Галоўнае — неабыякавасць да людзей, іх пачуццяў, праблем

Прафесія псіхолага — гэта ў некаторай ступені від дзейнасці, які немагчыма выконваць без нейкага асабістага душэўнага складу, нават прызвання. Псіхолаг — чалавек, які можа адным толькі словам перавярнуць унутраны свет таго, хто апынуўся ў крызіснай сітуацыі. І на гэта трэба мець талент, душэўныя сілы, жаданне быць карысным. Менавіта такімі якасцямі валодае Ірына Давідаўна БЯЛЯЕВА, якая каля 30 гадоў назад атрымала прафесію псіхолага, мае выключны вопыт работы з дзецьмі і моладдзю, а сёння працуе сацыяльным педагогам Полацкага дзяржаўнага эканамічнага каледжа. У 2015 годзе яна была ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Пагаворым пра яе шлях у прафесію, пра тое, як мянялася дзейнасць сацыяльна-псіхалагічнай службы ў навучальнай установе за апошнія 20 гадоў, ці змяніліся яе падапечныя і як ёй працуецца ў якасці сацыяльнага педагога.

Служба працуе зладжана

Псіхолагам Ірына Давідаўна вырашыла стаць не адразу. Спачатку атрымала тэхнічную спецыяльнасць у Наваполацкім політэхнічным інстытуце, але гэтыя веды ёй так і не давялося прымяніць на практыцы. Жыццё падкінула новыя варыянты, і стаць псіхолагам быў яе ўсвядомлены выбар. Першым месцам працы пасля перападрыхтоўкі ў Віцебскім інстытуце ўдасканалення настаўнікаў была Мацюшэўская сярэдняя школа, што ў Полацкім раёне, дзе яна працавала псіхолагам 10 гадоў. У 2002 годзе перайшла на новае месца працы — педагогам-псіхолагам у Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж.

— Першае адрозненне работы ў школе і каледжы — гэта колькасць навучэнцаў і ўзрост падапечных. У каледж прыходзяць юнакі і дзяўчаты, якія вызначыліся з прафесійным выбарам. Палова навучэнцаў жыве ў інтэрнаце, яны з’ехалі ад бацькоў і пачынаюць сваё дарослае жыццё ў адрыве ад сям’і, а гэта значыць, што ўзнікаюць складаныя моманты, звязаныя з планаваннем свайго жыцця, бюджэту, з наладжваннем асобасных адносін. На фоне гэтага часта ўзнікаюць псіхалагічныя праблемы, стрэсы. У школе псіхолаг мае справу з “дамашнімі” дзецьмі, больш устойлівымі псіхалагічна. Каледж — гэта новае асяроддзе, новыя правілы. Хтосьці прывык да маленькага калектыву, дзе адчуваў сябе патрэбным, нават зорным вучнем, а тут свае здольнасці трэба паказваць нанава, новым аднагрупнікам і выкладчыкам, — разважае Ірына Давідаўна.

Вядома, што ў каледжы вышэйшая планка адукацыі, больш моцны інфармацыйны паток, розная арганізацыя вучэбнага працэсу: замест урокаў — лекцыі і практычныя заняткі, якія сфарміраваны па дзве гадзіны. Навучэнцы, якія паступілі ў каледж пасля 9 класа, школьную праграму асвойваюць практычна за год, а гэта таксама ў нейкай ступені шокавая тэрапія для юнага чалавека.

Як псіхолаг і сацыяльны педагог наладжваюць сваю работу з першакурснікамі? Якія асаблівасці ў рабоце з навучэнцамі другога года?

— Першыя два месяцы самыя інтэнсіўныя: сацыяльна-псіхалагічная служба разам з куратарамі груп шчыльна працуе з новымі навучэнцамі. Штогод праходзіць псіхолага-педагагічны кансіліум, на якім абмяркоўваюцца вынікі медыцынскіх агля­даў, вучэбнай дзейнасці, вынікі назірання куратараў за групай, — ком­плексны падыход па адаптацыі навучэнцаў новага набору. На гэтым кансіліуме ацэньваецца выніковасць адаптацыйнага перыяду і выпрацоўваецца стратэгія суправа­джэння навучэнцаў у далейшым. Важны момант — падрыхтоўка ў перадэкзаменацыйны перыяд перад першай сесіяй. На другім курсе традыцыйна адбываецца кансіліум пры пераходзе навучэнцаў у межах праграмы да вывучэння прафесійных дысцыплін. Гэта даволі складаны пераход да тэрміналогіі, работа з нарматыўнай базай, вызначэннем кожным навучэнцам для сябе: “Ці тую прафесію я выбраў?” З гэтай прычыны праводзіцца дыягностыка, педагогам-псіхолагам выяўляюцца два аспекты: прафесійная матывацыя і эмацыянальнае самаадчуванне. Адначасова право­дзіцца дыягностыка куратара і загадчыка аддзялення, а таксама аналіз на ўзроўні цыклавых камісій, — адказвае педагог.

