Выхавальнік санаторнага ясляў-сада № 72 Віцебска Святлана Леанідаўна Крэпская напярэдадні новага навучальнага года атрымала Падзяку кіраўніка дзяржавы. Гэтая навіна стала для педагога поўнай нечаканасцю. “Колькі я працую, працую, здаецца, з аднолькавымі падыходамі. Галоўны крытэрый для мяне — добрасумленнасць, любоў да дзяцей. Гэтаму навучылі мяне бацькі, так падрыхтавалі выкладчыкі ва ўніверсітэце. Стараюся ў кожным дзіцяці бачыць асобу, знайсці іскрынку, закладзены ў ім патэнцыял, здольнасці, і па максімуме развіць іх за тыя гады, што дзеці наведваюць дашкольную ўстанову”.
За гады работы С.Л.Крэпская адзначалася граматамі аддзела адукацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска, гарадскога аддзела і абласнога ўпраўлення адукацыі. Атрымала падзяку Міністэрства адукацыі і шматлікія падзякі гарадскога Савета дэпутатаў.
“У нашым калектыве добра разумеюць, за што была ўзнагароджана наша Святлана Леанідаўна, якая працуе ў садзе на працягу 12 гадоў, — адзначыла загадчык установы Ева Аляксееўна Цалко. — За тое, што яна выдатны педагог, якая замяняе ўсім дзецям маму на час іх знаходжання ва ўстанове. За тое, што яна штодня добрасумленна выконвае свае абавязкі. Яна любіць дзяцей, і малышы адказваюць ёй узаемнасцю. Некаторыя бацькі загадзя становяцца ў так званую чаргу, каб трапіць да Святланы Леанідаўны ў групу, некаторыя робяць гэта нават з першых дзён з’яўлення малыша на свет. Да яе бацькі прыводзяць не толькі першых, але і другіх, трэціх сваіх дзяцей. Узнагародзілі педагога і за прыгожую ўсмешку, якая часта асвятляе яе твар, і за тое, што яна заўсёды добрая і мяккая. Вы толькі паглядзіце, як дзеці размаўляюць з ёй, як гэтыя Вані і Тані вышукваюць жучкоў падчас прагулак на вуліцы, як яны іх разглядаюць, як высаджваюць расаду ў зямельку і назіраюць, што адбываецца з раслінамі. А як прыгожа выхаванцы размаўляюць са Святланай Леанідаўнай на беларускай мове! Калі ладзяцца народныя святы — Каляды, Гуканне вясны і іншыя, — у бацькоў падчас выступленняў дзяцей на роднай мове ад захаплення наварочваюцца слёзы. Святлана Леанідаўна ўваходзіць у творчую групу педагогаў дашкольнай установы па распрацоўцы вопыту этнічнага выхавання дзяцей. Узнагародзілі педагога і за тое, што бацькі дзяцей яе групы амаль не ходзяць на бальнічныя, 90 працэнтаў малышоў штодня наведваюць дзіцячы сад. Сёння Святлана Леанідаўна разам з нашымі медыцынскімі супрацоўнікамі і намеснікам загадчыка ўкараняюць педагагічныя прыёмы неспецыфічнай прафілактыкі парушэнняў апорна-рухальнага апарату і прастудных захворванняў у дзяцей дашкольнага ўзросту. Святлана Леанідаўна Крэпская ў гэтым годзе выпусціла старшую групу, большасць выхаванцаў якой пайшлі ў пачатковыя школы пры гімназіях. А набрала яна малышоў, якім сёння па 3—4 гады, папрацавала з імі літаральна два тыдні, і за гэты час змагла прывучыць да сябе дзетак, улюбіць у сябе”.
“Родам я з Баранавіч. У нас у сям’і педагогаў не было, — расказвае пра сябе Святлана Леанідаўна Крэпская. — Па прыкладзе сяброўкі, якая вырашыла стаць педагогам, пасля 10 класа я паступіла ў педагагічны клас, які быў адкрыты на базе сярэдняй школы № 6 Баранавіч, і скончыла яго з адзнакай. Атрымала пасведчанне, якое давала права працаваць па спецыяльнасці. Праз год, калі мне яшчэ не было 18 гадоў, я прыступіла да работы ў дзіцячым садзе на пасадзе выхавальніка. У той час педагагічныя класы прыраўноўваліся да педвучылішча. Выхаваўчы працэс адчувала і разумела добра. Паколькі ў мяне з малодшым братам розніца ва ўзросце 7 гадоў, давялося займацца яго выхаваннем. Мая працоўная дзейнасць пачалася ў вельмі моцнай дашкольнай установе № 41 баваўнянага камбіната. У той час гэта быў адзіны сад у горадзе, у якім існаваў басейн. Там праводзілася шмат адкрытых мерапрыемстваў, да нас часта прыходзілі студэнты педкласаў, пастаяннымі былі агляды-конкурсы. Там я атрымала сваю першую грамату “Лепшы па прафесіі”, адзнака аб якой была занесена ў працоўную кніжку.
