Галоўны дырыжор школьнага аркестра

Сяргей Піталенка знаёмы дзясяткам тысяч нашых суайчыннікаў і гасцей з замежжа як папулярны вядучы канцэртных праграм. У якасці паспяховага кіраўніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі яго ведае сціплая ў параўнанні з велізарнай глядацкай і тэлеглядацкай аўдыторыяй колькасць віцяблян. Тым не менш менавіта сваю настаўніцкую, а потым дырэктарскую працу Сяргей Уладзіміравіч лічыць галоўнай справай жыцця. Ці можа вялікая сцэна дапамагаць у педагагічнай і кіраўніцкай рабоце? Дырэктар сярэдняй школы № 44 Віцебска на ўласным прыкладзе пераконвае, што можа, нічога неверагоднага ў гэтым няма.

Сяргею Уладзіміравічу пашанцавала вучыцца ў цудоўных настаўнікаў, але спачатку аб педагагічным прызванні ён і не думаў. Затое займаўся ва ўзорным маладзёжным тэатры, удзельнічаў у школьным і агіттэатрах, інтэлектуальных гульнях, клубе вясёлых і знаходлівых. Лагічны працяг — паступленне ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на акцёрскае аддзяленне. Адвучыўся семестр і чатыры дні ў другім — і па асабістых прычынах вымушаны быў перапыніць вучобу. Тым не менш засталася дамоўленасць з выкладчыкамі: пасля службы ў арміі абавязкова вернецца. Праз два гады прыехаў у Мінск і раптам упершыню засумняваўся, ці правільна выбраў будучую прафесію. Роўна праз тыдзень пасля дэмабілізацыі завітаў у сваю родную віцебскую сярэднюю школу № 28, дзе яго класны кіраўнік на той час была ўжо намеснікам дырэктара. “Што збіраешся рабіць?” — пытае. “Відаць, вучыцца далей, а пакуль хацелася б на два-тры месяцы ўладкавацца працаваць”. “У мяне ёсць вакансія піянерважатага. Пойдзеш?”— прапанова ў адказ. “Пайду”.

Тыя два-тры месяцы ў школе з 1 мая 1992 года доўжацца дагэтуль. Завочна Сяргей Уладзіміравіч скончыў ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, адначасова працаваў, прычым і важатым, і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Прыняў класнае кіраўніцтва: сёлета яго першаму выпуску (клас быў вялікі — 35 чалавек) спаўняецца 10 гадоў. Сем гадоў назад прапанавалі пайсці працаваць намеснікам дырэктара ў сярэднюю школу № 44. Праз тыдзень прыйшлося стаць намеснікам, які выконвае абавязкі дырэктара, а яшчэ праз паўгода Сяргея Уладзіміравіча Піталенку зацвердзілі на гэтай пасадзе.

Вяжнае месца ў жыцці педагога займае і вялікая сцэна. У арміі частка службы Сяргея Уладзіміравіча прайшла ў знакамітым ансамблі песні і танца “Тачанка”. Пасля былі шматлікія канцэрты, неаднойчы даводзілася працаваць на фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, асабліва калі дні горада прыпадалі на час фестывалю. На фестываль “Дняпроўскія галасы” ў Дуброўне з 1995 года педагог штогод ездзіць у якасці вядучага. Успамінае ён вельмі добрыя фестывалі “Афганістан баліць у душы маёй” і “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які ў свой час насіў статус міжнароднага. Па словах С.У.Піталенкі, асаблівы гонар, адказнасць і натхненне ён адчувае, калі вядзе парады 9 Мая і 3 ліпеня. Заўсёды яркая і запамінальная ўрачыстая цырымонія ўшанавання лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Вядучы на сцэне і педагог у школе — розныя ролі? На думку Сяргея Уладзіміравіча, адрозніваецца спецыфіка, а па сутнасці ролі роднасныя. Кіраўнік установы адукацыі адначасова рэжысёр і вядучы яе праграмы, галоўны дырыжор вялікага школьнага аркестра. У якасці вядучага дырэктар школы звычайна перапрацоўвае прапанаваныя сцэнарыі, нярэдка выступае ініцыятарам школьных сцэнарыяў. А ўрок — фактычна выхад на сцэну, прычым надзвычай адказны.

Першы і нязменны прынцып, якім кіруецца дырэктар, — не трэба рэвалюцый, кардынальных змен, толькі планамернае развіццё. Галоўнай задачай ён бачыць захаванне лепшага і яго творчае ўзбагачэнне. Гонар школы — яе эстэтычнае аддзяленне, класы МНС і выкладанне кітайскай мовы, якая вывучаецца тут амаль 15 гадоў. Навучэнцы школы неаднойчы наведвалі Кітай. Тры гады запар у школе выкладаюць настаўнікі—валанцёры з Паднябеснай, якія прыязджаюць дзякуючы падтрымцы і дапамозе Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Усекітайскай канцылярыі па распаўсюджванні кітайскай мовы “Ханьбань”. Да таго ж у маі мінулага года пры дапамозе Пасольства КНР у школе адкрыты два лінгафонныя кабінеты, набыццё абсталявання для якіх фінансавала Пасольства КНР. У планах педкалектыву школы — адкрыць кабінет Канфуцыя.

— Дырэктару неабходны пазітыўны настрой і вялікае цярпенне, разважае С.У.Піталенка. — Трэба многае ўмець і прадбачыць, мець высокую эрудыцыю. Важна пабудаваць узаемаадносіны з калектывам на аснове шчырасці і даверу. Без дабрыні ніяк нельга, толькі абавязкова разам з патрабавальнасцю. Аб стратэгічным мысленні як вызначальнай якасці кіраўніка многа і многімі сказана. Не хачу паўтарацца, спыню ўвагу на ключавым моманце: пры любых зменах у сістэме адукацыі дырэктару важна захаваць тое адметнае, чым вызначаецца школа, асноўныя кірункі яе дзейнасці. Але тое, што яна прапаноўвае навучэнцам, павінна даваць якасна. Усё ж галоўная задача і функцыя школы — адукацыйная. Хтосьці не пагодзіцца: а як жа выхаванне? На жаль, многія таты і мамы сёння перакананы ў тым, што школа, настаўнік ледзь не ва ўсім перад імі абавязаны, павінны. Парада бацькам-спажыўцам пастарацца быць патрабавальнымі да сябе выклікае ў іх абурэнне. Гэта ненатуральна. Згодны, настаўнік не можа не выхоўваць — на ўроку пры разглядзе жыццёвых сітуацый і літаратурных твораў, у жыцці на ўласным прыкладзе. Аднак поўнасцю перакладваць функцыю выхавання з сям’і на школу лічу немэтазгодным. Іншая справа — сем’і бываюць розныя. Часам ім неабходна дапамагаць. У навучэнцу трэба паважаць чалавека, у якім бы ўзросце ён ні быў. І трэба памятаць, што лепш дзіця крыху недавучыць, чым недалюбіць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *