Гамяльчане вярнуліся з узнагародамі

- 12:52Навіны рэгіёнаў

У разнастайнай праграме XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” актыўна ўдзельнічала каманда творчай і спартыўнай моладзі Гомельшчыны.

У фінале фестывалю маладзёжнай творчасці “Агонь маладзёжных талентаў” у намінацыі “Ілюзіянізм” на 1-м месцы — выпускнік сярэдняй школы № 19 Гомеля Іван Чашун. Танцавальны калектыў “АРТ-Фармат” Гомельскага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя вызначыўся адразу ў дзвюх намінацыях — “Сучасная харэаграфія” і “Шоу-праграма” — і заняў ганаровае 3-е месца. У намінацыі “Стрыт-дэнс” 1-е месца заваявала студыя танца Prospect.

У межах міжнароднага фестывалю прайшоў і VIII Адкрыты турнір нацыянальных танцаў “Танцуем разам”. У ім прынялі ўдзел 74 таленавітыя пары з усёй Беларусі. Гомельшчыну прадстаўлялі навучэнцы ўзорнага ансамбля танца “Мілавіца” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці. Яны сталі ўладальнікамі трох дыпломаў I ступені і ўзнагароджаны дыпломамі “За зберажэнне і захаванне беларускай танцавальнай спадчыны”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.