Галоўная ў камандзе

- 12:34Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Пра сакрэты паспяховага класнага кіраўніцтва і інавацыйныя формы выкладання расказала Клёна Віктараўна ДРАЗДОВА — педагог сярэдняй школы № 3 Крупак і пераможца раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Самы класны класны”. 

Самая класная

У жыцці школьнікаў класны кіраўнік — памочнік, кансультант, арыенцір, падтрымка. Гэта даказалі ўдзельнікі фіналу конкурсу “Самы класны класны”.

Клёна Віктараўна ўмее арганізаваць вольны час навучэнцаў, творча праводзіць мерапрыемствы і святы, а галоўнае — ведае рэцэпт ідэальнага класнага кіраўніцтва. На конкурсе ёй трэба было прайсці творчую самапрэзентацыю, вырашыць педагагічную сітуацыю і выступіць з маналогам аб выхаванні. З усімі выпрабаваннямі педагог справілася паспяхова, таму і заняла ганаровае 1-е месца.

— Не сумняваліся, што наша Клёна Віктараўна пераможа, — гаворыць вучаніца 10 “А” класа сярэдняй школы № 3 Крупак Ілона Сасуноўская. — Яна з намі з 5 класа, а зараз мы ў 10-м. Без перабольшання, Клёна Віктараўна — наша другая мама: вырашыць любы канфлікт у класным калектыве, заўсёды выслухае і дасць добрую параду.

— З Клёнай Віктараўнай цікава, — падтрымлівае Мар’яна Пручкоўская, таксама вучаніца 10 “А”. — Яна ў меру строгая і справядлівая, сучасная, добрая і спагадлівая.

— Клёна Віктараўна вучыць нас быць разважлівымі і адказнымі за свае ўчынкі, — дапаўняе аднакласніц Арына Семянько. — А самае галоўнае — яна ўсіх нас шчыра любіць. Гэта адчуваецца кожны дзень.

— Памятаю, як дзеці насцярожана ўспрынялі ідэю аб конкурсе, але працэс падрыхтоўкі захапіў іх, і далей яны з задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх этапах, — успамінае Клёна Віктараўна. — За час конкурсу я зразумела, што перажываюць за мяне не толькі калегі і вучні, якія побач ужо 6 гадоў, але і іх бацькі, мае сябры і сям’я. І гэта вельмі каштоўна. Побач з табой заўсёды застаюцца тыя, каго ты варты — і я рада, што ў маім асяроддзі такія людзі! Таму і лічу перамогу ў конкурсе агульным дасягненнем нашай дружнай каманды.

З чаго ўсё пачыналася

Класным кіраўніком Клёна Віктараўна ўпершыню стала ў 1997 го­дзе, калі прыйшла праца­ваць настаўнікам пачатковых класаў: 

— Работа настаўніка пачатковых класаў — гэта працэс бесперапыннай творчасці: ніколі не ведаеш, што чакае наперадзе. Ты кожны дзень вырашаеш новыя складаныя задачы і атрымліваеш задавальненне ад выніку.

Праз чатыры гады Клёна Віктараўна выпусціла свой клас, атрымала другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Настаўнік матэматыкі” і стала выкладаць у сярэдніх і старшых класах. Пазней ёй прапанавалі ўзяць 5 клас пад класнае кіраўніцтва.

— Я пагадзілася не раздумваючы, — успамінае Клёна Віктараўна. — Работа настаўніка пачатковых класаў адрозніваецца ад работы ў сярэднім і старшым звяне: іншыя ўмовы, задачы, пытанні. Я прайшла ўсе прыступкі класнага кіраўніцтва з 1 па 10 клас, атрымала бясцэнны вопыт.

У наступным годзе клас Клёны Віктараўны будзе выпускным. Педагог часта ўяўляе, якімі будуць яе дзеці: узнікаюць вобразы ўпэўненых, шчаслівых, самарэалізаваных людзей.

— Выпускны клас — адказны перыяд не толькі для вучняў, але і для іх класнага кіраўніка. У наступным годзе я ўбачу вынік сваёй працы, буду займаць цэнтральнае месца ў ланцужку “настаўнікі-прадметнікі — навучэнцы — іх бацькі”. На мяне, як і на іншых класных, кладзецца місія фарміравання ў вучняў асноў прафесійнага самавызначэння, асэнсаваных адносін да будучыні, — упэўнена педагог.

Сакрэт прадукцыйнасці

Паралельна з выкладаннем матэматыкі і класным кіраўніц­твам Клёна Віктараўна кіруе прафсаюзным аб’яднаннем. Яна шкадуе, што ў сутках усяго толькі 24 гадзіны, але ўсё ж паспяхова сумяшчае работу, сям’ю і хобі. А дапамагаюць у гэтым некалькі правіл.