Акрамя таго, як адзначае Ірына Давідаўна, навучэнцы прыходзяць таксама з праблемамі міжасобасных і дзіцяча-баць­коўскіх адносін, з перажываннямі закаханасці, праблем немагчымасці знайсці кантакт і разуменне з суседзямі па пакоі ў інтэрнаце.

— Важна адсочваць эмацыянальныя станы, асабліва ўменне спраўляцца з негатыўнымі эмоцыямі — крыўдамі, пачуццём віны, разабрацца, што адчувае дзіця. Звычайны запыт — патрэба ў элементарнай псіхалагічнай падтрымцы. Часта агучваюцца праблемы выбару: як паступіць у той ці іншай сітуацыі, чаму не інакш? Вучым дзяцей прыёмам самарэгуляцыі, праводзім індывідуальныя кансультацыі, трэнінгі. Кабінет псіхолага ёсць у інтэрнаце. Да сацыяльнага педагога можна звярнуцца ў любы момант — яго кабінет знаходзіцца ў вучэбным корпусе каледжа. Па тэлефоне мы даступныя ў любы час, таму быва­юць тэлефанаванні і пасля работы. Тэлефоны псіхолага, сацыяльнага педагога і куратара ёсць ва ўсіх навучэнцаў і бацькоў, — гаворыць Ірына Давідаўна.

Дзеці змяніліся — мяняюцца і падыходы да работы

— Час не стаіць на месцы. Мяняюцца жыццё, нашы ўмовы, прыярытэты, мяняюцца і нашы дзеці. Зараз іншая інфармацыйная прастора, і ў дзяцей сваё бачанне жыцця, свае мэты, свая матывацыя, і ў многім яна адрозніваецца ад той, што была ў падлеткаў 20 гадоў назад. Сённяшнія маладыя людзі арыентаваны на сябе, на атрыманне жыццёвага камфорту, яны супраць дадатковых нагрузак і цяжкасцей, імкнуцца да больш спрошчанай мадэлі паводзін. Пры гэтым дзеці сёння больш эмацыянальна і тонка рэагуюць на тое, што адбываецца, канфліктныя сітуацыі яны ўспрымаюць вельмі бурна. Вядома, што на станаўленне чалавека ў большай ступені ўплывае сям’я, і тое, што цяпер вельмі многа, каля трэці, сем’яў няпоўныя, вельмі моцна ўплывае на сучасных дзяцей. Ды і ў некаторых поўных сем’ях складаныя міжасобасныя адносіны ўплываюць на падлеткаў. У выніку мы маем справу з моладдзю з аголенымі нервамі, з якой часам вельмі складана працаваць. Асобным радком ідзе тэма дзяцей-сірот. Гэта складаная тэма, асобны напрамак працы, — разважае Ірына Давідаўна.

Менавіта ў якасці сацыяльнага педагога яна сутыкнулася з вырашэннем праблем падлеткаў сіроцкай катэгорыі.

— Сацыяльны педагог яшчэ і псіхолаг. Падзяліць гэта немагчыма, асабліва калі тычыцца працы з дзецьмі-сіротамі, з якімі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа, што прадугле­джвае комплексны падыход. Сацыяльны педагог аказвае кансультатыўную дапамогу, часта гэта юрыдычныя, нават тэхнічныя пытанні, таму прыходзіцца асвойваць заканадаўства па праблемных пытаннях і быць крыху юрыстам і справаводам. Па законе мы адсочваем лёс нашых выпускнікоў-сірот, суправаджаем іх і, як клапатлівыя бацькі, вя­дзём па дарослым жыцці. Мы ведаем не толькі праз афіцыйныя запыты, як нашы дзеці ўладкаваліся на першым працоўным месцы і ў плане жыллёвых умоў, заработнай платы, мы адсочваем, як яны выкарыстоўваюць дзяржаўныя сродкі дапамогі, — расказвае педагог.

