Галоўная асоба ў адукацыі — настаўнік

- 11:16Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні

30 кастрычніка на базе сярэдняй школы № 61 Мінска прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства адукацыі “Аб выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў сістэме адукацыі”. У пленарным пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр адукацыі Ігар Карпенка, намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава, намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Генадзь Ласута, кіраўнікі і спецыялісты сістэмы адукацыі.

Удзельнікі калегіі гаварылі пра ўмацаванне ўзаемадзеяння школы і бацькоўскай грамадскасці, аказанне своечасовай дапамогі навучэнцам у дакрызісных і крызісных сітуацыях, стварэнне бяспечных умоў знаходжання школьнікаў ва ўстановах адукацыі, удасканаленне арганізацыі і метадаў выхаваўчай работы, прафесійную падрыхтоўку старшакласнікаў, даступнасць дадатковай адукацыі, абнаўленне вучэбных праграм і ліквідацыю перагрузкі вучняў. Абмяркоўваўся ход падрыхтоўкі спартыўнай матэрыяльна-тэхнічнай базы школ да зімы.

“Дапамога школьнікам у складанай сітуацыі павінна быць больш эфектыўнай, і ў гэтым кірунку вя­дзецца работа”, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. Ён падкрэсліў, што дзеці і падлеткі павінны атрымліваць своечасовую дапамогу. Пры гэтым віцэ-прэм’ер зрабіў акцэнт на прадухіленні такіх сітуацый. Алгарытмы дзеянняў у гэтым кірунку ёсць. Іх рэалізацыя дазваляе навучэнцам выйсці з пэўнай крызіснай або дакрызіснай сітуацыі. “Па-за сістэмай адукацыі не павінна заставацца ні адно пытанне, звязанае з навучэнцам”, — сказаў Ігар Петрышэнка.

У Беларусі пачаў працаваць Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі. Сюды з любым пытаннем на ўмовах ананімнасці і ў рэжыме анлайн могуць звяртацца вучні, студэнты, выкладчыкі і бацькі. У цэнтры яны атрымаюць пэўную параду ці падказку, да каго звярнуцца ў сваім рэгіёне. “Цяпер мы пачалі падрыхтоўку ў кожным раёне спецыялістаў сацыяльна-педагагічных цэнтраў па крызіснай псіхалогіі. Першыя заняткі пачаліся ўжо”, — адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Намеснік прэм’ер-міністра звярнуўся да сітуацыі з сям’ёй Бабакулыевых з Карэліцкага раёна. “Паўтара месяца дзеці не наведваюць школу, а мясцовыя ўлады гэтую праблему стараюцца не заўважаць. Каб вырашыць сітуацыю, прыйшлося з Мінска накіроў­ваць членаў Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. Сям’і была аказана матэрыяльная дапамога, дзеці сёння ў школе. Але ў мяне ўзнікае пытанне: дзе былі мясцовыя ўлады? Няўжо трэба па кожным такім выпадку накіроўваць камісіі з Мінска?” — спытаў Ігар Петрышэнка.

Ён папрасіў даць прынцыповую ацэнку дзеянням, а дакладней, бяздзейнасці мясцовых улад і службаў, пачынаючы ад школы і заканчваючы аддзелам і ўпраўленнем адукацыі. Як стала вядома на пасяджэнні калегіі, гэта ўжо зроблена.

Міністэрства адукацыі прапануе агульнаадукацыйным установам адзіную сістэму работы з баць­коўскай грамадскасцю. “Мы яе ўмоўна назвалі грамадскі баць­коўскі ўніверсітэт, які дазволіць запрашаць спецыялістаў рознага ўзроўню (нарколагаў, урачоў, псіхолагаў, спецыялістаў па крызіснай педагогіцы), каб яны маглі адка­заць на пытанні бацькоў”, — сказаў Ігар Карпенка. Ён падкрэсліў, што сёння ў пытаннях выхавання дзяцей сям’я і школа павінны ўзаема­дзейнічаць. “Давайце спынім спрэчкі аб тым, хто ж большы ў адказе за дзяцей: сям’я або школа. Школа павінна і вучыць, і выхоўваць, а педагогі — несці адказнасць як за вучэбныя дасягненні, так і за выхаванасць навучэнцаў. Нам трэба арганізаваць сямейнае выхаванне, і арганізуючым пачаткам павінна быць школа”, — сказаў ён.