Пасля таго, як выйшла замуж, пераехала ў Віцебск. Паступіла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава на дашкольны факультэт на спецыяльнасць “Выхавальнік-метадыст па дашкольным выхаванні”. Вучылася завочна. Паколькі я прэтэндавала на дыплом з адзнакай, можна было не здаваць дзяржэкзамены, а толькі напісаць дыпломную работу. Кіраўнік маёй дыпломнай работы па тэме “Экалагічнае выхаванне дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту” выкладчык Іна Анатольеўна Шарапава актывізавала мяне да назапашвання педагагічнага вопыту па гэтай тэме”.
Кожны дзень Святлана Леанідаўна ўдзяляе ўвагу маральна-экалагічнаму выхаванню малышоў. Лічыць, што самы дзейсны метад навучання — уласны прыклад: “Калі ты сам будзеш працаваць на зямлі, дзеці гэта ўбачаць, яны цябе падтрымаюць і дапамогуць. Калі ты будзеш нешта майстраваць сваімі рукамі, у тым жа кутку прыроды, на ўчастку, то прыцягнеш да справы і дзяцей. У нас у групе ёсць экалагічны куток. Разам з выхаванцамі мы вырошчваем расаду, высаджваем яе ў зямельку, пасля праполваем градкі, збіраем ураджай. Тэрыторыя дзіцячага садка патанае ў кветках: тут астры і хрызантэмы, гладыёлусы, півоні і цюльпаны. Восенню збіраем калекцыю пладоў і лісця, якую потым выкарыстоўваем на занятках. Я прывучаю захоплена-паважліва глядзець на ўсё, што расце, квітнее, рухаецца, з трывогай і перажываннем успрымаць факты грубых адносін да прыроды. Выхаванцы маёй групы кормяць птушак зімой (бо яны без нас загінуць), падсыпаюць снег да каранёў дрэў, кустоў (каб не змерзлі), ратуюць дажджавых чарвякоў, жукоў (калі мы не аднясём іх у траву, то на іх могуць наступіць)”.
Выхавальнік і дзеці прыдумваюць мноства цікавых гісторый і апавяданняў на экалагічныя тэмы. Напрыклад, Святлана Леанідаўна можа пачаць расказ так: “Я ішла на работу і ўбачыла, як засмучанае зайчаня бегла праз дарогу. Мы ўчора штосьці не так зрабілі. Як вы лічыце, што менавіта было не так?” Вучэбны працэс педагог арганізоўвае так, каб дзеці мелі магчымасць самастойна задаваць пытанні, выказваць гіпотэзы, не баючыся зрабіць памылку. Паводзіны выхаванцаў Святланы Леанідаўны ў штодзённым жыцці (жаданне накарміць кацяня, сабачку, аказаць дапамогу дрэвам, кветкам, насякомым, птушкам — усяму жывому навокал) — гэта і ёсць своеасаблівы вынік выхавання ў дзяцей міласэрнасці.
Выхаванцы Святланы Леанідаўны ідуць у школу добра падрыхтаванымі. У садзе яны асвойваюць азы пісьма, чытання, матэматыкі, беларускую мову, атрымліваюць дадатковыя развіццёвыя паслугі.
“Для мяне не існуе слабых (няздольных) і моцных дзяцей, яны ўсе роўныя, — гаворыць выхавальнік. — Трэба кожнае дзіця ўбачыць, знайсці да яго падыход. Нават калі адзін малыш у чымсьці адстае ад другога, яго трэба падтрымаць сваёй дабрынёй, увагай, любоўю. Важна размаўляць з дзецьмі як з роўнымі. І працаваць так, каб потым не было сорамна глядзець ім у вочы, выхоўваць у кожным з іх асобу, якая будзе адпавядаць запытам сённяшняга часу, каб нашы дзеці выраслі добрымі, сумленнымі і справядлівымі людзьмі”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ.