Галоўны крытэрый — улюбёнасць у сваю справу

- 9:50Дашкольная адукацыя

“Мая работа — гэта маё жыццё!” — сказала загадчык ясляў-сада № 10 Бярозы Святлана Іванаўна Сычык, якая адпрацавала ў сістэме дашкольнай адукацыі больш за 30 гадоў. Справу свайго жыцця яна заўсёды любіла, незалежна ад пасады, якую займала. Доўгі час Святлана Іванаўна курыравала дзейнасць дашкольных устаноў у аддзеле адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага раёна, таму сёння пра кожную з іх гатова гаварыць вельмі шмат. Атрымала і заслужаную ўзнагароду. Напрыканцы студзеня гэтага года калектыў ясляў-сада № 10 Бярозы па выніках работы за 2017 год прызнаны лепшым у краіне. Святлана Іванаўна атрымала грамату Міністэрства адукацыі, якую ёй уручыў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка.

З дзяцінства Святлана Іванаўна Сычык марыла стаць педагогам, скончыла БДУ імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Педагогіка і псіхалогія дашкольная”. З 1986 года на працягу 10 гадоў працавала выхавальніцай у яслях-садзе № 7 Бярозы. Пасля — два гады метадыстам і дзевяць гадоў узначальвала гэтую ўстанову. Менавіта ў той час яслі-сад № 7 стаў лідарам сярод раённых устаноў дашкольнай адукацыі і трапіў на Дошку гонару. У наступныя 10 гадоў (з 2007 па 2017 год) Святлана Іванаўна была галоўным спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага райвыканкама. Курыравала дзейнасць 25 устаноў дашкольнай адукацыі і пяці ВПК “яслі-сад-школа”, дзе выхоўвалася каля 3 тысяч дзяцей і працавала больш за 400 педагогаў. У той перыяд ва ўстановах адукацыі раёна былі адкрыты 18 новых форм адукацыі для дашкольнікаў. З верасня 2017 года Святлана Сычык з’яўляецца загадчыцай ясляў-сада № 10 Бярозы — установы, якая на працягу шасці гадоў займала прызавыя месцы ў рэйтынгу на лепшую дашкольную ўстанову ў вырашэнні задач развіцця адукацыі, якая заявіла пра сябе на абласных і раённых конкурсах, прымала ўдзел у міжнародных конкурсах: аўтарскіх і метадычных распрацовак у сферы дашкольнай педагогікі “Мастацтва выхавання”, інтэрнэт-праекце “Прастора адкрытых магчымасцей”. З 2016 года ў яслях-садзе № 10 Бярозы рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект па тэме “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту ва ўстанове дашкольнай адукацыі”.

Умовы поспеху

“Узнагарода, якую я прыняла з рук міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, належыць калектыву ўстановы адукацыі — педагогам, дзецям і бацькам, усім, хто мае дачыненне да вырашэння адукацыйных задач у нашым яслях-садзе, — падкрэсліла Святлана Іванаўна Сычык. — Што дазволіла нам стаць лепшай установай дашкольнай адукацыі па выніках работы за 2017 год? Сярод галоўных умоў і крытэрыяў — улюбёнасць у сваю справу, высокі адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень педагогаў. Педагагічных работнікаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, у нашым яслях-садзе 87%, вышэйшую адукацыю па профілі работы маюць 76% педагогаў. Вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя — у 20% нашых супрацоўнікаў, першая катэгорыя — у 54%”.

Не менш важная ўмова поспеху — аснашчанасць установы камп’ютарамі з шырокапалосым доступам у інтэрнэт. Калі Святлана Іванаўна стала загадчыцай установы, яна адразу паклапацілася пра прадастаўленне ўсім педагогам свабоднага доступу да інтэрнэту, каб кожны мог падрыхтавацца да заняткаў.

Вядома, што вынікі работы калектыву вымяраюцца і ступенню задаволенасці бацькоў якасцю адукацыі сваіх дзяцей. А гэтая задаволенасць, трэба сказаць, стапрацэнтная! У садзе ёсць і платныя адукацыйныя паслугі па англійскай мове (3 гурткі), па харэаграфіі (4 гурткі), духоўна-патрыятычны гурток “Спадчына” на бясплатнай аснове, на занятках якога дзеці даведваюцца аб каштоўным гістарычным і сацыяльным вопыце беларускага народа, вучацца паважаць дзяржаўную сімволіку краіны, мець актыўную грамадзянскую пазіцыю.

“Па запытах бацькоў ствараюцца новыя формы дашкольнай адукацыі. У маі гэтага года мы плануем адкрыць сезонную пляцоўку, якую на працягу месяца будуць наведваць мамы разам з малышамі да 3 гадоў з мэтай адаптацыі іх да дашкольнай установы, — расказала Святлана Іванаўна. — Будзем вывучаць пажаданні бацькоў на адкрыццё групы выхаднога дня, мамінай школы, а таксама на адкрыццё вячэрняй групы для бацькоў, для якіх графік работы сада нязручны. Наша ўстанова 12-групавая. Для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення ў нас дзейнічае спецыяльная група, а таксама пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Але з верасня, па запыце бацькоў і па рэкамендацыі Бярозаўскага ЦКРНіР, мы плануем адкрыць яшчэ адну групу для дзяцей з маўленчымі парушэннямі”.

