Галоўнай умовай з’яўляецца захаванне рэжыму спынення агню

- 14:48Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Наступны раўнд перагавораў па Украіне пройдзе ў Мінску 29 чэрвеня, паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік пасля завяршэння чарговай сустрэчы рабочай групы.

Марцін Сайдзік растлумачыў, што рабочая група па пытаннях бяспекі абмяркоўвала выпадкі парушэння рэжыму спынення агню. У тым ліку маюцца на ўвазе абстрэлы жылых кварталаў у раёне Данецка 8 чэрвеня.

Пры гэтым каардынатар групы — пасол Эртугрул Апакан — звярнуўся да бакоў з заклікам, каб яны і далей расследавалі ўсе інцыдэнты і пагрозы, накіраваныя на супрацоўнікаў спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ. Маюцца на ўвазе абстрэлы наглядальнікаў. Група абмеркавала і праблему развядзення сіл уздоўж лініі сутыкнення. Каардынатар групы адзначыў станоўчы дух, які панаваў пры абмеркаванні гэтай тэмы. “Эртугрул Апакан спадзяецца, што на наступнай нарадзе ў гэтай сферы будуць і сапраўдныя вынікі, якія, у прыватнасці, аблягчалі б штодзённае жыццё цывільнага насельніцтва”, — адзначыў Марцін Сайдзік.

Узнімалася і тэма работы пунктаў пропуску. Яе абмяркоўвалі ўдзельнікі рабочай групы па гуманітарных пытаннях. У тым ліку каардынатар групы Тоні Фрыш прапанаваў забяспечыць бесперапынную работу гэтых пунктаў, інакш кажучы 24 гадзіны ў суткі, 7 дзён на тыдзень. “Пры гэтым усе бакі пагадзіліся, што галоўнай умовай бесперашкоднай работы пунктаў пропуску з’яўляецца захаванне рэжыму спынення агню”, — акцэнтаваў увагу спецпрадстаўнік. Ён таксама канстатаваў, што, нягледзячы на прыкладзеныя намаганні, пакуль не ўдалося дасягнуць прагрэсу па пытанні абмену ваеннапалоннымі. Бакам неабходна праявіць больш палітычнай волі для вырашэння гэтага пытання — у першую чаргу для вызвалення хворых і параненых.

Рабочая група па эканамічных пытаннях традыцыйна абмяркоўвала праблемы водазабеспячэння і аднаўлення чыгуначнай структуры, а таксама выплаты пенсій.

Група па палітычных пытаннях разглядала пытанні мадальнасці правядзення мясцовых выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Увага бакоў была сканцэнтравана, у прыватнасці, на ролі палітычных партый. Бакі таксама абмяняліся думкамі па пытаннях амністыі.