Міністр дадаў, што ў суботні дзень на базе школ мэтазгодна арганізоўваць пасяджэнні баць­коўскіх клубаў, на якіх самі бацькі ініцыіравалі б абмеркаванне найважнейшых пытанняў, звязаных з праблемамі ў выхаванні дзяцей, а кансультацыі ім аказвалі б вопытныя педагогі, псіхолагі, навукоўцы, кваліфікаваныя спецыялісты МУС, Міністэрства аховы здароўя.

Выступаючы, міністр падкрэсліў, што на цяперашні момант у школах створаны ўсе ўмовы для атрымання старшакласнікамі (нароўні з базавымі прадметамі) ведаў на павышаным узроўні і прафесійнай падрыхтоўкі. З улікам асаблівасцей вучэбнага працэсу абнаўленне праграм базавага і павышанага ўзроўняў уводзіцца паэтапна. Пры неабходнасці пасля першага года работы ў праграмы ўносяцца карэкціроўкі па заўвагах і прапановах настаўнікаў-практыкаў. Выдадзена ўся запланаваная лінейка падручнікаў. Акрамя гэтага, электронныя версіі падручнікаў размешчаны ў свабодным доступе на Нацыянальным адукацыйным партале. “Распрацаваны праекты новых падыходаў да правядзення выніковай атэстацыі навучэнцаў па завяршэнні навучання і выхавання на II і III ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Адпаведныя даклады накіраваны кіраўніку дзяржавы”, — адзначыў міністр.

Ён нагадаў, што ў краіне адкрыты педагагічныя, аграрныя, спартыўна-педагагічныя класы. Адначасова захавана магчымасць для функцыянавання базавых 10-х і 11-х класаў. “У кожным рэгіёне павінна быць выбудавана мадэль профільнага навучання. Міністэрства неаднаразова звяртала ўвагу на тое, што нельга дапускаць фармалізму пры адкрыцці профільных класаў. Мы ніколі не даводзілі і не будзем даводзіць планы па іх колькасці. І трэба, каб профільныя класы адкрываліся толькі пры наяўнасці трох складнікаў: кваліфікаваных кадраў па канкрэтным прадмеце, матэрыяльнай базы ўстановы адукацыі, якая дазваляе рэалізоўваць як тэарэтычную, так і практычную частку вучэбных праграм, адукацыйных запытаў навучэнцаў”, — падкрэсліў І.В.Карпенка.

Міністр дадаў, што выбар прадметаў для вывучэння на павышаным узроўні напрамую звязаны з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Неабходна ўлічваць і патрэбу дзяржавы ў спецыяльнасцях рэальнага сектара эканомікі. З мінулага года для старшакласнікаў рэалізоўваецца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Для яе арганізацыі вызначаны пералік прафесій рабочых, які ўключае каля 100 найменняў. Гэты пералік сфарміраваны з улікам рэальных магчымасцей установы адукацыі, запытаў навучэнцаў, патрэб рынку працы, запатрабаванасці прафесій у рэгіёне і рэспубліцы. І навучанне ў пэўнай школе вядзецца толькі па некалькіх прафесіях з гэтага пераліку.