— Для мяне важна штодня расстаўляць прыярытэты і адсоч­ваць выкананне спраў, размяркоўваць час так, каб на працягу дня кожнае вольнае акенца запаўнялася яшчэ не выкананай задачай — тады да вечара я буду яшчэ вальнейшай, — гаворыць класны кіраўнік. — Ну і мой любімы пункт: не саромецца пра­сіць дапамогі і дэлегаваць паўнамоц­твы. Вынік ад гэтага можа быць намнога лепшы і дасягнуты хутчэй.

Клёна Віктараўна ўдакладняе, што ўсе гэтыя правілы працуюць у поўнай меры, калі любіць сваю справу. Толькі шчыра атрымліваючы асалоду ад працэсу, вы захочаце шукаць спосабы павы­сіць прадукцыйнасць, усё паспець і вырасці як спецыяліст.

Метады

Выхоўваючы дзяцей, Клёна Віктараўна не хавае, што яны выхоўваюць і яе. У рабоце педагог стараецца далучаць вучняў да працэсу, развіваць іх інтэлектуальную, эмацыянальную і валявую сферу. Сутнасць яе метадаў заключаецца ў партнёрстве настаўніка і навучэнца: адкрыты дыялог, магчымасць выбару, калектыўны аналіз, мазгавы штурм, імправізацыя, гульні. Усё гэта дапамагае падтрымліваць атмасферу сумеснай творчасці на ўроках, якая збліжае педагога і вучня. У ход часцей за ўсё ідзе педагогіка супрацоўніцтва, праектныя і гульнявыя тэхналогіі, шоу-тэхналогіі, метад “роўны вучыць роўнага”.

— Класны кіраўнік павінен быць псіхолагам, медыятарам, матыватарам, навігатарам, арганізатарам, — лічыць педагог. — Ён сувязнае звяно паміж сям’ёй і школай. Таму настаўніку заўсёды трэба ведаць метады, якія дазваляюць па-новаму арганізаваць навучанне, выбудаваць узаемаадносіны паміж настаўнікам і вучнем.

Клёна Віктараўна ўпэўнена, што класны кіраўнік павінен да­ваць сваім падапечным усё неабходнае для будучага дарослага жыцця і адпавядаць патрабаванням выхаваўчай сістэмы: павы­шаць сваю агульную і прафесійную культуру, не пераставаць удасканальвацца. 

Адваротны бок

Якія цяжкасці сустракаюцца на шляху класнага кіраўніка і ці ёсць яны ў прынцыпе? Не варта забываць, што класныя кіраўнікі застаюцца настаўнікамі-прадметнікамі. Акрамя кіравання класам, яны таксама выконваюць базавыя функцыі: правяраюць сшыткі, праводзяць кантрольныя і самастойныя работы, афармляюць дакументы.

Размаўляючы з калегамі, Клёна Віктараўна часта чуе пра недахоп вопыту, ведаў па псіхалогіі і камп’ютарных тэхналогіях, інфармацыі аб новых педагагічных прыёмах у сферы выхавання і выкладання. Многія адзначаюць, што губляюцца ў велізарнай колькасці літаратуры, якая не заўсёды якасная.

— Быць класным — гэта не толькі сачыць за тым, каб вучні прыйшлі ў сталовую і на ўрокі. Ад таго, як я выконваю свае абавязкі, залежыць развіццё асобы дзіцяці, — адзначыла Клёна Віктараўна. — А калі з навучэнцам нешта здарыцца, у першую чаргу спытаюць з класнага кіраўніка. Але аналагічная адказнасць, на мой погляд, павінна быць і ў баць­коў: не ўсе належным чынам падыхо­дзяць да выхавання дзяцей.

Клёна Віктараўна ўжо 25 гадоў як класны кіраўнік. За гэты час было многае, але думкі змя­ніць клас або адмовіцца ад яго не ўзнікала ні разу.

З сучаснымі дзецьмі нельга быць настаўнікам учарашніх ведаў. Свет не стаіць на месцы, і нам неабходна за ім паспяваць і цікавіцца ўсімі праблемамі дзіцяці, заставацца ў тэме яго захапленняў. Толькі так мы можам выхаваць у навучэнцаў лепшыя якасці, а не банальна падганяць іх пад свае дзесьці састарэлыя стандарты.

— Мудры класны ставіцца да сваіх выхаванцаў так, як хоча, каб ставіліся да яго. Ён ніколі не спяшаецца крытыкаваць дзяцей, паважае іх меркаванне, умее дараваць памылкі і прызнае свае. Калі не забываць аб гэтых якасцях, вы не заўважыце, як знойдзеце падыход да вучняў. А калі цяжкасці ўсё ж узніклі, то на дапамогу прыйдуць спецыялісты сацыяльна-педагагічнай службы — не варта грэбаваць іх дапамогай, — падагульніла Клёна Віктараўна.

Соф’я ЦЫКУНОВА.
Фота з архіва К.В.Драздовай.