Галоўнае — здароўе і бяспека

- 10:46Дашкольная адукацыя

Пасяджэнне Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі чарговы раз адбылося ў Гродне. Спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў і дашкольнай адукацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі абмеркавалі адну з самых галоўных задач сваёй дзейнасці — стварэнне здароўезберагальнай прасторы ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

Абмеркаванне пачалося перад пачаткам работы пасяджэння, калі яго ўдзельнікі знаёміліся з выставай “Эфектыўныя напрамкі дзейнасці па гарантаванні бяспечных і здароўезберагальных умоў ва ўстановах дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці”, дзе былі прадстаўлены інтэрактыўныя развіццёвыя праграмы, гульні, метадычныя напрацоўкі, якія фарміруюць асновы бяспекі жыццядзейнасці дзяцей.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдат педагагічных навук Альбіна Давідовіч засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў пасяджэння на пытаннях дзіцячага траўматызму і прычынах, якія яго выклікаюць, арганізацыі харчавання. Галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі міністэрства Вера Грыбкоўская прадставіла інфармацыю аб адукацыйным узроўні работнікаў і напаўняльнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі, звярнула ўвагу на дакладнасць складання дакументаў па статыстычных справаздачах.

Удзельнікаў семінара віталі начальнік аддзела агульнай сярэдняй, спецыяльнай і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская і рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка.

— Звыш 47 тысяч дзяцей наведваюць установы дашкольнай адукацыі Гродзенскай вобласці, і колькасць іх кожны год павялічваецца. У вобласці будуюцца новыя дзіцячыя сады, у гэтым годзе — у Гродне, Навагрудку, Шчучыне і Астраўцы, — расказала галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Анжаліка Кухта. — Варыятыўнасць форм дашкольнай адукацыі — гэта і групы кароткачасовага знаходжання, і адкрыццё ўстаноў на першых паверхах жылых будынкаў у новых мікрараёнах — дазваляе падтрымліваць высокі ўзровань ахопу дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй (у вобласці гэты паказчык складае 96 працэнтаў). Правядзенне прафілактычных, здароўезберагальных мерапрыемстваў, паляпшэнне харчавання дазваляюць зніжаць захваральнасць і траўматызм дзяцей.

Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з’яўляюцца сацыяльнымі партнёрамі сістэмы дашкольнай адукацыі. Аб такім карысным і выніковым узаемадзеянні гаварылі загадчык дзіцячай паліклінікі Лідскай цэнтральнай раёнай бальніцы Сяргей Рак і начальнік цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Таццяна Яскевіч. Аб тым, як з дапамогай сучасных камп’ютарных тэхналогій і інтэрнэту можна павышаць узаемадзеянне сям’і і ўстановы дашкольнай адукацыі ў пытаннях захавання і ўмацавання здароўя дзяцей, расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкама Святлана Булыка. Работу па метадычным суправаджэнні і фарміраванні ў педагогаў дашкольнай адукацыі прафесійных кампетэнцый прадставілі супрацоўнікі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі — намеснік дэкана факультэта прафесійнага развіцця Святлана Хамылёва і старшы выкладчык кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі Наталля Касцюк.

Асаблівасці праектавання здароўезберагальнага прадметна-прасторавага асяроддзя ў сучаснай установе дашкольнай адукацыі прадставіла намеснік дэкана па навуковай рабоце факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена Смолер. На другі дзень работы семінара ўдзельнікі азнаёміліся з такой работай непасрэдна ва ўстановах дашкольнай адукацыі Гродна. Так, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 60 Гродна прадэманстравалі, як ствараецца здароўезберагальная сістэма сродкамі фізкультурна-аздараўленчай работы, і рэалізацыю інавацыйных праектаў разам з факультэтам фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Госці пабывалі на занятках дзяцей фітнесам, ёгай і на гульнявым спартыўным трэнінгу. У ДЦРД № 97 паказалі, як праектная дзейнасць уплывае на ўдасканаленне здароўезберагальнага асяроддзя, і запрасілі на заняткі ў зімовы сад. У адной з самых новых дашкольных устаноў абласнога цэнтра — яслях-садзе № 108 — удзельнікаў семінара азнаёмілі з сучаснымі падыходамі ў арганізацыі бяспечных умоў знаходжання выхаванцаў.

— Акрамя зімовага саду, дзе праходзяць заняткі эксперыментальнай дзіцячай лабараторыі, заняткі па дыхальнай гімнастыцы, зялёныя куткі прыроды і куткі бяспекі аформлены ў кожнай групе, — расказвае загадчык ДЦРД № 97 Галіна Смурага. — У здароўезберагальнай дзейнасці арыентуемся на індывідуальны тэмп работы з кожным выхаванцам і праектны метад. У рамках “Дня навукі”, які штогод праходзіць у цэнтры, кожны наш выхаванец прадстаўляе свае эксперыменты і даследаванні, у тым ліку і па здароўезберагальных і бяспечных паводзінах.

— Кожная такая сустрэча ў рамках работы Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі нясе новы вопыт, дазваляе прадэманстраваць дасягненні рэгіёна, абмеркаваць надзённыя пытанні сістэмы дашкольнай адукацыі краіны, — адзначыла А.Л.Давідовіч.

— Было цікава даведацца, як дашкольныя ўстановы Гродна супрацоўнічаюць з універсітэтам, удзельнічаюць у інавацыйных праектах, а таксама азнаёміцца з абсталяванай у дзіцячых садах сучаснай сістэмай відэаназірання, — адзначыла галоўны спецыяліст Гомельскага ўпраўлення адукацыі Вольга Дулуб.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.