Галоўнае пытанне — кадравае

- 11:48Інфармацыйная гадзіна

Неабходна прыняць дадатковыя меры па поўным камплектаванні і далейшым замацаванні кадраў у ахове здароўя, у першую чаргу — у паліклінічным звяне, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на падагульняючай калегіі Міністэрства аховы здароўя.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, важна выбудаваць сістэмную работу з маладымі супрацоўнікамі, забяспечыўшы поўнамаштабнае адраджэнне і развіццё інстытута настаўніцтва і перадачы вопыту, укараніць адпаведныя сістэмы матэрыяльных і маральных стымулаў. Важна фарміраванне і безумоўнае захаванне дакладных і празрыстых механізмаў для кар’ернага росту і ратацыі кадраў. У пастаянным полі зроку кіраўнікоў, мясцовых органаў улады павінны знаходзіцца пытанні стварэння належных жыллёвых і матэрыяльна-бытавых умоў для медработнікаў.

Нараўне з рэальнымі поспехамі і дасягненнямі ў сферы высокіх тэхналогій у ахове здароўя неабходна павышаць якасць аказання меддапамогі на першасным (амбулаторна-паліклінічным) узроўні, адзначыў Ігар Петрышэнка. У прыватнасці, нельга марудзіць з арганізацыяй міжраённых цэнтраў і цэнтраў спецыялізаванай і высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах. Пры стварэнні такіх цэнтраў важна ўсё: аснашчэнне, абсталяванне, падрыхтоўка кадраў. Рэжым работы павінен задавольваць патрэбнасці насельніцтва.

Павышаць узровень і якасць медыцынскага абслугоўвання прызначана інфарматызацыя галіны. Для гэтага ў краіне ўкараняецца электронны рэцэпт, адзіная электронная карта, асабісты электронны кабінет пацыента, пашыраюцца магчымасці для правядзення тэлемедыцынскіх кансультацый.

Акрамя таго, важнейшая задача — стварэнне вертыкалі кантролю якасці аказання меддапамогі. Гэтая сістэма павінна стаць дзейсным рычагом павышэння якасці меддапамогі насельніцтву, падкрэсліў Ігар Петрышэнка.