Галоўная задача — працаваць эфектыўна

Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь С.В.Руды, старшыня Гродзенскага аблвыканкама У.В.Краўцоў, намеснік старшыні аблвыканкама В.А.Лісковіч, пракурор Гродзенскай вобласці В.М.Марозаў.

У мінулым навучальным годзе сістэма адукацыі Гродзеншчыны захавала высокія паказчыкі. На гэта звярнуў увагу старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Аб важнасці галіны і ўвазе, якая ёй удзяляецца на дзяржаўным узроўні, гаворыць і аб’ём фінансавання — больш за трэць расходнай часткі бюджэту ідзе менавіта на сістэму адукацыі, адзначыў Уладзімір Васільевіч. За апошнюю пяцігодку кожны год у вобласці ўводзілася новая школа.

— Мінулы навучальны год быў выніковым для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, — сказаў у сваім выступленні начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін. — Нам удалося вярнуць лідзіруючую пазіцыю ў рэспубліцы па цэнтралізаваным тэсціраванні. Па адзінаццаці прадметах з трынаццаці вобласць увайшла ў тройку лідараў, апынуўшыся на 4-м і 5-м месцах толькі па французскай і нямецкай мовах. Якасці выкладання гэтых двух прадметаў у новым навучальным годзе неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу.

Падкрэсліваючы дасягненні, А.Г.Сонгін засяродзіўся на праблемных момантах і шляхах іх пераадолення. Так, гаворачы аб якасці навучання, Аляксандр Генрыхавіч падкрэсліў, што раённым аддзелам адукацыі неабходна правесці дэталёвы аналіз работы ліцэяў і гімназій на прадмет эфектыўнасці іх дзейнасці па забеспячэнні высокага ўзроўню якасці адукацыі.

Выніковым быў год і ў алімпіядным руху, у тым ліку і на міжнародным узроўні. Але начальнік упраўлення адукацыі звярнуў увагу на нізкі ўзровень выступлення на працягу шэрага гадоў абласной каманды па беларускай мове і літаратуры, працоўным навучанні.

Настаўнік — галоўная фігура ў адукацыйным працэсе, таму вялікая ўвага ў выступленнях на нарадзе ўдзялялася асобе настаўніка, якасці яго падрыхтоўкі і прафесійнаму росту. Да 1 верасня 2017 года павінен завяршыцца працэс пацвярджэння вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Актуальным застаецца пытанне прысваення кваліфікацыі “настаўнік-метадыст”, асабліва па прадметах “Фізіка”, “Працоўнае навучанне”, “Фізічная культура”, “Французская мова” і “Іспанская мова”. Павышэнню ведаў і кампетэнцый настаўнікаў спрыяе стварэнне Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі віртуальнай сістэмы бесперапыннай падтрымкі педагогаў праз 14 сеткавых суполак, выданне часопіса “Веснік адукацыі”. Другі год запар арганізавана работа школы маладых педагогаў, адноўлена віртуальная кніга гонару маладых спецыялістаў, сумесна з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы створаны рэгіянальны адукацыйны кластар. У мінулым навучальным годзе ў вобласці было арганізавана 25 профільных груп педагагічнай накіраванасці, у якіх займалася каля 200 чалавек. У гэтым навучальным годзе будзе арганізавана яшчэ 35 груп.

Штогод сістэму адукацыі Гродзенскай вобласці папаўняюць каля 800 маладых спецыялістаў. Прынятыя ў апошнія гады меры спрыялі павышэнню прэстыжу прафесіі педагога. Як адзначыў у сваім выступленні рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Кароль, у гэтым годзе павысіліся прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці. Прафесію настаўніка выбралі 34 медалісты, у мінулым годзе іх было 24. Так, бюджэтны набор на спецыяльнасць “Руская і беларуская філалогія” быў выкананы ўжо ў першы дзень прыёму дакументаў. Андрэй Дзмітрыевіч, канстатуючы гэтыя станоўчыя факты, разважаў аб праблемах падрыхтоўкі настаўніка ў сучасным грамадстве, ад якога патрабуюцца ўжо і якасці менеджара і наватара.

Аб кадравай рабоце гаварыла ў сваім выступленні начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага раёна Наталля Станкевіч. Толькі за тры апошнія гады сюды на работу прыйшлі 160 маладых спецыялістаў. Замацаванню кадраў спрыяе стварэнне сістэмы матэрыяльных мер, зацікаўленасць у прафесійным і кар’ерным росце. У раёне праводзяцца дні рэзервіста, конкурс “Хачу стаць кіраўніком!”. Адну з мер вырашэння праблемы забеспячэння кадрамі Наталля Іосіфаўна бачыць у падрыхтоўцы настаўнікаў па сумежных спецыяльнасцях, што асабліва патрэбна ў сельскіх школах.

Не менш актуальнаму пытанню — беспекі ў інтэрнэце — і вопыту работы настаўнікаў і вучняў у сетцы прысвяціла сваё выступленне класны кіраўнік гімназіі № 1 Зэльвы Наталля Гарчычка.

— У інтэрнэце ёсць усё, акрамя кантролю. Наша галоўная задача — навучыць дзяцей правільным, бяспечным паводзінам у сетцы, быць там з імі разам. Таму мы і рэалізоўваем інавацыйны праект “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” і можам канстатаваць, што мы там прыняты нашымі вучнямі, — расказала Наталля Віктараўна.

Падводзячы вынікі жнівеньскай нарады, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды перадаў педагогам Гродзеншчыны падзяку міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова за поспехі ў працы і пажаданне іх паляпшаць і адзначыў, што размова на нарадзе адбылася прынцыповая і змястоўная.

— Адукацыя вобласці зрабіла значны крок наперад і знаходзіцца ў лідарах у Беларусі, — сказаў Сяргей Валянцінавіч. — У той жа час вы бачыце праблемныя моманты, а таму ведаеце, у якім кірунку рухацца і развівацца далей. Новы навучальны год ставіць перад намі і новыя задачы. Гэта павышэнне персанальнай адказнасці кожнага спецыяліста і павышэнне якасці адукацыі.

С.В.Руды і У.В.Краўцоў уручылі педагогам узнагароды Міністэрства адукацыі і Гродзенскага аблвыканкама за дасягненні ў працы. Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” атрымалі начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А.Г.Сонгін і настаўніца англійскай мовы гімназіі № 1 Іўя Т.У.Ярмош.

Завяршылася ўрачыстае мерапрыемства канцэртам. Разам са сваімі выхаванцамі выступілі іх выкладчыкі, прадэманстраваўшы, што толькі таленавіты настаўнік выхавае таленавітага вучня.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *