Галоўнае — навучыць

- 11:29Навіны рэгіёнаў

Майстру вытворчага навучання прафесійнага ліцэя № 10 Магілёва Таццяне Ускробавай усяго 26, а ў яе скарбонцы ўжо нямала прафесійных дасягненняў. Яна стыпендыят спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат прэміі аблвыканкама ў сацыяльнай сферы. А яшчэ Таццяна Леанідаўна з’яўляецца “Майстрам года-2015” Магілёўшчыны. Паслужны спіс уражлівы, аднак да ўсіх гэтых дасягненняў Таццяна Леанідаўна прыйшла далёка не адразу.

— У дзяцінстве ў мяне было шмат розных захапленняў. Таму з будучай прафесіяй я доўга не магла вызначыцца. Прыслухоўвалася да парад бацькоў, думала над тым, што ж мне бліжэй, і ў канчатковым выніку падала дакументы ў Прыбарскі аграрна-тэхнічны ліцэй, — успамінае Таццяна Ускробава. — Там праводзілася навучанне па трох спецыяльнасцях. З усіх мне асабліва спадабалася кухарская справа.
Кулінарнае мастацтва стала прыярытэтным для Таццяны Леанідаўны, аднак калі надышоў момант атрымання дыплома, яна марыла працаваць зусім не кухарам, а майстрам вытворчага навучання. Ёй усёй душой хацелася не толькі ствараць уласныя кулінарныя шэдэўры, але і вучыць асновам кухарскага майстэрства моладзь.
— Шмат у чым на маё імкненне да педагогікі паўплывалі майстры Прыбарскага ліцэя Таццяна Анатольеўна Базылева і Алена Уладзіміраўна Весялова. Дзякуючы іх заняткам я знайшла сваё прафесійнае прызванне. Таму, атрымаўшы дыплом аб адной адукацыі, адразу падала дакументы на атрыманне другой, — адзначае Таццяна Ускробава.
Вучоба працягнулася ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы. Гады навучання праляцелі як імгненне. На руках у Таццяны Леанідаўны апынуўся запаветны дыплом з кваліфікацыяй “майстар вытворчага навучання”, а таксама размеркаванне ў Магілёў.
— Сама я родам з Гомельшчыны. Але так склалася, што па размеркаванні трапіла ў прафесійны ліцэй № 10 Магілёва. Накіроўваючыся да месца працы, вядома, хвалявалася. Як аказалася, дарэмна. Горад на Дняпры і дзясяты ліцэй за кароткі час сталі мне роднымі. Тут я рэалізавалася прафесійна, а яшчэ знайшла сваю другую палавінку — мужа Руслана, — кажа Таццяна Ускробава.
Хвалююча, па словах Таццяны Леанідаўны, праходзілі і першыя яе заняткі.
— Большасць навучэнцаў былі крыху маладзейшымі за мяне, а некаторыя і зусім аднаго са мной узросту. Я перажывала, ці змагу заваяваць патрэбны аўтарытэт у групе, наколькі вынікова буду весці заняткі, — падзялілася Таццяна Леанідаўна.
Але, як гаворыцца, было б жаданне — тады ўсё атрымаецца. Жадання ў Таццяны Ускробавай было дастаткова, таму ў яе атрымалася стаць не толькі добрым майстрам вытворчага навучання, але і таварышам для сваіх вучняў.
— Для нас Таццяна Леанідаўна — самы лепшы майстар. Яе заняткаў мы чакаем з нецярпеннем, бо на іх заўсёды цікава. Яна займальна расказвае аб азах прафесіі, тлумачыць і паказвае тое, што незразумела, — кажа навучэнец групы № 2 Андрэй Сеўрукоў.
— А яшчэ яна вельмі добразычлівая. Заўсёды дапаможа і са спасціжэннем прафесійных навыкаў, і з вырашэннем асабістых праблем, — дадае вучаніца гэтай жа групы Насця Лебедзева.
Усталяванне даверлівых адносін з навучэнцамі для Таццяны Ускробавай — справа прыярытэтная. Яна перакананая: на якасць і выніковасць навучання шмат у чым уплывае спрыяльны мікраклімат у групе. Таму малады майстар перш за ўсё імкнецца ўсталяваць кантакт з калектывам навучэнцаў у цэлым, а таксама знайсці падыход да кожнага з вучняў паасобку.
