Галоўнае — здароўе студэнтаў

- 11:42Спартыўныя падзеі

Днямі ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце прайшло ўрачыстае адкрыццё спартыўна-аздараўленчага комплексу “Палітэхнік”. На яго базе створаны шырокія магчымасці як для студэнцкага спорту, так і для фізкультурна-аздараўленчай работы, фарміравання здаровага ладу жыцця ў навучэнскай моладзі.

У адкрыцці спартыўна-аздараўленчага комплексу БНТУ прынялі ўдзел рэктар універсітэта, акадэмік НАН Беларусі, член Нацыянальнага алімпійскага камітэта Барыс Хрусталёў, ганаровыя госці — міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, кіраўнік Федэрацыі плавання Беларусі Анатоль Тозік, намеснік старшыні Пастаяннай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, прызёр Алімпійскіх гульняў, чэмпіён свету, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Вадзім Дзевятоўскі, кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Аляксандр Пазняк і інш. Госці азнаёміліся са славутасцямі спартыўнага комплексу.Гатовы да эксплуатацыі 10 залаў: для аэробікі, каратэ, сухога плавання, гандбола, міні-футбола і іншых відаў спорту. Да паслуг наведвальнікаў кафэ, дзве саўны, лыжная база, трыбуна на 450 пасадачных месцаў.
Упрыгажэнне комплексу — гэта 50-метровы плавальны басейн з 10 дарожкамі і прапускной здольнасцю больш за 1000 чалавек у суткі. Абноўлены басейн адпавядае нормам Міжнароднай федэрацыі плавання (FIWA), што дазволіць праводзіць тут спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. Створаны ўсе ўмовы для наведвання басейна асоб з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, устаноўлены спецыяльны ліфт для спуску ў ваду, разлічаны на вагу да 150 кг.
Значна абноўлены музей спартыўнай славы БНТУ. На думку ганаровых гасцей, ён у поўнай меры адлюстроўвае спартыўнае жыццё палітэха за яго амаль стагадовую гісторыю.
— Спартыўна-аздараўленчы комплекс “Палітэхнік” — гэта каталізатар здароўя, — адзначыў рэктар БНТУ Барыс Хрусталёў. — Ён дазволіць дынамічна фарміраваць здаровы лад жыцця не толькі ў студэнцкай моладзі, але і ўсіх катэгорый насельніцтва краіны, бо дэвіз БНТУ — “Здаровая нацыя — нацыянальная бяспека Рэспублікі Беларусь”.
Дарэчы, спорт у БНТУ ў прыярытэце. Па выніках рэспубліканскіх універсіяд універсітэт ужо на працягу 10 гадоў займае 1 месца сярод ВНУ Міністэрства адукацыі. Сёння тут атрымліваюць адукацыю 495 спартсменаў высокай кваліфікацыі, у тым ліку 2 заслужаныя майстры спорту, 13 майстроў спорту міжнароднага класа, 118 майстроў спорту, 168 кандыдатаў у майстры спорту, 206 спартсменаў маюць першы спартыўны разрад, 49 студэнтаў-спартсменаў уваходзяць у склад нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь па алімпійскіх відах спорту.
БНТУ валодае сучаснай спартыўнай базай — гэта 18 спартыўных залаў, стадыён, лыжная база, спартыўныя пляцоўкі, басейн. Ва ўніверсітэце функцыянуюць 36 студэнцкіх зборных каманд па 34 відах спорту. Штогод тут праводзіцца спартакіяда сярод факультэцкіх каманд па 20 відах спорту, рэгулярна праходзяць Дні здароўя і спаборніцтвы сярод студэнтаў, якія жывуць у інтэрнатах.

Анатоль КОНАНАЎ.