Галоўны аб’ём рамонтных работ выкананы

Больш за 220 аб’ектаў рамантуюць, рэканструююць, мадэрнізуюць, будуюць у межах комплекснага добраўпарадкавання Мазыра. На рабочай нарадзе ў горадзе над Прыпяццю з удзелам старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя абмеркавалі рэалізацыю канцэпцыі комплекснага добраўпарадкавання, якое пачалося летась і працягваецца сёлета. У маштабныя пераўтварэнні ўкладаюцца сродкі рэспубліканскага, абласнога, раённага бюджэтаў. Прынамсі, аб’екты адукацыі ўжо гатовы да новага навучальнага года.

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслана Смірнова, у Мазыры праведзены рамонт 22 устаноў райцэнтра, тры з якіх — установы дашкольнай адукацыі, дзесяць — агульнай сярэдняй, адна — спецыяльнай, дзве — дадатковай адукацыі, чатыры — абласной камунальнай уласнасці, адна — адміністрацыйны будынак цэнтралізаванай бухгалтэрыі аддзела адукацыі. Праведзена таксама рэканструкцыя будынка дадатковай адукацыі. Крыніцы фінансавання — сродкі аблігацыйнай пазыкі і абласны бюджэт. На гэтыя мэты выдзелена амаль Br11 млн, якія былі накіраваны на рамонт дахаў, фасадаў, замену аконных і дзвярных блокаў, агаро­джаў, добраўпарадкаванне тэрыторый. Цяпер галоўны аб’ём работ выкананы, і толькі на асобных аб’ектах завяршаюцца работы па замене агаро­джаў.

Была выканана замена вокнаў у трох яслях-садах горада — №№ 10, 13, 15, у сямі сярэдніх школах —№№ 1, 2, 8, 9, 11, 12, 13, гімназіі імя Янкі Купалы, у будынку цэнтралізаванай бухгалтэрыі. Праве­дзены рамонт дахаў цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, вучэбна-метадычнага цэнтра і цэнтралізаванай бухгалтэрыі. Адноўлены фасады ясляў-садоў №№ 13 і 15, а таксама раённага вучэбна-метадычнага цэнтра і цэнтралізаванай бухгалтэрыі. Адрамантаваны ценявыя навесы ў трох яслях-садах — №№ 10, 13, 15. Там жа, а таксама на тэрыторыі раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, гімназіі і шэрага школ праведзена добраўпарадкаванне.

У адным з будынкаў Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі праве­дзены капітальны рамонт. Акрамя таго, завершаны работы па рэканструкцыі іншага будынка гэтай установы па вуліцы Ленінская, 42. Там будзе створана пастаянная экспазіцыя дзіцячай творчасці і відаў рамёстваў Палесся.

У Мазырскім дзяржаўным ліцэі геалогіі зроблены бягучы рамонт фасадаў інтэрната, усталявана сістэма відэаназірання ў вучэбным корпусе. Для замены двух пасажырскіх ліфтаў у інтэрнаце распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, атрымана станоўчае заключэнне экспертызы. Са сродкаў, прадугледжаных у бюджэце, за кошт пераразмеркавання дадаткова выдзелена Br48 тысяч. Акрамя таго, плануецца накіраваць сродкі для фінансавання работ па замене ліфтаў у IV квартале.

У Мазырскім дзяржаўным ліцэі будаўнікоў зроблены рамонт фасадаў вучэбнага корпуса, даху інтэрната, усталявана сістэма відэаназірання. Плануецца накіраваць Br16 тысяч на завяршэнне работ па бягучым рамонце фасада пераходнай галерэі і агаро­джы.

У Мазырскім дзяржаўным політэхнічным кале­джы праведзены работы па ўсталяванні сістэмы відэаназірання ў вучэбным і грамадска-бытавым карпусах, заменены вокны ў будынку майстэрняў, а таксама зроблены рамонт фасадаў вучэбнага і грамадска-бытавага карпусоў, добраўпарадкавана тэрыторыя. У планах — набыццё будаўнічых матэрыялаў для выканання работ гаспадарчым спосабам у інтэрнаце.

У Мазырскім дзяржаўным абласным ліцэі праведзены работы па рамонце шатровага даху і фасадаў. Распрацоўваецца праектная дакументацыя на замену агароджы, сёлета мяркуецца замяніць ўчастак агароджы цэнтральнай часткі тэрыторыі.

Ідуць работы на шэрагу спартыўных аб’ектаў, у тым ліку ў спарткомплексе СДЮШАР № 2, спартыўнай зале і стадыёне “Юнацтва” СДЮШАР № 1. Тут падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на капрамонт з мадэрнізацыяй і рэканструкцыяй, плануецца замена газона.

Дарэчы, Мазыр увайшоў у пералік адзінаццаці гарадоў краіны для паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага добраўпарадкавання ў вобласці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.