— Я не падзяляю дзяцей на дрэнных і добрых, на таленавітых і не вельмі. Пэўны патэнцыял ёсць у кожным, а задача педагога — разглядзець яго і дапамагчы раскрыцца, — адзначае Таццяна Леанідаўна.
Сваёй галоўнай задачай як майстра вытворчага навучання яна лічыць — навучыць. Навучыць падлетка працаваць рукамі, навучыць якасна выконваць работу, каб ён у далейшым атрымліваў ад выбранай прафесіі не толькі матэрыяльнае, але і маральнае задавальненне. Яна імкнецца прывіць сваім навучэнцам разуменне значнасці кухарскай справы, пачуццё адказнасці за сваю працу.
— Мне неабходна сфарміраваць у вучняў прафесійныя навыкі на аснове тых ведаў, якія яны атрымліваюць у працэсе тэарэтычнага навучання. Таму я заўсёды вызначаю мэты і вынікі кожных заняткаў, выразна ўяўляю, якія ўменні мае вучні павінны набыць пасля яго заканчэння, — гаворыць Таццяна Ускробава.
Метады і прыёмы навучання Таццяна Леанідаўна выкарыстоўвае разнастайныя. На занятках яна актыўна прымяняе інфармацыйныя тэхналогіі, у прыватнасці, мультымедыйныя прэзентацыі і відэаролікі. Даволі часта яе ўрокі суправаджаюцца элементамі дзелавой гульні, а таксама так званымі “сюрпрызамі”. Сюрпрызам Таццяна Ускробава называе майстар-класы ад вядомых у горадзе кухараў, якіх яна запрашае на заняткі. Такія нестандартныя ўрокі спрыяюць лепшаму засваенню навыкаў вучнямі, развіваюць іх дапытлівасць, матывуюць на самаадукацыю.
Заняткі Таццяны Ускробавай прадугледжваюць і развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў. Кожны квартал у ліцэі праходзяць конкурсы прафесійнага майстэрства, у сувязі з чым асобныя ўрокі прысвечаны ўнутрыгрупавым адборам да ўдзелу ў іх. Таццяна Леанідаўна стараецца, каб падрыхтоўкай да конкурсаў навучэнцы займаліся самастойна. Яна толькі ажыццяўляе ненадакучлівы кантроль, дапамагае ў складаных момантах. Такая методыка мае свой вынік. На ўнутрыліцэйскіх конкурсах навучэнцы Таццяны Ускробавай стабільна займаюць пераможныя і прызавыя месцы, таму ў планах — удзел у больш маштабных прафесійных спаборніцтвах.
Не забывае майстар і пра пазаўрочную дзейнасць. Таццяна Леанідаўна арганізавала гурток “Карвінг”, які карыстаецца папулярнасцю і сярод навучэнцаў ліцэя. Акрамя таго, разам з вучнямі яна наведвае кінасеансы і спектаклі, выязджае ў турыстычныя паездкі. Асаблівае месца ў пазаўрочнай дзейнасці займаюць экскурсіі на вытворчасць: у сталовыя, бары, кафэ. Такія экскурсіі, па словах Таццяны Ускробавай, адыгрываюць важную ролю ва ўцягванні дзяцей у прафесію.
Таццяна Леанідаўна прытрымліваецца думкі, што калі навучаеш іншых, трэба заўсёды вучыцца самому. Яна пастаянна павышае кваліфікацыю, прафесійны ўзровень, займаецца самаадукацыяй. Вывучае прагрэсіўныя і дзейсныя формы падрыхтоўкі будучых рабочых, па меры магчымасцей укараняе іх у вучэбны працэс.
— Я стараюся, каб мае навучэнцы атрымлівалі дакладную, сучасную, актуальную інфармацыю. Навыкі і ўменні я фармірую ў іх тыя, якія дазваляюць зрабіць іх прафесійнымі, запатрабаванымі на рынку працы спецыялістамі, — кажа Таццяна Леанідаўна.
З пастаўленымі задачамі Таццяна Ускробава спраўляецца. Многія яе вучні, дзякуючы свайму няўрымсліваму майстру, атрымалі на выпуску павышаную кваліфікацыю, а некаторыя і дыплом з адзнакай. З выпускнікамі Таццяна Леанідаўна падтрымлівае сувязь. Яна ведае — большасць з іх засталіся ў прафесіі, замацаваліся на вытворчасці. Гэта прыносіць ёй глыбокае задавальненне, а таксама матывуе на далейшае ўдасканаленне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.