23 мая ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь адбылася прамая тэлефонная лінія міністра адукацыі Сяргея Аляксандравіча Маскевіча. Да кіраўніка адукацыйнага ведамства паступіла звыш 30 пытанняў, многія з іх былі накіраваны на электронны адрас прэс-цэнтра міністэрства загадзя. Да адказу на кожнае пытанне Сяргей Аляксандравіч паставіўся з максімальнай увагай. Адказы міністра адукацыі на найбольш цікавыя пытанні грамадзян прапануем вашай увазе. Пытанні былі самыя розныя. Грамадзяне, якія дазваніліся да міністра адукацыі падчас прамой тэлефоннай лініі, пыталіся пра арганізацыю летняй аздараўленчай кампаніі, якая ўжо не за гарамі, прасілі дапамогі міністра ў працаўладкаванні, цікавіліся асаблівасцямі аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, расказвалі пра неабходнасць збалансаванага харчавання школьнікаў і нават высвятлялі, ці ведае Сяргей Аляксадравіч гісторыю свайго роду.
Чаму лагеры працы і адпачынку для навучэнцаў называюцца менавіта так — лагерамі? Ці не пара нам правесці рэбрэндынг? Якія новыя формы адпачынку для моладзі сёлета запланаваны Міністэрствам адукацыі?
— А мне падабаецца, што ў нас лагеры працы і адпачынку называюцца менавіта лагерамі. А што дрэннага ў словазлучэннях “працоўны лагер”, “працоўны семестр”? Калі ж гаварыць пра новыя формы адпачынку для моладзі, то сёлета мы запланавалі рэспубліканскую акцыю “Разумныя канікулы: адпачывай, загартоўвайся, развівайся”. Мы лічым, што да арганізацыі летняга дзіцячага адпачынку і аздараўлення варта ставіцца як да дзяржаўна важнага і адказнага перыяду ў жыцці дзяцей. Афіцыйнае адкрыццё акцыі адбылося 30 мая ў НДЦ “Зубраня”, прадоўжыцца акцыя да 31 жніўня бягучага года. Яе вынікі мы падвядзём зноў жа ў “Зубраняці” на фестывалі летніх аздараўленчых лагераў “Новы фармат лета”. У рамках фестывалю вынікі сваёй дзейнасці прадэманструюць кругласутачныя і прышкольныя летнікі, адукацыйна-аздараўленчыя цэнтры, лагеры працы і адпачынку, ваенна-патрыятычныя, палатачныя лагеры, летнікі эколага-біялагічнага, мастацкага профіляў і г.д. Будзе паказаны менавіта інавацыйны вопыт работы аздараўленчых лагераў, і пакажуць яго дзеці са сваімі педагогамі. Гэтым летам сумна не будзе ні аднаму дзіцяці.
Я інвалід другой групы, у мяне двое дзяцей-школьнікаў, мы пераехалі ў Магілёў з чарнобыльскай зоны. Раней жылі ў Кастрычніцкім раёне Магілёва, і там нам кожнае лета дапамагалі з аздараўленнем дзяцей — накіроўвалі іх у загарадны аздараўленчы лагер. А вось у Ленінскім раёне горада, дзе мы цяпер жывём, такое не практыкуецца. Нам прапануюць толькі прышкольны летнік. Паколькі мы жывём на маю пенсію па інваліднасці і грашовую дапамогу на дзяцей, то не маем магчымасці самастойна набыць пуцёўкі ў загарадны летнік за поўны кошт. Скажыце, як можна вырашыць нашу праблему?
— Пакіньце, калі ласка, вашы даныя, мы дэталёва разбяромся ў сітуацыі і паспрабуем вам дапамагчы. А наогул, раю бацькам клапаціцца пра летняе аздараўленне дзяцей загадзя і разлічваць уласныя магчымасці.
Сёлета наша дзіця паступае ў гімназію. Скажыце, калі ласка, калі яно не вытрымае конкурсны адбор, ці зможам мы падаць дакументы ў іншую гімназію, дзе прахадны бал крыху ніжэйшы?
