Галоўная ўзнагарода

- 10:44Людзі адукацыі

Валянціна Людвікаўна Болтач, настаўніца пачатковых класаў Ражанкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Шчучынскага раёна, адносіцца да той катэгорыі педагогаў, якія не проста даюць дзецям веды, яны ўсіх сябе без астатку прысвячаюць любімай прафесіі і сваім вучням. Прыемна расказваць пра чалавека, які душой хварэе за любімую справу.

Мы сядзім ва ўтульным класе, і я з задавальненнем слухаю разважанні Валянціны Людвікаўны пра галоўныя педагагічныя каштоўнасці, яе ўспаміны пра бацькоў, прызнанні ў тым, наколькі яна шчаслівы чалавек.
— Агульны стаж маёй педагагічнай дзейнасці складае практычна чатыры дзесяцігоддзі, — расказвае Валянціна Людвікаўна. — У Ражанкаўскую школу прыйшла ў 1982 годзе, і з той пары, вось ужо 33 гады, гэта мой другі дом. Вельмі люблю працаваць з дзецьмі, таму што менавіта яны могуць прадэманстраваць плён маёй працы. Другая прафесія — важатага — навучыла крэатыўным падыходам да працэсу выхавання.Мне заўсёды па-добраму мала. Хачу, каб вучням было што ўспомніць са школьнага жыцця, а для гэтага імкнуся прыцягнуць дзяцей да ўдзелу ў конкурсах, мерапрыемствах, акцыях. З майго класа ўжо выйшла восем выпускаў вучняў, якіх я старалася навучыць самастойнасці, акуратнасці, адказнасці. Ведаеце, яны вучацца адно ў аднаго, роўны вучыць роўнага. Я толькі дырыжор аркестра, я нават не першая скрыпка, менавіта ім я адводжу гэтую ролю, а сама толькі накіроўваю. У нашым класе цяпер няма выдатнікаў — яны ўсе перайшлі вучыцца ў гімназію. Але ў нас ёсць дружны, згуртаваны дзіцячы калектыў, а гэта дарагога варта.
За час маёй работы ў школе змяніліся тры кіраўнікі, але кожны адносіўся да мяне з разуменнем, падтрымліваў мае ідэі. Я ж нават у дэкрэтным адпачынку не была, чым невымоўна здзівіла спецыялістаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, калі звярнулася па прызначэнне пенсіі. Дачка ў дакументах запісана, а адпачынку па доглядзе дзіцяці няма. На самай справе вырасціць Таню мне дапамаглі бацькі, і са школы сыходзіць не давялося, хай нават на кароткі час. А вось цяпер, ацэньваючы ўсё з пазіцыі бабулі, угаварыла сваю дачку з кожным з дзяцей быць дома да трох гадоў — мама сама павінна займацца выхаваннем.
Мая дачка Таццяна скончыла школу з медалём. Вучылася яна тут, у Ражанцы, і ў яе былі цудоўныя настаўнікі. Прызнацца, я хацела, каб яна стала ўрачом, і да 8 класа яна мне абяцала, што так і будзе. А потым змяніла сваё рашэнне. Таццяне заўсёды падабаліся замежныя мовы, і памяць у яе выдатная. Вось і выбрала яна факультэт замежных моў. Паступіла адначасова ў дзве ВНУ — у Баранавіцкі ўніверсітэт і ў ГрДУ імя Янкі Купалы, на той час у абітурыентаў была такая магчымасць. Мне вельмі хацелася, каб Таня засталася ў Гродне, але яна выбрала Баранавічы. Часам мне здаецца, што адчувала: знойдзе там сваю другую палавінку. Цяпер працуе ў 10-й школе. Разам з мужам гадуюць дваіх дзетак: другакласніка сына і дашкольніцу дачушку.
Педагагічная кар’ера маёй мамы Эсфіры Аляксандраўны Болтач пачыналася ў вёсцы Рамашкі Каменскага сельсавета Шчучынскага раёна, куды яна была назначана загадчыцай пачатковай школы пасля заканчэння Навагрудскага педвучылішча. Будынак школы быў пабудаваны на суперпясчаным месцы, нават мясцовая гаспадарка не апрацоўвала там зямлю. А мама з татам, якога яна і сустрэла ў Рамашках, за некалькі гадоў ператварылі тэрыторыю школы ў… квітнеючы аазіс. Яны пасадзілі бярозы, разбілі клумбы. У выніку школа стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу сярод пачатковых школ у БССР, чаму мы ўсе былі вельмі рады. Бо я таксама вучылася ў Рамашках.
Праз некалькі гадоў сям’я пераехала ў Касценева: мама была назначана дырэктарам мясцовай школы. І я, і мой брат заканчвалі гэтую васьмігодку. А праз сем гадоў — новая прапанова: узначаліць калектыў Ражанкаўскай школы-інтэрната. Так мы і апынуліся ў мястэчку, якое стала родным.
Мама была вельмі абавязковым чалавекам. Вышэйшую адукацыю яна, як і я, атрымала ў Гродзенскім педінстытуце. Мама працавала ў школе да 60 гадоў, а потым сказала як адрэзала: “Па-сапраўднаму працаваць мне ўжо цяжка, а абы-як я не хачу”. Дарэчы, Эсфіра Аляксандраўна была дэлегатам І З’езда настаўнікаў Беларусі і ўзнагароджана медалём “За працоўную доблесць”. А ў абласным музеі адукацыі Гродзеншчыны ёй прысвечана цэлая экспазіцыя.

 

* * *

За свае сорак гадоў педагагічнай дзейнасці Валянціна Людвікаўна Болтач удастоена знака “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Але мяне асабліва зацікавілі падзячныя пісьмы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
— Адно з іх я атрымала за грамадскую работу на карысць Ражанкі напярэдадні выбараў, а другую — за работу з дарослым насельніцтвам, — тлумачыць Валянціна Людвікаўна. — Але ёсць яшчэ адна ўзнагарода, якая вельмі дарагая мне. Тры гады назад мае выпускнікі заканчвалі школу. У канцы ўрачыстасці на сцэну выйшлі дырэктар школы А.Т.Цывінская разам з завучам і ўручылі мне ўзнагароду як галоўнай… маме калектыву! Я ніколі гэтага не забуду. Гэта самая лепшая ўзнагарода за маю працу.
Ведаеце, у маім жыцці было шмат усяго. Не было толькі аднаго: шкадавання аб тым, што выбрала педагагічны шлях, што прыйшла працаваць у школу. Я абсалютна шчаслівы чалавек і хачу, каб шчаслівым сябе адчувала кожнае дзіця. Я ж часам у дзённікі за выдатную работу стаўлю адзнакі “11” і “12”. Хай дзеці пацешацца, калі яны гэтага заслугоўваюць. А мне будзе радасна ад таго, што я змагла іх гэтаму навучыць.

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.