Галоўнае — здароўе людзей

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з дырэктарам Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Хансам Клюге.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму прыемна сустрэцца з Хансам Клюге не толькі як з чалавекам, якога ў Беларусі добра ведаюць, але і як з экспертам высокага ўзроўню, які добра разбіраецца ў ахове здароўя, асабліва ў розных вірусах. “Я перш за ўсё хачу вам падзякаваць і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кіраўніцтву СААЗ за выбранне Беларусі членам выканкама СААЗ у бягучым няпростым, палітызаваным 2021 годзе. Гэта сведчыць аб пэўнай незалежнасці і смеласці кіраўніцтва СААЗ”, — заўважыў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў Беларусі ніколі не было праблем з гэтай арганізацыяй: “Вы заўсёды дзяліліся ведамі, падказвалі не толькі ў пытаннях лячэння лю­дзей, але і набыцця пэўнага абсталявання. Аказвалі ўсямерную падтрымку і дапамогу. Мы гэта бачым і ў часы пандэміі. Гэта дарагога варта, і мы гэта вельмі цэнім”. Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў СААЗ за падтрымку, якую арганізацыя аказвае Беларусі ў лячэнні не толькі COVID-19, але і іншых хвароб. “Не трэба забываць, што ў нас людзі хварэюць, і ў значна большым аб’ёме, на іншыя захворванні, чым цяперашняя пандэмія і COVID. І тут мы атрымліваем усялякую падтрымку ад вашай арганізацыі. У сувязі з гэтым я хачу, каб вы перадалі мае самыя цёплыя словы ўдзячнасці Гебрэесусу (генеральны дырэктар СААЗ Тэдрас Гебрэесус. — Заўвага БелТА.) і іншым кіраўнікам СААЗ за тую каласальную падтрымку, якую вы аказваеце ўсяму свету, у тым ліку і Бела­русі”, — сказаў Прэзідэнт.

Падчас сустрэчы кіраўнік дзяржавы адзначыў, што наступны тыдзень у Беларусі прысвецяць дэталёваму аналізу сітуацыі ў сувязі з каранавірусам. “Цяперашняя сітуацыя ў свеце характарызуецца ўздымам захваральнасці на COVID. Наколькі я ра­зумею, хо­дзіць штам “Дэльта”. Уздым вельмі сур’ёзны вакол Беларусі краіны адчуваюць. У тым ліку і ў Беларусі пэўны ўздым. Мы ўжо дасягнулі таго піка, які быў у нас раней, — адзначыў Прэзідэнт. — Наступны ты­дзень у Беларусі будзе прысвечаны таму, каб дэталёва разабрацца па кожнай бальніцы, па кожным інфіцыраваным чалавеку і прыняць дадатковыя меры, калі гэта неабходна, для лячэння людзей ад COVID-19”.

Беларускі лідар таксама падкрэсліў, што вакцыны ад COVID-19 павінны стаць здабыткам усяго чалавецтва. 

“Я абсалютна падтрымліваю СААЗ і перш за ўсё яе кіраўніцтва ў тым, што нельга быць сёння эгаістам і індывідуалістам. Я маю на ўвазе краіны, якія спрабуюць закрыцца, аб’явіць лакдаўны, якія, маючы лякарствы, не заўсёды своечасова і ў патрэбным аб’ёме па­стаўляюць іх на рынак. Маючы магчымасць вырабляць сродкі індывідуальнай засцярогі, не заўсёды дзеляцца з іншымі краінамі. Асабліва вакцынацыя. Вакцыны павінны стаць здабыткам усяго чалавецтва планеты. Гэта інтэрнацыянальная хвароба”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што, калі нейкая краіна думае ізалявацца і ў гэтым плане паспрабаваць шчасця, нічога не атрымаецца. “Трэба ўсім разам пераадольваць гэтую хваробу. Вось у гэтым плане я вас абсалютна падтрымліваю”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Як заявіў пасля сустрэчы міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, ён штодзень дакладвае кіраўніку дзяржавы аб сітуацыі з COVID-19. Міністр адзначыў, што гатовы далажыць Прэзідэнту аб рабоце канкрэтных устаноў аховы здароўя, калі ён захоча наведаць адну з іх.

“Думаю, мы збяромся ў тым ліку і пулам экспертаў, даложым кіраўніку дзяржавы аб тых кроках, якія мы робім цяпер, ацэнцы сітуацыі і прагнозах, што прапануем зрабіць не толькі ў сістэме аховы здароўя, але і ў цэлым у сістэме ўсіх зацікаўленых у барацьбе. Таму што ідзе міжсектаральнае ўзаема­дзеянне. Вельмі важна, як мы ўсе разам аб’яднаемся ў гэтай барацьбе”, — падкрэсліў Дзмітрый Піневіч.