— Так, зможаце, аднак толькі ў тым выпадку, калі ў гэтай гімназіі не выкананы кантрольныя лічбы прыёму. У гэтым выпадку кіраўнік установы адукацыі па ўзгадненні з упраўленнем (аддзелам) адукацыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў можа прыняць навучэнцаў, якія не прайшлі конкурсны адбор у іншую гімназію. Пры гэтым агульны бал, атрыманы навучэнцам па выніках правядзення ўступных іспытаў і гадавых адзнак па прадметах, па якіх праводзяцца іспыты, не павінен быць ніжэйшым за прахадны бал у адпаведнай гімназіі.
Я жыву ў Брэсце. Мой унук сёлета заканчвае 9 класаў, мае адзнакі ад 10 да 3. У хлопца слабае здароўе — дрэнны зрок і астма. Такім чынам, па стане здароўя ён не можа выбраць рабочую прафесію. Скажыце, ці ёсць такі закон, які забараняе майму ўнуку ісці ў 10 клас? Ці мае права адміністрацыя школы не прыняць яго ў 10 клас?
— Такога закона, які б забараняў юнаку ісці ў 10 клас, няма. Калі ён напіша заяву, то яго прымуць у 10 клас. З іншага боку, яму трэба яшчэ раз прааналізаваць сітуацыю, зразумець, ці зможа ён вучыцца ў 10 класе. Можа, і праўда яму лепш набыць прафесію пасля 9 класаў. Усё роўна перад ім паўстане пытанне выбару спецыяльнасці. Канечне, з сярэдняй адукацыяй у яго будзе большая альтэрнатыва выбару прафесіі.
Ці плануецца ў будучым увядзенне адзінай школьнай формы? Гэтае пытанне зараз актыўна абмяркоўваецца ў Расіі, ці будуць змены ў нашай краіне?
— Хачу вам нагадаць, што ў Беларусі пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўсіх тыпах агульнаадукацыйных устаноў навучэнцы 1—11 класаў прытрымліваюцца дзелавога стылю адзення. Узоры адзення дзелавога стылю зацвярджаюцца штогод, фотаздымкі мадэляў можна ўбачыць на партале Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па адрасе www.minedy.unibel.by. Увядзенне ж адзінай школьнай формы ў нашай краіне ў найбліжэйшы час не плануецца.
Ці плануецца павялічваць навучальны год? Ходзяць чуткі аб скарачэнні канікул, аб увядзенні практыкі тэрмінам на адзін месяц для старшакласнікаў, якія будуць займацца ў профільных класах.
— Павялічваць навучальны год мы пакуль не плануем. А наконт астатняга — вы самі сказалі, што гэта толькі чуткі. Верыць ім ці не — вырашайце самі.
Скажыце, калі ласка, ці можа студэнт, які правучыўся 5 гадоў на дзённай форме навучання за кошт дзяржаўнага бюджэту, паступіць па сваім выбары ў магістратуру іншай дзяржавы? Ці можна ў такім выпадку адпрацаваць па размеркаванні пасля гэтага навучання?
— Спачатку студэнт, якога дзяржава вучыла 5 гадоў, павінен, так бы мовіць, “аддаць доўг дзяржаве” — адпрацаваць па размеркаванні неабходны тэрмін. А пасля гэтага вы маеце права атрымліваць адукацыю ў той краіне, у якой пажадаеце. Калі ж вы жадаеце працягваць адукацыю ў магістратуры, замест таго каб працаваць па размеркаванні, — паступайце ў магістратуру ў Беларусі.
Дзе можна азнаёміцца з пералікам міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, пераможцы якіх становяцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі? Хто мае права прапанаваць кандыдатаў на саісканне (прыклады арганізацый)? Ці ўлічваюцца пры паступленні ва УВА перамогі на рэспубліканскіх конкурсах, якія не ўключаны ў пералік? Ці мае права пераможца 5 рэспубліканскіх конкурсаў, якія праводзіліся ў год паступлення, але не ўключаны ў пералік, на больш маштабныя перавагі, чым проста прыярытэт пры агульнай колькасці набраных балаў?