Асобна міністр спыніўся на арганізацыі ўрокаў і вучэбнай перагрузцы школьнікаў. “Колькі існуе школа, столькі гавораць аб перагружанасці вучняў. Гэтае пытанне неадназначнае, бо вучэнне павінна быць напружаным, інакш не бу­дзе развіцця, а сама вучоба стане нецікавай. Лічу, што дзеці ў большай ступені стамляюцца ад сумных урокаў і такіх жа сумных, незацікаўленых у сваёй рабоце настаўнікаў, — адзначыў Ігар Карпенка. — Урокі павінны быць цікавымі і сучаснымі — тады ўсе забудуць пра стомле­насць. Дарэчы, калі заняткі ідуць цікава і атмасфера добразычлівая, то час ляціць незаўважна і з боку вучняў няма скаргаў на ператамленне”.

Ігар Карпенка дадаў, што перагружанасць узнікае таксама з-за таго, што вучань атрымлівае заданне дадому, не засвоіўшы асноўны матэрыял на ўроку, без тлумачэння настаўніка пра тое, як яго выконваць. “А хіба не спрыяюць стамляльнасці вучня непісьменнае складанне раскладу заняткаў, штучнае павелічэнне часу знаходжання ў школе? Маю на ўвазе выпадкі, калі расклад сфарміраваны з форткамі не для настаўніка, а для вучняў, калі першыя ўрокі знікаюць і становяцца сёмымі і восьмымі; калі парушаюцца патрабаванні санітарных норм і правіл аб уліку цяжкасці прадметаў пры складанні раскладу”, — сказаў ён.

Міністр звярнуў увагу, што планамерна праводзіцца абнаўленне вучэбнага абсталявання. “Да канца года ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі будзе пастаўлена 2 тысячы мультыбордаў, будуць завершаны пастаўкі вучэбнага абсталявання для 280 кабінетаў хіміі, 30 кабінетаў біялогіі. Закупляецца для наступнай перадачы ў школы 6 тысяч камп’ютараў”, — адзначыў ён.

Працягваецца праект па мадэр­нізацыі сістэмы адукацыі Беларусі. Ужо адрамантаваны 52 установы агульнай сярэдняй адукацыі. У бягучым годзе будуць завершаны рамонты яшчэ ў 10 школах. “Гэтую работу мы будзем працягваць і далей. У 2020 годзе плануем адрамантаваць больш за 50 школ, паставіць больш за 3 тысячы мультыбордаў, абсталяваць каля 300 кабінетаў біялогіі, а ў рамках праекта “Электронная школа” забяспечыць шырокапалосы доступ у інтэрнэт ва ўсіх установах адукацыі”, — дадаў Ігар Карпенка.

У 2019 годзе прадугледжвалася будаўніцтва дзесяці дзіцячых садоў на 1880 месцаў. На пачатак кастрычніка адкрыта ўжо сем. Акрамя таго, у Брэсце створана 150 дадатковых месцаў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту ў адной з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У Беларусі кожнае дзіця пяцігадовага ўзросту ахоплена падрыхтоўкай да навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

У краіне вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням здаровага ладу жыцця, фізічнага выхавання падрастаючага пакалення. І школа тут адыгрывае далёка не апошнюю, калі не асноватворную ролю. “У 2020 годзе на ўдасканаленне спартыўнай базы ўстаноў адукацыі прадугледжана фінансаванне ў аб’ёме звыш Br4 млн. Справа засталася за малым: у бюджэце наступнага года прадугледзець гэтыя сродкі і накіраваць іх па мэтавым прызначэнні”, — сказаў міністр адукацыі.

“Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача ўзмацніць выхаваўчую работу з падлеткамі і моладдзю. Важна фарміраваць светапогляд падрастаючага пакалення, удзяляць увагу яго грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню, падрыхтоўцы да самастойнага жыцця. З мэтай далейшага ўдасканалення форм і метадаў такой работы разглядаецца пытанне аб увядзенні ў школах пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні”, — працягваў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, неабходнасць увядзення такой пасады ў школе абгрунтавана падрыхтоўкай навучэнцаў старшых класаў да ўдзелу ў рэспубліканскай спартакіядзе па праграме зімовага і летняга мнагаборства “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту.

