Галоўнае — захаванне здароўя дзяцей

- 11:10Планёрка ў рэгіёне

Начальнік упраўлення па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Мінскай вобласці Іна Драпеза пераканана, што асноўным шляхам да якаснай адукацыі з’яўляюцца здароўезберагальныя тэхналогіі. У сувязі з гэтым дзейнасць педагогаў рэгіёна накіравана на стварэнне такіх устаноў адукацыі, у якіх прыярытэтным напрамкам з’яўляецца фарміраванне каштоўнасці здароўя і здаровага ладу жыцця.  

— Іна Феліксаўна, якія задачы ставіце перад сабой і педагогамі на новы навучальны год?

— За апошнія гады адбылася змена парадыгмы адукацыі ад традыцыйнай да адаптыўнай здароўезберагальнай асобасна арыентаванай. Арганізуючы працэс выхавання, асноўны акцэнт робім на занятасці дзяцей у пазавучэбны час, ахоп іх грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі, рост спектра дадатковых адукацыйных паслуг. Развіццё варыятыўнасці ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі забяспечыла значнае павышэнне асноўных колькасных і якасных паказчыкаў вучэбнага працэсу.

А падмурак будучага жыцця чалавека закладвае сям’я і сістэма дашкольнай адукацыі. Атрыманне дашкольнай адукацыі ў раёне забяспеч­ваюць 53 установы, якія наведваюць больш за 6218 выхаванцаў. Да новага навучальнага года створана 40 дадатковых месцаў у дашкольных установах раёна. Развіваецца сетка варыятыўных форм дашкольнай адукацыі.

Даведка:

У 2018/2019 навучальным годзе колькасць варыятыўных форм дашкольнай адукацыі з рэжымам знаходжання дзяцей ад 2 да 7 гадзін вырасла да 45 (2017/2018 навучальны год — 35). Прагноз на 2019/2020 навучальны год — 48.

У новым навучальным годзе нам трэба будзе пашырыць спектр дадатковых адукацыйных паслуг для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Развіццё рухальнай актыўнасці, пазнавальнай дзейнасці, работа па прафілактыцы дзіцячага траўматызму, зніжэнне захворвання выхаванцаў, арганізацыя якаснага харчавання выхаванцаў, фарміраванне асноў ранняй прафарыентацыі дзяцей і бесперапыннай адукацыі педагогаў — ключавыя задачы новага навучальнага года для ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Асноўная мэта дзейнасці сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі нашага раёна — павышэнне якасці адукацыі. Зыходзячы з патрэб рынку працы, рэсурснага забеспячэння, у раёне сфарміраваны мадэлі профільнага навучання.

У 2018/2019 навучальным годзе вучні Маладзечанскага раёна паказалі выніковы ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. 12 навучэнцаў раёна сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па вучэбных прадметах, сярод іх Іван Мамчыц, выпускнік гімназіі № 10 Маладзечна, які заваяваў бронзавы медаль і дыплом III ступені на 53-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе навучэнцаў па вучэбным прадмеце “Хімія” і бронзавы медаль на 51-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе, якая сёлета праходзіла ў Парыжы.

— А як вашы выпускнікі здалі цэнтралізаванае тэсціраванне і які ў вас працэнт паступлення?

— Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання 2019 года выпускнікі устаноў адукацыі Маладзечанскага раёна паказалі веды (і, адпаведна, балы) вышэйшыя за абласныя і рэспубліканскія паказчыкі па 11 прадметах з 14. Нам ёсць над чым працаваць у наступным годзе.

Але, напрыклад, выпускнік сярэдняй школы № 8 Маладзечна Сяргей Сапач атрымаў максімальны вынік па біялогіі (настаўніца Марына Ігнацьеўна Шчукіна).

Штогод расце колькасць выпускнікоў, якія працягваюць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У 2019 годзе з 743 выпускнікоў 11-х класаў працягнулі навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі 495 чалавек, што склала 66,6% (у 2018 годзе — 64,7%; у 2017 годзе — 60,8%).

— Наколькі паспяхова прайшла падрыхтоўка да новага навучальнага года? 

— Усе ўстановы раёна падрыхтаваны да новага навучальнага года. У Радашковіцкай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна адрамантаваны харчаблок, абедзенная зала, лесвіцы (на гэта было выдаткавана больш за 35 тысяч рублёў). Завершаны капітальны рамонт у яслях-садзе № 2 Радашковіч. У належны стан прыведзены гульнявыя пакоі, спальні, раздзявалкі, душавыя.

Вялікі аб’ём работ на суму звыш 180 тысяч рублёў праведзены і ў дашкольных установах у Аляхновічах, Бярэзінскім, а таксама ў гарад­скіх яслях-садах №№ 28, 30, 33, 35. Рамонтныя работы праводзіліся як за грошы раённага бюджэту, так і за пазабюджэт саміх устаноў.

— Пытанне па арганізацыі профільнага навучання, арганізацыі профільных класаў: ці ёсць у вас, напрыклад, педкласы, агракласы? Як плануеце арганізоўваць дапрофільную падрыхтоўку школьнікаў у новым навучальным годзе?

— Вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана ў 50 класах, з іх 2 групы аграрнай накіраванасці, у якіх вучацца 11 чалавек, 11 гурткоў педагагічнай накіраванасці (91 навучэнец) і 2 ваенна-патрыятычныя класы (49 вучняў).

— А што больш за ўсё хвалюе начальніка ўпраўлення па адукацыі сёння?

— Для нас галоўнае — захаванне здароўя дзяцей. Для гэтага ўсе мы павінны стварыць здароўезберагальнае асяроддзе, арганізаваць збалансаванае харчаванне, стварыць умовы для бяспечнага знахо­джання ва ўстановах адукацыі і, вядома, арганізаваць якасны адукацыйны працэс. Як вынік, нашы выпускнікі будуць сацыялізаваныя, паспяховыя і запатрабаваныя на рынку працы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.