Галоўнае не перамога

- 16:22Спартыўныя падзеі

Заключнымі для беларускай каманды на ХХХ Сусветнай летняй універсіядзе сталі спаборніцтвы ў кіданні дыска. Студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверістэта фізічнай культуры Віктар Трус заняў выніковае 8-е месца.

Са значным адрывам ад саперніка лідарам спаборніцтваў стаў прадстаўнік Аўстраліі Мэцью Дэні — 65,27 м. На 2-м месцы — спартсмен з Румыніі Алін-Алесандру Фірфірыка — 63,52 м. Замыкае тройку лідараў дыскабол з Германіі Хенінг Пруфер — 62.46 м.

“На Сусветнай універсіядзе вельмі моцная канкурэнцыя, — пракаменціраваў вынікі выступлення старшы трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы Аляксандр Станіслававіч Мялешка. — У лідарах спаборніцтваў мог апынуцца кожны з удзельнікаў фіналу. Заявачныя вынікі былі вельмі шчыльнымі. На жаль, Віктар не змог справіцца з напалам барацьбы, але гэта важны для нас вопыт, паколькі наперадзе падрыхтоўка да Алімпійскіх гульняў”.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Марыі КОЖДАН.