Да канца года трывожныя кнопкі будуць устаноўлены практычна ва ўсіх установах адукацыі. Міністэрствам распрацаваны тыпавыя правілы ўнутранага распарадку для навучэнцаў, якія было прапанавана абмеркаваць на пасяджэнні і на наступным зацвердзіць загадам. Профільнае ведамства вывучыла, як у асобных установах адукацыі выконваюцца даручэнні па арганізацыі прапускнога рэжыму і абмежавання выкарыстання мабільных тэлефонаў падчас заняткаў. “Калі на месцах не будуць прыняты меры па іх выкананні, то гэта будуць усяго толькі чарговыя рэкамендацыі на паперы”, — адзначыў міністр.

“Мы будзем весці ва ўстановах адукацыі пастаянны маніторынг арганізацыі работы па прафілактыцы правапарушэнняў. Але яшчэ раз звяртаю вашу ўвагу на тое, што правапарушэнні, якія выяўляюць самі школы, не ўплываюць на ацэнку якасці іх дзейнасці, таму іх не трэба хаваць, пакарання за гэта, як было раней, ужо няма і не бу­дзе”, — рэзюмаваў Ігар Карпенка.

Асаблівая ўвага падчас пася­джэння калегіі была ўдзелена арганізацыі школьнага харчавання. “Мы ўзялі пад строгі кантроль фарміраванне цэн, складанне меню, выкананне натуральных і грашовых норм. Аднак у некаторых правераных установах яшчэ не да канца выконваюцца санітарна-гігіенічныя нормы, адсутнічае альбо няякасна вядзецца адпаведная дакументацыя, завышаюцца цэны на прадукцыю, якая пастаўляецца, і гатовыя стравы, ёсць недаважка, недаўкладанні. Да нядаўняга часу ў асобных школах дзейнічалі розныя рацыёны для дзяцей з мнагадзетных сем’яў і дзяцей, якія харчуюцца за даплату бацькоў. Гэта недапушчальна. Дзеці павінны харчавацца аднолькава”, — сказаў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, рабочымі групамі органаў кіравання адукацыяй сумесна з прадстаўнікамі тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, міжведамаснымі камісіямі абласных і раённых выканаўчых камітэтаў на пастаяннай аснове праводзіцца маніторынг харчавання ва ўстановах адукацыі ўсіх відаў. “За студзень — верасень праведзены маніторынг арганізацыі харчавання больш чым 4,5 тысячы ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Яго вынікі за першае паўгоддзе разгледжаны на рэспубліканскім семінары, на жнівеньскіх педагагічных канферэнцыях”,—  адзначыў міністр.

Да дысцыплінарнай адказнасці за 9 месяцаў гэтага года прыцягнуты 2422 чалавекі, у тым ліку 793 кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Перш за ўсё на іх ляжыць віна за хібы ў арганізацыі харчавання. “Харчаванне ў школах — гэта клопат дзяржавы пра здароўе дзяцей, і адказнасць кіраўнікоў за яго арганізацыю будзе заставацца жорсткай”, — падкрэсліў міністр.

Харчаванне дзяцей знаходзіцца ў полі зроку і Міністэрства аховы здароўя. Намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава, адзначыла, што іх ведамства пастаянна маніторыць якасць харчавання школьнікаў. У прыватнасці, санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі абмежаваны асартымент кандытарскіх вырабаў і прысмакаў у школьных буфетах. “На жаль, колькасць дзяцей з лішняй вагой і цукровым дыя­бетам павялічваецца”, — заўважыла Наталля Жукава.

Падводзячы вынікі пасяджэння калегіі Міністэрства адукацыі па выкананні даручэнняў прэзідэнта, намеснік прэм’ер-міністра І.В.Петрышэнка адзначыў: “У цэнтры ўвагі павінны быць вучань і настаўнік. Галоўная асоба ў адукацыі — настаўнік. Школа трымаецца менавіта на настаўніках”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.