Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, назначаючы Андрэя Кунцэвіча намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, актуалізаваў задачы, якія стаяць сёння перад ідэалагічнай вертыкаллю.
На пасадзе намесніка кіраўніка Адміністрацыі Андрэй Кунцэвіч будзе курыраваць сферы ідэалогіі і работы СМІ. У сувязі з гэтым быў падкрэслены яго значны вопыт па гэтых напрамках, уключаючы прафесійную адукацыю.
“Павінен сказаць, што з карабля на баль. Часу для разварушвання няма. Таму што перадвыбарная кампанія — гэта і вялікая ідэалагічная работа. А вам давядзецца займацца перш за ўсё комплексам ідэалагічнай работы, пачынаючы ад журналістыкі і заканчваючы, скажу адкрыта, лекцыямі ў ВНУ, — адзначыў прэзідэнт. — Гэта самае слабае месца нашых дзяржаўных служачых — сустракацца з моладдзю, расказваць ім аб той палітыцы, якая праводзіцца ў дзяржаве. Таму што наша моладзь, якая сядзіць у інтэрнэце, не заўсёды прачытае аб гэтай палітыцы. А калі і прачытае, то часта ўсё навыварат перавернута”.
“Інтэрнэт — гэта таксама будзе сфера ў нейкай ступені вашай адказнасці. І не з пункту гледжання ўсё закрыць і забараніць. А выкласці пазіцыю ўлады, пазіцыю прэзідэнта. Пакуль больш за ўсё гэтым займаецца прэзідэнт. Ён і будзе займацца гэтымі пытаннямі, але і некаторыя службовыя асобы, у тым ліку вы, а таксама кіраўнік Адміністрацыі. Перш за ўсё вы ўдваіх павінны будзеце гэтым займацца — працаваць з людзьмі”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Назначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй Кунцэвіч у размове з журналістамі адзначыў, што сучасным выклікам і пагрозам можна проціпаставіць кансалідацыю і еднасць грамадства на аснове ўзважанай, разумнай і справядлівай дзяржаўнай палітыкі.
“Галоўнае, на што звярнуў увагу ў ходзе назначэння прэзідэнт, — гэта работа з людзьмі, вырашэнне іх злабадзённых праблем, што з’яўляецца, па сутнасці, першараднай задачай кіраўнікоў любога ўзроўню. Трэба не хавацца ад вострых пытанняў, якія хвалююць нашых людзей, а разам шукаць шляхі іх вырашэння, выкарыстоўваючы любыя актуальныя каналы для зваротнай сувязі. Гэта, бадай што, галоўная задача ідэалагічнай вертыкалі ўлады на сёння”, — сказаў Андрэй Кунцэвіч.
“З майго пункту гледжання, ідэалагічная работа была актуальнай заўсёды. Час паказаў, што сёння гэта вельмі важна, гэта запатрабавана не толькі ўладай, але і людзьмі”, — дадаў ён.
Андрэй Кунцэвіч нарадзіўся ў Магілёве. У 2002 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (спецыяльнасць “Журналістыка”), у 2007 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі (спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія”). Працаваў загадчыкам аддзела пісем рэдакцыі раённай газеты “Зара над Друццю” (Бялынічы), пасля — рэдактарам гэтага выдання. З 2009 па 2011 год займаў пасаду намесніка старшыні Шклоўскага райвыканкама, з 2011 па 2013 год — начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама. З’яўляўся першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама — начальнікам упраўлення ідэалагічнай работы. З 2013 па 2016 год працаваў намеснікам старшыні Магілёўскага гарвыканкама, з 2016 па 2017 год — начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Са студзеня 2017 года быў на пасадзе намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама.