Галоўная мэта — забеспячэнне занятасці

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Новая рэдакцыя дэкрэта № 3 накіравана на забеспячэнне занятасці насельніцтва. Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч у ходзе выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, прысвечанага стварэнню рабочых месцаў і забеспячэнню занятасці насельніцтва.

“Новая рэдакцыя дэкрэта мае зусім іншы падыход. Яна накіравана на забеспячэнне занятасці, а не на выплату нейкага збору”, — заўважыў Андрэй Лабовіч.

Гаворачы аб сучасных тэндэнцыях на рынку працы Беларусі, Андрэй Лабовіч адзначыў, што ў бягучым годзе назіраецца павелічэнне колькасці заяўленых наймальнікамі вакансій. Адпаведна, на фоне зніжэння колькасці беспрацоўных змяншаецца і каэфіцыент напружанасці. “Інакш кажучы, вакансій фактычна ў два разы больш, чым зарэгістраваных беспрацоўных у краіне, — сказаў ён. — Нібыта сітуацыя нядрэнная атрымліваецца, ёсць дзе працаваць. Але мы практычна па кожным рэгіёне маем такую сітуацыю, як дысбаланс попыту і прапанавання”. Андрэй Лабовіч звярнуў увагу, што часта па рэгіёнах патрабуюцца спецыялісты з канкрэтнымі навыкамі і кампетэнцыямі, у той час як зарэгістраваныя беспрацоўныя імі не валодаюць, з-за чаго наймальнікі не ўладкоўваюць іх на свае прадпрыемствы.

Паводле слоў першага намесніка міністра, цяпер вядзецца работа па падрыхтоўцы планаў развіцця на 2018 год, якія будуць распрацоўвацца фактычна на ўзроўні кожнага раёна. “У гэтых планах адным з ключавых блокаў нараўне з інвестыцыйнай дзейнасцю, развіццём эканамічных паказчыкаў павінен стаць блок менавіта па працоўных рэсурсах, кадравым патэнцыяле ў кожным рэгіёне”, — падкрэсліў ён.