— Адказы на вашы пытанні вы знойдзеце на партале Міністэрства адукацыі www.minedy.unibel.by ў рубрыцы “Падтрымка адоранай моладзі”. Што ж тычыцца пераваг пры паступленні для пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў, то тут пакуль правілы не змяніліся. Вы ўсё разумееце правільна: такі пераможца пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі мае прыярытэт пры агульнай колькасці набраных балаў. Думаю, такі выдатны абітурыент не застанецца незаўважаным і ніякія асаблівыя перавагі яму не патрэбны.
У мяне такое пытанне: ці дае Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь накіраванне на вучобу ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Расійскай Федэрацыі абітурыентам з Беларусі?
— І вам таксама раю ўважліва вывучыць інфармацыю, якая маецца на партале Міністэрства адукацыі www.minedy.unibel.by. Звярніце ўвагу на рубрыку “Міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы адукацыі”. Пад гэтай рубрыкай змешчана ўся неабходная інфармацыя пра дзейнасць упраўлення замежных сувязей Міністэрства адукацыі Беларусі, у тым ліку — асаблівасці “Навучання за мяжой”. Звяртаю вашу ўвагу, што там жа вы знойдзеце інфармацыю пра навучанне грамадзян Рэспублікі Беларусь у вышэйшых навучальных установах замежных дзяржаў на наступны навучальны год (дзяржаў — удзельніц ЕўрАзЭС).
Дзіця атрымлівае пенсіённую дапамогу па страце кармільца. Пры самастойным паступленні (г.зн. без накіравання ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь) у ВНУ Расіі яно аўтаматычна страчвае магчымасць атрымліваць дапамогу па страце кармільца да дасягнення 23 гадоў — пакуль вучыцца ва ўстанове вышэйшай адукацыі (на падставе Кодэкса аб пенсіённым забеспячэнні ў рэдакцыі ад 13.07.2012), бо Расія лічыцца замежнай дзяржавай. Існуючым пагадненнем аб супрацоўніцтве ад 21.02.1995 паміж урадамі дзвюх краін не прадугледжаны квоты па абмене навучэнцамі, толькі вызначана колькасць месцаў для беларускіх грамадзян за кошт сродкаў федэральнага бюджэту. Як нам можна вучыцца, не страціўшы грашовую дапамогу?
— Няхай ваш абітурыент паступае ва ўстанову вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Так ён гарантавана не страціць грашовую дапамогу. Вырашыце, што вам больш важна: грашовая дапамога, якую ён атрымае ў Беларусі ў поўным аб’ёме, ці адукацыя за мяжой?
У 11 класе сельскай школы плануюць вучыцца трое навучэнцаў. Ці будзе адкрыты такі клас?
— На маю думку, класаў з вельмі нізкай напаўняльнасцю быць не павінна. Зараз у нашай краіне налічваецца 200 устаноў адукацыі з напаўняльнасцю да 25 навучэнцаў. Акрамя таго, на пачатак навучальнага года ў Беларусі былі адкрыты 392 класы з 1 (!) навучэнцам. Навучанне ў такіх малакамплектных школах з’яўляецца фінансава вельмі цяжкім для дзяржавы. Выпускнікі такіх класаў, дзе вучыліся ад 1 да 5 чалавек, атрымліваюцца “залатымі” — у фінансавым плане. Таму мы ставім задачу не дапускаць адкрыцця з 1 верасня 2013 года 10-11 класаў з напаўняльнасцю да 5 навучэнцаў. Мы лічым, што там, дзе ў класе будзе 5 і менш навучэнцаў, якасць адукацыі забяспечыць немагчыма. Каб забяспечыць неабходную якасць адукацыі, патрэбны матываваны педагог, адукацыйна-выхаваўчае асяроддзе, паўнацэнны дзіцячы калектыў, дзіцячыя грамадскія аб’яднанні.
З іншага боку, мы не адмаўляем магчымасці адкрыцця класа з напаўняльнасцю да пяці чалавек — пры наяўнасці асаблівых падстаў. Упэўнены: у такіх выпадках трэба разбірацца ў кожнай канкрэтнай сітуацыі.