Галоўнае — ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і дасягаць іх

30 снежня міністр адукацыі Ігар Карпенка ў межах акцыі “Нашы дзеці” наведваў выхаванцаў Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу. Магчымасці паехаць на Новы год дадому ў дзяцей няма, таму яны рады візіту гасцей, якія дораць падарункі і добры настрой. А Ігара Васільевіча ў вучылішчы сустракаюць з асаблівай цеплынёй, бо міністр да іх прыязджае чацвёрты год запар і не толькі на навагоднія святы. Кіраўнік ведамства патраніруе навучальную ўстанову.

Разам з міністрам у вучылішча прыехалі рэктар РІПА Валерый Галубоўскі і алімпійскі чэмпіён па грэблі на байдарках і каноэ старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч. Госці пазнаёміліся з вучэбнай базай установы, прафесійнымі майстэрнямі, наведалі медыцынскі блок, дзе пасля рамонту і камплектацыі неабходным абсталяваннем выхаванцы вучылішча атрымлі­ваюць неабходную медыцынскую, псіхіятрычную дапамогу. Спрыяе гэтаму і ўзмоц­неная сацыяльна-псіхалагічная служба, якая працуе ва ўстановах такога тыпу. Дапамагае створаная рэспубліканская сацыяльна-псіхалагічная служба экстраннай дапамогі, у склад якой увайшлі дасведчаныя спецыялісты-псіхолагі.

Ігар Васільевіч павіншаваў выхаванцаў і калектыў установы з навагоднімі святамі і адзначыў, што арганізатарам хацелася, каб юнакі адчулі дух сямейнага цяпла і клопату. Міністр выказаў упэўненасць, што створаныя ў вучылішчы ўмовы і падтрымка дзяржавы паспрыяюць таму, што самастойнае жыццё юнакі пачнуць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.

“З моманту нараджэння кожны чалавек стаіць перад выбарам свайго жыццёвага шляху. Хацелася б, каб кожны з вас выбраў правільны арыенцір. Вельмі хочацца, каб наступныя навагоднія святы вы сустракалі па-за межамі гэтай установы, у іншых умовах. Мне вельмі хочацца, каб вы сталі прафесіяналамі сваёй справы, каб працавалі на карысць сваёй сям’і і дзяржавы. Каб створаныя вамі сем’і былі моцнымі і шчаслівымі, а вашы дзеці не траплялі ў такія складаныя сітуацыі. Будзьце сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны, каб мы, старэйшае пакаленне, маглі сказаць, што з гордасцю перадаём вам кіраванне нашай незалежнай дзяржавай. Галоўнае — ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты і дасягаць іх”, — адзначыў Ігар Карпенка.

Міністр уручыў навучальнай установе сертыфікат на мультыборд, а таксама персанальныя падарункі выхаванцам. Да віншаванняў міністра далучыліся Валерый Галубоўскі і Аляксандр Багдановіч, якія пажадалі здзяйснення ўсіх мар.

Пасля для навучэнцаў і педагогаў выступіла народная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева. У адказ выхаванцы вучылішча прадэманстравалі свае таленты. Атрымаўся душэўны святочны канцэрт.

У Крывіцкага СЛВПТВ і яго навучэнцаў падтрымліваецца сацыяльнае парнёрства з рознымі ўстановамі і арганізацыямі. Напрыклад, ужо некалькі гадоў установа супрацоўнічае з БДПУ імя Максіма Танка. Увогуле, дзякуючы ўсеагульнай падтрымцы і ўвазе, вучылішча пастаянна развіваецца, умовы для дзяцей становяцца лепшымі. У прыватнасці, нядаўна тут завяршылі рамонт сталовай.

Як адзначыў дырэктар Андрэй Дубаневіч, у Крывіцкім спецыяльным лячэбна-выхаваўчым прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу выхоўваюцца 48 юнакоў ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Усе яны знаходзяцца ва ўстанове па рашэнні суда і не могуць пакі­даць яе па сваім жаданні.

У Крывіцкім СЛВПТВ хлопцы атрымліваюць не толькі школьную адукацыю, але і прафесійную (слесара па рамонце аўтамабіляў, тынкоўшчыка, абліцоўшчыка-плітачні­ка). Ва ўстанове быў адкрыты клас прафесійнага майстэрства для правядзення прафарыентацыйнай работы. А ў мінулым годзе з’явілася новая вучэбна-вытворчая майстэрня з сучасным абсталяваннем.

Выхаванцы ўстановы, акрамя вучобы, займаюцца спортам, развіваюць свае творчыя здольнасці: займаюцца вакалам, асвойваюць розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.