Галоўны закон краіны

- 15:23Нам пішуць

15 сакавіка наша краіна адзначае Дзень Канстытуцыі. А дзе ўпершыню было выкарыстана гэтае паняцце?

Самая старая з дзеючых сёння канстытуцый свету — асноўны закон Сан-Марына, які прынялі яшчэ ў 1600 годзе. За яе аснову быў узяты гарадскі статут 1300 года.

Канстытуцыя Злучаных Штатаў Амерыкі, ратыфікаваная штатам Дэлавэр 7 снежня 1787 года, — першая канстытуцыя ў сучасным сэнсе гэтага паняцця. У лік першых канстытуцый у Еўропе ўваходзіць і Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, прынятая 3 мая 1791 года. У тым жа годзе была прынята канстытуцыя ў Францыі.

Слова “канстытуцыя” — ад лацінскага Соnctituz — “усталяванне, будова”. Канстытуцыя замацоўвае арганізацыю дзяржаўнай улады і вызначае яе ўзаемаадносіны з грамадствам і грамадзянамі.

У гісторыі Беларусі было пяць Канстытуцый: 1919, 1927, 1937, 1978, 1994 гадоў. У канцы 80-х — пачатку 90-х гг. ХХ ст. у сувязі з распадам СССР і карэннымі зменамі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця Канстытуцыя БССР 1978 года, якая дзейнічала на той момант, ужо не адпавядала тым працэсам, што адбываліся ў грамадстве. У чэрвені 1990 года парламент краіны, які называўся Вярхоўным Саветам, прыняў пастанову “Аб стварэнні Канстытуцыйнай камісіі”.

15 сакавіка 1994 года адбылося пасяджэнне Вярхоўнага Савета, на якім пераважнай колькасцю галасоў была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. 24 лістапада 1996 года адбыўся рэферэндум, і адным з пытанняў, вынесеных на рэферэндум, былі змены і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Народ падтрымаў ініцыятыву прэзідэнта і прыняў новую рэдакцыю беларускай Канстытуцыі.

Алена ТОЛКІНА,
настаўніца гісторыі Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.