Галоўная задача — забеспячэнне роўнасці правоў і стварэнне ўмоў для інтэграцыі ва ўсе сферы жыцця

У Беларусі зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі палажэнняў Канвенцыі аб правах інвалідаў на 2017—2025 гады. Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 13 чэрвеня 2017 года № 451, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Беларусь у 2015 годзе падпісала, а ў 2016 годзе ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў. Для забеспячэння скаардынаваных дзеянняў органаў заканадаўчай, выканаўчай, судовай улады і грамадзянскай супольнасці па рэалізацыі палажэння і канвенцыі зацверджаны Нацыянальны план. Гэта стратэгічны дакумент, накіраваны на фарміраванне прававых, арганізацыйных і інстытуцыянальных умоў па забеспячэнні роўнасці правоў інвалідаў і стварэнні ўмоў іх інтэграцыі ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства.

Нацыянальным планам прадугледжана карэкціроўка заканадаўства. Так, запланавана ўнясенне змяненняў у законы “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь”, “Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў”, “Аб архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” і іншыя нарматыўныя прававыя акты.

Прадугледжваецца ўвядзенне такіх паняццяў, як дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці, абілітацыя, разумнае прыстасаванне, універсальны дызайн. Тэрмін “інваліднасць” прывядуць у адпаведнасць з канвенцыяй. Будуць удасканалены нормы, якія гарантуюць аказанне дапамогі і падтрымкі ў надзвычайных сітуацыях інвалідам з улікам іх індывідуальных патрэб і інш.

У Беларусі прадоўжыцца работа па забеспячэнні даступнасці асяроддзя, паслуг і інфармацыі для інвалідаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, будзе ўведзена адміністрацыйная адказнасць за ўхіленне ад выканання патрабаванняў стварэння ўмоў для бесперашкоднага доступу інвалідаў да аб’ектаў сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктур. На работнікаў арганізацый, якія прадастаўляюць паслугі насельніцтву, будуць ускладзены функцыі па аказанні дапамогі інвалідам у пераадоленні бар’ераў, якія перашкаджаюць атрыманню імі паслуг.

Нацыянальным планам прадугледжаны мерапрыемствы па ўдасканаленні медыцынскай і сацыяльнай дапамогі інвалідам. Будзе вывучана магчымасць пераходу на працэнтную сістэму вызначэння інваліднасці ў адпаведнасці з Міжнароднай класіфікацыяй функцыянавання, абмежаванняў жыццядзейнасці і здароўя (МКФ). Будуць перагледжаны нарматывы забяспечанасці інвалідаў сацыяльнымі паслугамі, якія садзейнічаюць іх самастойнаму пражыванню.

З мэтай забеспячэння рэалізацыі права інвалідаў на адукацыю будуць карэкціравацца планы навучання студэнтаў з інваліднасцю з улікам іх індывідуальных магчымасцей.

Што датычыцца рэалізацыі інвалідамі права на працу, то будзе вывучана магчымасць устанаўлення квот для арганізацый па прыёме на работу інвалідаў.

Для ўмацавання ў свядомасці грамадства павагі правоў, свабод і годнасці інвалідаў плануецца правядзенне асветна-выхаваўчай работы, рэгулярнае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў, звязаных з жыццём інвалідаў, вытворчасць і размяшчэнне сацыяльнай рэкламы.

Функцыі па абароне, рэалізацыі і маніторынгу выканання канвенцыі будуць ускладзены на Рэспубліканскі міжведамасны савет па праблемах інвалідаў. Аналагічныя структуры плануецца стварыць пры аблвыканкамах і Мінскім гарвыканкаме.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *