Галоўнай тэмай трэцяга форуму рэгіёнаў стануць сацыяльныя і гуманітарныя пытанні

- 10:15Інфармацыйная гадзіна

Сацыяльная палітыка стане тэмай трэцяга форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе у бягучым годзе ў нашай краіне. Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Русецкі на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні форуму.

“Папярэдняя дата трэцяга форуму рэгіёнаў ужо ўзгоднена з расійскімі калегамі, плануецца, што мерапрыемства пройдзе 8—9 чэрвеня ў Мінску і Магілёве, пленарнае пасяджэнне намечана на 9 чэрвеня. Асноўнай тэмай форуму стануць сацыяльныя і гуманітарныя пытанні. Кіраўнік дзяржавы аб’явіў бягучы год у Беларусі Годам культуры, і гэта таксама знойдзе адлюстраванне ў праграме нашага мерапрыемства”, — адзначыў Анатоль Русецкі.
Запланаваны круглыя сталы і секцыі, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі ў галіне навукі і адукацыі, маладзёжнай палітыкі, культуры, работы сродкаў масавай інфармацыі. Адначасова адбудуцца форум рэгіянальных СМІ, маладзёжная спартакіяда Саюзнай дзяржавы і іншыя мерапрыемствы.
Часткай форуму стане традыцыйная выстаўка “Белагра”. “Хацелася б, каб на экспазіцыі былі прадэманстраваны не толькі дасягненні сельскай гаспадаркі Беларусі, але і ўвесь спектр пытанняў, якія датычацца гэтай тэмы. Гэта ў тым ліку сацыяльная палітыка ў вёсцы, падрыхтоўка кадраў”, — падкрэсліў Анатоль Русецкі.
На форуме прапануецца закрануць і некаторыя эканамічныя пытанні, у прыватнасці, размова можа пайсці аб распрацоўцы сумеснай імпартазамяшчальнай праграмы Беларусі і Расіі, гарманізацыі заканадаўства дзвюх краін.
Папярэдні форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі быў прысвечаны прамысловай палітыцы і прайшоў у Сочы 17—18 верасня 2015 года. У ім прынялі ўдзел кіраўнікі абедзвюх дзяржаў. На форум прыехалі прадстаўнікі больш як 50 расійскіх рэгіёнаў і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, заключаны кантракты на больш як $250 млн.