Галоўныя перамогі наперадзе

- 14:03Навіны рэгіёнаў, Рознае

З чарговай перамогай на прэстыжным турніры вярнулася на днях у родны горад юная магілёўская шахматыстка Вольга Бадэлька. На гэты раз таленавітая навучэнка Магілёўскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па шахматах і шашках стала прызёрам чэмпіянату свету па шахматах сярод дзяўчат да 12 гадоў.

Прэстыжны турнір праходзіў у апошні тыдзень верасня ў горадзе Дурбан (ПАР). Канкурэнцыя была сур’ёзнай: удзел у чэмпіянаце прымалі 80 спартсменак з 35 краін. Тым не менш Вольга Бадэлька ў кожным з тураў чэмпіянату ўпэўнена абыходзіла ў гульні сваіх саперніц. Крыху менш удача ўсміхнулася ёй толькі ўжо на подступах да фінальнай гульні. У выніку — бронзавы медаль чэмпіянату свету.
Дарэчы, Оля — трохразовая чэмпіёнка Беларусі, сярэбраны і бронзавы прызёр першынстваў Беларусі. Асабліва вялікіх поспехаў дабілася дзяўчынка ў хуткіх шахматах. У гэтым кірунку гульні Оля з’яўляецца чатырохразовай чэмпіёнкай і шматразовым прызёрам першынстваў Еўропы. Шмат разоў была дзяўчына чэмпіёнкай і прызёрам першынстваў Беларусі, прычым не толькі ў сваёй узроставай групе, але і сярод дзяўчат да 18 гадоў. Найвышэйшае ж дасягненне таленавітай навучэнкі МАСДЮШАР — 2 месца ў першынстве свету па шахматах сярод дзяўчынак да 10 гадоў у 2012 годзе.
Варта адзначыць, што і ў бягучым годзе Вользе Бадэлька таксама скарыўся шэраг спартыўных вяршынь. Оля паспяхова выступіла на міжнародных турнірах у Гродне і Рызе, дзе змагалася з дарослымі шахматысткамі высокай кваліфікацыі. Па выніках гэтых выступленняў ёй удалося значна павысіць свой рэйтынг: цяпер ён у Олі самы высокі сярод усіх беларускіх дзяўчат ва ўсіх узроставых групах.
Перамогі — справа добрая. Аднак усіх спартыўных дасягненняў магло б і не быць, калі б не плённая праца з таленавітай дзяўчынкай яе трэнераў — Леаніда Саксонава і Святаслава Казака. Леанід Рыгоравіч і Святаслаў Пятровіч сталі займацца з Вольгай у 2009 годзе. Ужо праз пару гадоў прыйшлі першыя значныя вынікі, і сёння ў спартыўнай скарбонцы Вольгі прэстыжных узнагарод шмат. Але яе шахматны геній толькі ў пачатку свайго спартыўнага шляху, а галоўныя перамогі яшчэ наперадзе.

Фота прадастаўлена МАСДЮШАР па шахматах і шашках.