Наступны важны паказчык — колькасць дзён, якія прапускаюць дзеці па хваробе за год. У сярэднім у яслях-садзе № 10 Бярозы ён складае 1,3 дня, па вобласці гэты паказчык — 7,5 дня. Яшчэ адзін паказчык, які дазволіў установе выйсці ў лідары, — адсутнасць траўматызму сярод выхаванцаў.

Новыя задачы

“Кожны год мы ставім перад сабой новыя адукацыйныя задачы і вырашаем іх, — адзначыла Святлана Іванаўна. — У 2017/2018 навучальным годзе прадаўжаем работу па развіцці пазнавальнай актыўнасці і творчых здольнасцей выхаванцаў праз далучэнне іх да нацыянальнай культуры. У гэтым пытанні вельмі спадзяёмся на дапамогу бацькоў. Плануем таксама актывізаваць работу педагагічнага калектыву па арганізацыі тэатральна-гульнявой дзейнасці як сродку паспяховага маўленчага развіцця выхаванцаў. Гэтыя задачы мы вырашаем у ходзе рэалізацыі інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту. З гэтай мэтай ва ўстанове створана прадметна-развіццёвае асяроддзе. Функцыянуе міні-музей “Беларуская хатка”, у якім сабраны прадметы побыту беларускага народа, вырабы з гліны, льну, дрэва, саломы, прадметы беларускага народнага ткацтва, вышыўкі, макет беларускага падвор’я. Музей пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі.

У кожнай узроставай групе створаны беларускія куткі, аформлены кніжныя, тэатральна-гульнявыя цэнтры, цэнтры фізічнага выхавання, у якіх прадстаўлены неабходны наглядна-дыдактычны матэрыял. Педагогі сада самастойна распрацоўваюць навукова-метадычнае забеспячэнне, аўтарскія метадычныя работы, дыдактычныя гульні, лэпбукі з мэтай фарміравання ў малышоў першапачатковых уяўленняў і элементарных паняццяў аб гісторыі беларускага народа, яго мастацтве, народных промыслах. Выхавальнікі ладзяць народныя гульні, гульні з беларускімі лялькамі, беларускамоўныя дні, заахвочваюць малышоў да ўдзелу ў народным лялечным тэатры, да выканання народных танцаў, песень, ігры на народных інструментах. У кожнай групе сада прадстаўлены розныя віды тэатраў: пальчыкавы, тэатр масак, тэатр ценяў і настольны, тэатр на лыжках, на фланелеграфе і іншыя — усяго каля 12—15 відаў лялечных тэатраў, якія педагогі вырабляюць сваімі рукамі.

Бацькі выхаванцаў з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі многіх мерапрыемстваў, арганізаваных педагогамі: сямейных вячорак, абрадавых і дзяржаўных свят, выстаў сумеснай творчасці, тэматычных сустрэч, праектаў, дзён адкрытых дзвярэй, кірмашоў. Штоквартальна для бацькоў выходзіць газета “Зямля пад белымі крыламі”.

Яслі-сад № 10 Бярозы ўзаемадзейнічае з аб’ектамі сацыяльна-культурнай інфраструктуры горада і раёна: з сярэдняй школай № 3 Бярозы, у прыватнасці з краязнаўчым музеем, з гарадской дзіцячай бібліятэкай, дзе ўвагу выхаванцаў прыцягвае батлейка. Прадстаўнікі гістарычнага музея праводзяць для дзяцей майстар-класы, напрыклад, па вырабе шчэпавай птушкі-абярэга. Наладжана супрацоўніцтва з паліклінікай, царквой, з прадстаўнікамі МНС, МУС. Калектыў ясляў-сада ўдзельнічае ў дабрачыннай і міратворчай дзейнасці Беларускага фонду міру, за што атрымаў падзячны ліст ад Брэсцкага абласнога аддзялення фонду.

Бачыць кожнага чалавека

“Паспяховы кіраўнік павінен умець слухаць і чуць сваіх калег, з якімі працуе, адчуваць і разумець, чым яны жывуць, якія ў іх праблемы, — адзначае Святлана Іванаўна. — Кіраўнік заўсёды павінен быць у спакойным бадзёрым настроі і ствараць яго сваім супрацоўнікам. Я навучылася так рабіць. Я жыву сваёй работай. Тым не менш гэта не перашкаджае і паўнацэннаму сямейнаму жыццю. У мяне вялікая сям’я — муж, двое дзяцей, нявестка, зяць і чатыры ўнукі. Амаль кожныя выхадныя мы сустракаемся, праводзім шмат часу разам. Ёсць у мяне і захапленне — даглядаць пакаёвыя расліны. Кветкі проста неабходны і дома, і ў дзіцячым садзе. Яны ствараюць утульнасць, дораць цеплыню і прыгажосць. А што сказаць пра кветкі на клумбах, асабліва ў веснавы сонечны дзень! Уражанні цяжка перадаць словамі. Такую ж радасць адчуваюць і дзеці. З нецярплівасцю яны чакаюць з’яўлення новага парастка, лісцейка, кветачкі.

Хутка 8 Сакавіка — свята жанчын, якія ў гэты дзень стануць яшчэ прыгажэйшымі, свята пачатку абуджэння прыроды. У садзе мы правядзём ранішнікі, на якіх будуць мамы, таты, бабулі, дзядулі, педагогі і, зразумела, я. А ўвечары 8 Сакавіка за святочным сталом збярэцца мая дружная сям’я. Сваім блізкім я традыцыйна згатую смачныя тарты”.

Надзея ЦЕРАХАВА.