Галоўная задача — працаваць эфектыўна

“Часта даводзіцца чуць, што новы дзень ставіць новыя задачы. Якімі б зменлівымі ні былі ўмовы, галоўная задача, якая стаіць перад педагогамі, кіраўнікамі, установамі адукацыі нашага раёна, — працаваць эфектыўна, — гаворыць начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Смалявіцкага райвыканкама Мінскай вобласці Ілона Юр’еўна Дастанка. — У гэтым дапамагаюць сучасныя тэхналогіі, новыя формы работы з навучэнцамі і бацькамі, якія таксама актыўна далучаюцца да адукацыйных мерапрыемстваў у раёне”.

— Ілона Юр’еўна, якія інавацыйныя праекты рэалізоўваюцца ў Смалявіцкім раёне?

— Ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі ў 2017/2018 навучальным годзе педагогамі рэалізоўваліся 3 рэспубліканскія эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. У сярэдняй школе № 3 Смалявіч — праект “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, у Азярыцкаслабадской сярэдняй школе — праект “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай дасведчанасці, як адной з кампетэнцый навучэнцаў, праз стварэнне інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя”, у Азярыцкаслабадскім дзіцячым садзе — праект “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” для дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту”.

У сярэдняй школе № 3 Смалявіч працягваецца рэалізацыя эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі вучняў на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, які накіраваны на папулярызацыю педагагічнай прафесіі сярод вучняў. Адным са шляхоў удасканалення сістэмы дапрофільнай падрыхтоўкі з’яўляецца стварэнне педагагічных класаў (груп) на ІІІ ступені навучання і сістэмная праца па іх стварэнні на ІІ ступені. Статус школы-лабараторыі кластара прысвоены 4 установам агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці, у тым ліку сярэдняй школе № 3 Смалявіч. Гэта статус школы-лабараторыі ўстановы адукацыі, якая актыўна ўкараняе перадавы педагагічны вопыт, вядзе эфектыўную вучэбна-метадычную работу, ажыццяўляе эксперыментальную і інавацыйную дзейнасць па арыентацыі навучэнцаў на выбар педагагічнай прафесіі.

— У якой ступені выкарыстоўваюцца ІКТ у адукацыйным працэсе?

— Педагогі раёна актыўна выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе інфармацыйныя камунікацыйныя тэхналогіі. Сёння ва ўстановах адукацыі раёна налічваецца 17 камп’ютарных класаў, 17 мультымедыйных установак, 16 інтэрактыўных дошак. На базе Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча дзейнічае праект “Школьнае тэлебачанне”.

Настаўніца хіміі Усяжскай сярэдняй школы Вікторыя Генадзьеўна Лісічонак на сваіх уроках выкарыстоўвае віртуальную лабараторыю — праграму, якая дазваляе мадэляваць на камп’ютары хімічныя працэсы. Яскравым прыкладам укаранення ІКТ з’яўляецца актыўны ўдзел педагогаў і навучэнцаў Смалявіцкага раёна ў Рэспубліканскім маладзёжным конкурсе “100 ідэй для Беларусі” у намінацыі “Інфармацыйныя тэхналогіі”. Настаўнік фізікі і інфарматыкі Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча Аляксандр Дзмітрыевіч Рубанаў, які ўжо прызнаваўся пераможцам Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў у намінацыі “Лепшы маладзёжны інавацыйны праект”, прадставіў новую распрацоўку — дадатак “Электроннае суправаджэнне падручніка па фізіцы”. Яшчэ адзін праект пад кіраўніцтвам А.Д.Рубанава прадстаўляе навучэнка Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча Вікторыя Рагожына. Сутнасць праекта “Школьны псіхолаг” — у правядзенні дыягнастычнага тэсціравання ў Excel. Перадумовай да яго стварэння паслужыла тэсціраванне прафарыентацыйнай накіраванасці, якое праходзілі навучэнцы пліскай школы. У выніку быў створаны комплексны тэст па прафарыентацыі, які ўключае ў сябе пяць відаў дыягностыкі, што дазваляе дэталёва вывучыць здольнасці і перавагі кожнага вучня.