Але самае галоўнае для яе — гэта тое, як адчуваюць сябе маральна яе выхаванцы, бо столькі ў іх укладваецца сіл і душэўнага цяпла.

— Колькі праводзіцца мерапрыем­стваў, трэнінгаў, індывідуальнай, навукова-практычнай работы на кожным этапе вучобы! Нават пандэмія не парушыла наш кантакт з дзецьмі, наадварот, мы знайшлі новыя формы ўзаемадзеяння. Вядома, што пытанні могуць быць рознымі, але мы імкнёмся вырашаць кожнае. Масавых мерапрыемстваў право­дзіцца менш, але па групах мы праводзім менш маштабныя, хаця не менш якасныя тэматычныя сустрэчы. Мы выкарыстоўваем адукацыйную платформу MOODLE для навучання праз дыстанцыйнае кіраванне, на якой размяшчаем інфармацыю па пытаннях свайго кірунку. Ёсць магчымасць мець зносіны анлайн у рэжыме відэаканферэнцыі на агульных мерапрыемствах каледжа са зваротнай сувяззю з навучэнцамі, — удакладняе педагог.

Работа з маладымі дае сілы

На маё пытанне, ці знаёма ёй праблема прафесійнага выгарання, Ірына Давідаўна адказвае:

— Вядома, на пэўны момант жыцця адчуваецца стомленасць. Мы і для педагогаў праводзілі семінары па эмацыя­нальным выгаранні. Вядома, што для псіхолага атрымаць аддачу ад таго, што ён зрабіў, адразу немагчыма. Важна ўбачыць, што твая дапамога дае вынік, гэта вельмі падсілкоўвае. Водгукі і віншаванні ад выпускнікоў установы таксама даюць сілы. Прыемна, што мы ў пастаянным кантакце з тымі, хто на працягу вучэбнага жыцця імкнуўся разабрацца ў сабе, вырашыць эмацыянальныя праблемы ў кабінеце псіхолага ці сацыяльнага педагога.

Дае сілы і работа з маладымі: ты заў­сёды рухаешся наперад, увесь час знаходзішся ў жыццёвым тонусе, нельга спыніцца ў развіцці, трэба пазнаваць нешта новае. Часта маладыя людзі правяраюць цябе на трываласць, наколькі ты кампетэнтны, і гэта падшурхоўвае быць больш падрыхтаваным.

Важнае значэнне маюць падтрымка і дапамога калег. Заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю ўзаемадзеянне з былымі калегамі: Ліліяй Пятроўнай Аляб’евай, Ірынай Алегаўнай Пазняковай, Наталляй Валянцінаўнай Зюзялевай. І зараз пастаянна дзелімся і вучымся адна ў адной, успамінаем дзяцей, з якімі прайшлі разам праз складаныя моманты. Працуючы разам, мы праводзілі мноства мерапрыемстваў: тыдзень псіхалогіі, псіхалагічнага здароўя, псіхалагічныя семінары, майстар-класы, творчыя майстэрні, форум-тэатр, розныя акцыі — усё ў цесным узаемадзеянні з метадыстам, выхавальнікамі, куратарамі, выкладчыка­мі, — успа­мінае Ірына Давідаўна.

Апошнімі пытаннямі да вопытнага псіхолага і сацыяльнага педагога былі “У чым сакрэт работы псіхолага?” і “Якія парады вы б далі маладым спецыялістам?”.

— Галоўнае — неабыякавасць да людзей, іх пачуццяў, праблем, — упэўнена спецыяліст. — Прызнаюся, я кожны дзень з задавальненнем іду на работу, бо кожны дзень непрадказальны: з якімі пытаннямі і сітуацыямі прыйдзецца сутыкнуцца, ты не ведаеш, але ты адкрыты да людзей, гатовы спачуваць — гэта важна.

Калі гаварыць пра парады маладым, то перш за ўсё ў іх павінна быць разуменне, што прафесія патрэбная. У гэтую прафесію нельга прыйсці выпадкова. Калі на вашым шляху сустрэнецца хоць адзін чалавек, якому вы працягнеце руку дапамогі, дапаможаце прадухіліць бяду, падштурхняце да дзеянняў і лепшага выбару, то вы недарма вучыліся і працуеце.

Таццяна ЛАПАЦІНА.
Фота з асабістага архіва І.Д.Бяляевай.