Каля працоўнага стала настаўніцы матэматыкі Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Ганны Аляксандраўны Хадзько заўсёды мнагалюдна. Нават падчас перапынку яе ўвага сканцэнтравана на вучнях. Дапытлівыя падлеткі звяртаюцца да настаўніцы са шматлікімі пытаннямі: ліцэісты дакладна ведаюць, што няма такой жыццёвай задачы, вырашыць якую не дапамагла б іх педагог.
Ганна Аляксандраўна Хадзько скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці “Матэматыка” ў 1997 годзе. Пасля выпуску малады спецыяліст была размеркавана ў Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй, дзе і працуе па сённяшні дзень.
“Вучоба давалася мне лёгка, бо падабалася. Да таго ж мне самой вельмі пашанцавала з настаўнікамі, — расказвае педагог. — Класны кіраўнік, якая выкладала рускую мову, аказала на наш клас вялікі ўплыў. Тады хацелася не толькі вучыць яе прадмет, але і быць падобным да яе”.
Спачатку малады спецыяліст працавала выхавальнікам, шмат часу праводзячы з дзецьмі. Ганна Аляксандраўна ўспамінае, што менавіта ў той час лепш стала разумець прычыны хвалявання вучняў, ёй сталі больш блізкімі іх перажыванні і думкі. Па словах педагога, да яе прыйшло разуменне таго, якім чынам можна дапамагчы падлеткам. Настаўніца пераканана, што гэты вопыт спатрэбіўся, калі пачалася практыка выкладання прадмета і яна стала класным кіраўніком.
Як класны кіраўнік Ганна Аляксандраўна заўсёды ў курсе спраў сваіх вучняў. “Вы толькі паспелі падумаць, што хочаце нешта зрабіць, а я ўжо гэта ведаю”, — час ад часу жартуе Ганна Аляксандраўна.
Пры размове з вучнямі Ганны Хадзько, нельга не заўважыць натхнёнасць і захапленне, з якім падлеткі расказваюць пра сваю настаўніцу.
“Ганна Аляксандраўна была строгай, але ніколі не ставіла перад сабой мэту давесці вучня да стану “вывучу, таму што баюся”. Яна ўмела зацікавіць нават тады, калі тэма была для нас не самай цікавай, заўсёды тлумачыла матэрыял даступна і даходліва. З ёй можна было пагаварыць не толькі пра прадмет, бо яна магла падтрымаць любую гутарку і заўсёды ўсміхалася”, — падзялілася выпускніца ліцэя 2015 года Юліяна Раманава.
З ёй салідарна і стабальніца педагога Вікторыя Саевіч. “Ганна Аляксандраўна — неверагодна цярплівы чалавек. Я ніколі не чула, каб яна павышала голас. І яна нікога не абдзяляла сваёй увагай. Ганну Аляксандраўну любіць увесь наш клас: гэта найлепшы настаўнік, класны кіраўнік і выдатны чалавек.
На думку Ганны Аляксандраўны, добрым урок можна назваць у тым выпадку, калі ёсць адчуванне, што час праведзены не дарма, і ўсё атрымліваецца так, як было запланавана.
“У вачах дзяцей павінна распальвацца зацікаўленасць, а заняткі выклікаць мноства пытанняў, пакідаючы вучням глебу для роздуму, — пераканана настаўнік матэматыкі. Такі падыход педагога да работы дае належныя вынікі. З дапамогай Ганны Аляксандраўны дзеці нават без асаблівых матэматычных здольнасцей старанна і адказна спасцігаюць таямніцы алгебры і геаметрыі, рашаюць задачы і задаюць трапныя пытанні.
Ганна Аляксандраўна заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, трымаючы руку на пульсе свайго прадмета. “Матэматыка — гэта не той прадмет, які даецца лёгка, і пры яго вывучэнні і выкладанні асабліва не расслабішся. Патрэбна пастаянна быць “у тэме”, адказваць на пытанні вучняў, выпраўляць іх памылкі”, — адзначае Ганна Хадзько.
“Настаўнік ні пры якіх умовах не можа быць абыякавым, — запэўнівае педагог, адкрываючы для ліцэістаў захапляльны свет свайго прадмета. А цеплыня ў голасе вучняў і іх удзячнасць — галоўны доказ таго, што яскравым прыкладам гэтага выказвання выступае сама Ганна Аляксандраўна.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.