— Якія цікавыя формы работы з сям’ёй практыкуюцца ў вашым раёне, у тым ліку ў шосты школьны дзень?

— На працягу пяці гадоў у раёне функцыянуе мадэль шостага школьнага дня “Формула суботы”, якая ўдасканальваецца з улікам пажаданняў школьнікаў і іх бацькоў. Дзякуючы гэтаму ў нас з’явіліся новыя формы правядзення мерапрыемстваў з навучэнцамі: квест-гульні “Форт Баярд”, “Азбука бяспекі”, “Два капітаны”, “Скарбы зямлі роднай”, мастацкі турнір “Зіма ў казках”, інтэрактыўныя гульні, урок-мультыманія і інш. Кожную суботу на базе сярэдняй школы №1 імя В.Ф.Купрэвіча Смалявіч функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр па вывучэнні правіл дарожнага руху. Для таго, каб навучэнцы ўстаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, змаглі наведаць гэтыя мерапрыемствы, раённым упраўленнем адукацыі арганізоўваецца падвоз. Педагогі імкнуцца супрацоўнічаць з бацькамі праз правядзенне бацькоўскіх сходаў, круглых сталоў, лекторыяў, індывідуальных кансультацый. Шукаюць і новыя формы работы. На базе Азярыцкаслабадской сярэдняй школы з 2015 года функцыянуе рэсурсны цэнтр па супрацоўніцтве з сям’ёй, якім кіруе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце М.А.Бачыла. Надзейныя памочнікі Марыны Аляксандраўны — іерэй Іаан Ясюкевіч, настаяцель прыхода храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Азярыцкая Слабада, а таксама педагогі школы. На базе Азярыцкаслабадскога дзіцячага сада распрацаваны педагагічны праект “Цэнтр гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі — дзейсны сродак далучэння дзяцей да нацыянальнай культуры”, у якім бацькі выхаванцаў прымаюць непасрэдны ўдзел. А ў Барсукоўскай сярэдняй школе ў 2016 годзе быў створаны “Савет татаў”. Пры ўдзеле мужчын летась двойчы праводзіліся таварыскія сустрэчы па валейболе, была падрыхтавана праграма да свята 8 Сакавіка, зараз таты з вучнямі пачатковых класаў вырабляюць кармушкі.

— Наколькі паспяхова ўкараняюцца інклюзіўныя падыходы ў сістэме адукацыі раёна?

— У раёне забяспечваецца магчымасць атрымання адукацыі дзецьмі з АПФР, незалежна ад парушэнняў, з моманту іх выяўлення і да атрымання прафесійнай адукацыі і працаўладкавання. На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў 2018/2019 навучальным годзе ў раёне функцыянуе 86 класаў і 12 дашкольных груп інтэграванага навучання і выхавання, 33 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Смалявіцкі раённы ЦКРНіР сёння наведваюць 19 навучэнцаў. У мінулым навучальным годзе гэтая ўстанова была ўзнагароджана дыпломам I ступені Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”.

Працягваецца работа па стварэнні адаптыўнага безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі раёна. На працягу двух гадоў мы арганізоўваем сумеснае навучанне дзяцей з аўтыстычнымі парушэннямі — у сярэдняй школе № 2, а з бягучага навучальнага года і ў яслях-садзе № 6 “Вясёлка” Смалявіч. Дадаткова ў гэтых установах уведзены стаўкі выхавальніка для суправаджэння навучэнцаў і выхаванцаў з аўтыстычнымі парушэннямі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу талерантных адносін да дзяцей з АПФР. З гэтай мэтай праводзяцца інклюзіўныя творчыя, спартыўныя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы з удзелам асаблівых навучэнцаў і іх бацькоў. Асаблівыя дзеці і іх звычайныя равеснікі разам удзельнічаюць у раённых акцыях “Падары ўсмешку сябру”, “Жыццё дадзена на добрыя справы”, фестывалі творчасці дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў “Запалі сваю зорку”, святах “Вянок дружбы”, “Павер у сябе”. Зараз вядзецца падрыхтоўка да абласнога фестывалю творчасці “Запалі сваю зорку” і Рэспубліканскага конкурсу “Вясёлкавы карагод”.

Надзея ЦЕРАХАВА.