтвам і ландшафтным дызайнам. Але найбольш падабаюцца вучням урокі вытворчага навучання і практыка ў зааса­дзе — яшчэ адной унікальнай лабараторыі каледжа.

— На вучобу мы ішлі мэтанакіравана. Хацелася ў будучыні працаваць менавіта ў лясной гаспадарцы. Аб выбары не пашкадавалі, бо вучыцца тут цікава. Мы рэгулярна ходзім у лес, на справе асвойваем пэўныя ўменні. Вельмі падабаюцца таксама заняткі ў заасадзе, там можна набыць многія патрэбныя ў прафесіі навыкі, — падзяліліся навучэнцы Цімур Пракапенка і Даніла Ржавуцкі.

Заасад — асобная гордасць кіраўніка агралесатэхнічнага каледжа. Створаны па яго ўласнай ініцыятыве, сёння гэта не толькі вучэбная лабараторыя, а і папулярнае турыстычнае месца. На тэрыторыі ў 160 га размясціліся шматлікія вальеры для ўтрымання жывёл, адміністрацыйны будынак, гаспадарчы блок, кафэ, зоны адпачынку, міні-чыгунка, турыстычная экалагічная сцежка, назіральныя пляцоўкі. У калекцыі дзікіх звяроў і птушак тут зубры, плямістыя і высакародныя алені, ласі і казулі, козы і муфлоны, вярблюды, кабаны, мядзведзі, ваўкі, лісы, тыгр, рысь, янотападобныя сабакі, барсукі, пясцы, страусы, глушцы, фазаны, совы, шматлікія віды свойскіх жывёл. Для ўсіх іх створаны натуральныя ўмовы пражывання.

— Але галоўнае тое, што ў заасадзе навучэнцы могуць прахо­дзіць практыку ва ўмовах, набліжаных да будучай прафесійнай дзейнасці. Як вынік — нашы выпускнікі цалкам адаптаваны да працы ў лясной гаспадарцы, — падкрэсліў Г.М.Маліноўскі.

Цалкам гатовы да працы і навучэнцы іншых спецыяльнасцей. Бо па кожнай з кваліфікацый тут створаны адпаведныя вучэбныя лабараторыі, майстэрні з самым перадавым тэхналагічным абсталяваннем. Адукацыйны працэс у агралесатэхнічным каледжы наладжаны якасна. Тым не менш кіраўніцтва і педагагічны калектыў пастаянна працуюць над яго ўдасканаленнем.

Па меркаванні дырэктара ўстановы Г.М.Маліноўскага, які стаў дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу, практыкаарыентаванасць навучання неабходна ўкараняць усюды. Пакуль гэтага няма. Як няма і належнай падтрымкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі арганізацыямі, якія выступаюць заказчыкамі кадраў.

— Патэнцыяльных работадаўцаў неабходна задзейнічаць у падрыхтоўцы кадраў. На цяперашні момант заказчыкі толькі наракаюць на недахоп рабочых і спецыялістаў, але нічога для ўдзелу ў іх навучанні не робяць. Работадаўцы павінны ўдзельні­чаць у камплектаванні планаў набору, арганізацыі вытворчага навучання. Прадпрыемствам трэба мяняць падыход да вытворчай практыкі, дапускаць навучэнцаў да рэальнай працы. Бо чым больш у вучняў магчымасцей прымяніць тэарэтычныя веды на справе, тым вышэйшы ўзровень іх прафесійнай падрыхтоўкі. Заказчыкі кадраў павінны быць зацікаўлены і ў замацаванні маладых рабочых, аказваць ім матэрыяльную і сацыяльную падтрымку, каб яны хацелі застацца на сваім першым працоўным месцы, — упэўнены Георгій Мікалаевіч.

У каледжы першыя крокі ў гэтым напрамку ўжо робяць. Нядаўна тут адбылася сустрэча кіраўнікоў прадпрыемстваў Магілёўскага раёна з выпускнікамі навучальнай установы. Работадаўцы змаглі азнаёміцца з матэрыяльнай базай, пагутарыць з навучэнцамі.

— Такія сустрэчы вельмі патрэбныя. Мы плануем працягваць гэты фармат работы. Хутка ажыццявім наведванне кале­джа кіраўнікамі арганізацый Бялыніцкага, Чавускага, Быхаўскага раёнаў. З дапамогай падобных мерапрыемстваў можна дасягнуць далучанасці заказчыкаў кадраў да іх падрыхтоўкі, — адзначыў Г.М.Маліноўскі.

На яго думку, варта таксама разгле­дзець мэтазгоднасць стварэння дзяржаўнага Цэнтра прафесійнай адукацыі і адпаведных яму ўпраўленняў у рэгіёнах.

— Падобныя структуры некалі існавалі ў Савецкім Саюзе. Яны цесна ўзаема­дзейнічалі з эканомікай і прагназавалі падрыхтоўку працоўных кадраў на некалькі дзесяцігоддзяў наперад, займаліся развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў ПТА. Там працавалі метадысты, якія не толькі мелі педагагічную адукацыю, але і з’яўляліся спецыялістамі ў пэўнай галіне эканомікі. Гэта была вельмі эфектыўна адладжаная сістэма. Магчымасці яе адра­джэння варта разгледзець. Тым больш што істотнага павелічэння колькасці чыноўнікаў не спатрэбіцца, калі правільна арганіза­ваць працэс, — лічыць Г.М.Маліноўскі.

Дырэктар Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа перакананы: менавіта практыкаарыентаванасць адукацыйнага працэсу і ўцягнутасць у яго патэнцыяльных работадаўцаў і іншых зацікаўленых дазволіць забяспечваць эканоміку якасна падрыхтаванымі працоўнымі кадрамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.