Галоўная мэта — змяніць свет да лепшага

Гэты тыдзень адзначыўся масавым стартам — ва ўсіх абласцях нашай краіны пачаўся трэці этап прадметнай алімпіяды, а гэта бадай такая ж важная падзея для навучэнцаў і педагогаў, як алімпійскія гульні для спартсменаў і іх трэнераў. Справа гэта годная, ганаровая, але і вельмі складаная. Ні для каго не сакрэт, што для дасягнення поспехаў у алімпіядзе неабходна працаваць. Працаваць карпатліва, многа і бесперапынна. Але сапраўдных герояў і чэмпіёнаў цяжкасці не пужаюць! Радасна, што смелых і разумных — тых, хто жадае паспрабаваць свае сілы на інтэлектуальных спаборніцтвах, — становіцца ўсё больш.

Сёлета ў другім этапе алімпіяды на Міншчыне прынялі ўдзел 7886 хлопцаў і дзяўчат, а гэта на дзвесце чалавек больш, чым у мінулым годзе. На абласным этапе спаборніцтваў удзельнікаў было 853, гэтая лічба таксама павялічылася ў параўнанні з мінулым годам. “Мы заўсёды з вялікай увагай ставімся да прадметных алімпіяд, гэта вельмі важны напрамак работы, бо інтэлектуальныя спаборніцтвы — элемент рэалізацыі дзяржаўнай праграмы па падтрымцы адораных вучняў, — адзначае Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. — Таму было так прыемна і радасна на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця абласнога этапа алімпіяды вітаць удзельнікаў, бачыць іх баявы настрой, шчырую зацікаўленасць і прагу да перамогі. Мы пастараліся зрабіць усё магчымае, каб вучні адчувалі сябе камфортна і маглі падчас алімпіяды не толькі плённа папрацаваць, але і добра адпачыць”.
На Міншчыне галоўныя інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі ў розных адукацыйных установах Дзяржынска, Слуцка, Барысава, Жодзіна, Вілейкі, Маладзечна, а таксама ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі, які прымаў удзельнікаў алімпіяды па біялогіі. 61 юны аматар гэтай навукі здолеў у раённым этапе набраць найбольшую колькасць балаў і трапіць на наступную прыступку.
Хваляванні, складзеныя з сумненнямі і памножаныя на азарт і жаданне перамагчы — так можна апісаць атмасферу, якая панавала перад пачаткам першага тура. Больш за іншых хваляваліся дзевяцікласнікі, для якіх гэтая абласная алімпіяда — першая. Ліза Усеня, вучаніца гімназіі № 3 Салігорска, выйшаўшы з кабінета, дзе яна толькі што рашала алімпіядныя заданні першага, тэарэтычнага тура, з палёгкай выдыхае і прызнаецца, што выпрабаванне падалося ёй даволі складаным: “Шчыра кажучы, вельмі хвалююся і баюся наступнага — практычнага тура”. Наступны дзень паказаў, што практычныя заданні не столькі складаныя, колькі захапляльныя. Другі тур алімпіяды па біялогіі праходзіў у лабараторыях факультэта прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка. Там былі падрыхтаваны лабараторныя практыкумы па біяхіміі, генетыцы, фізіялогіі чалавека, батаніцы, заалогіі. “Заданні былі вельмі цікавыя, — дзеліцца ўражаннямі адзінаццацікласніца Кацярына Гапанюк, навучэнка Мінскага абласнога дзяржаўнага ліцэя, — напрыклад, нам было прапанавана знайсці мутацыі ў геноме дразафіл. За такімі цікавымі заняткамі мы забывалі пра сваё хваляванне і проста атрымлівалі задавальненне ад правядзення навуковых эксперыментаў”. А калі заданні былі выкананы, юных біёлагаў чакаў сюрпрыз: прадстаўнікі факультэта прыродазнаўства правялі для навучэнцаў экскурсію па ўніверсітэце і запрасілі іх у інтэрактыўны клас “Біялогія”. Спецыялісты ўніверсітэта прызналіся, што хацелі б, каб у будучыні ўдзельнікі алімпіяды сталі студэнтамі БДПУ. Таксама ў вольны час “алімпіёнікі” наведалі кіналекторый, спартыўныя мерапрыемствы і пабывалі на экскурсіі па вячэрнім Мінску.
І вось, два дні напружанай інтэлектуальнай работы мінулі, і журы падвяло вынікі. “Я віншую ўсіх удзельнікаў з завяршэннем трэцяга этапу алімпіяды па біялогіі. Трэба адзначыць, што сёлета навучэнцы выступілі крыху слабей, чым у папярэднія гады, але ўсё ж паказалі высокі ўзровень ведаў, які адпавядае і рэспубліканскаму, і міжнароднаму ўзроўню, — рэзюмуе старшыня журы Аляксандр Георгіевіч Песнякевіч, кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ. — Такім чынам, каманда Мінскай вобласці сфарміравана, будзем чакаць яе дасягненняў на рэспубліканскім этапе”.
А вось імёны тых, якія сталі лепшымі на Міншчыне знаўцамі навукі аб жывой прыродзе. Лідарам сярод дзевяцікласнікаў стаў Уладзіслаў Кончак, навучэнец гімназіі № 1 Салігорска. Дыплом І ступені атрымаў вучань 10 класа Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Станіслаў Сенюковіч. Лепшыя вынікі сярод навучэнцаў 11 класа паказалі адразу дзве дзяўчыны — Кацярына Гапанюк з Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя і Людміла Гошава з гімназіі № 1 Слуцка.
Абласны тур алімпіяды скончаны, але не мае межаў жаданне яе ўдзельнікаў пашыраць свае веды, удасканальваць уменні і вывучаць жывую прыроду. Настаўніца біялогіі абласнога ліцэя Ларыса Міхайлаўна Кавалеўская расказала, што адзін з яе вучняў, удзельнік алімпіяды, складаючы на занятках “лесвіцу дасягненняў”, на яе вяршыні размясціў сваю галоўную мэту — змяніць свет да лепшага. І калі глядзіш на нашых таленавітых, працавітых і мэтанакіраваных дзяцей, узнікае ўпэўненасць, што ім сапраўды па сілах здзяйсненне нават самых неверагодных мар.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.